9 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце праходзіць эканамічны форум-практыкум "Стратэгічны партнёр - Кітай". Для ўдзелу зарэгістраваліся больш за 120 прадстаўнікоў бізнесу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Арганізавана пляцоўка, дзе прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі могуць атрымаць пакрокавыя рэкамендацыі для выхаду на кітайскі рынак. Спікеры з Кітая, Беларусі і Расіі ў час дыскусіі адкажуць на ключавыя пытанні, якія датычацца культурных асаблівасцей дзелавой размовы, пабудовы разлікаў, лагістыкі, заключэння кантрактаў. Таксама эксперты раскажуць аб інструментах гандлёвага фінансавання.
"У нас прадметны, аб'ёмны гандаль з Кітаем. Вядома, гэта не першае такое мерапрыемства. На гэтым форуме ў нас каля 20 спікераў - прафесіяналаў у розных сферах. Вельмі важна, што мы змаглі запрасіць рускамоўных кітайскіх спецыялістаў, якія разумеюць, як працуюць беларускі і кітайскі бізнес, што патрэбна для нашых прадпрыемстваў, дзе ёсць кропкі росту, якія ёсць праблемы", - заўважыў намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Віталь Вабішчэвіч. Ён звярнуў увагу, што нюансаў у супрацоўніцтве можа ўзнікаць мноства.
"Сёння ключавое пытанне - выхад з нашай экспартнай прадукцыяй на кітайскі рынак. Форум, у прынцыпе, прысвечаны гэтаму - экспарту, рэгістрацыі нашых харчовых прадпрыемстваў і гэтак далей. Здавалася б, Беларусь і Кітай з пункту гледжання аб'ёму несупастаўныя эканомікі, але па некаторых таварах, напрыклад па сметанковым масле, мы ледзь не ў дзясятку пастаўшчыкоў уваходзім. Сельскагаспадарчая прадукцыя займае даволі важкую долю на кітайскім рынку", - звярнуў увагу намеснік старшыні БелГПП.
Форум выклікаў інтарэс экспарцёраў, вытворцаў, лагістычных аператараў, юрыстаў, фінанавых і іншых спецыялістаў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія працуюць ужо з партнёрамі з Паднябеснай або толькі плануюць выйсці на рынак КНР.
"Кітай прадстаўляе каласальны рынак для Беларусі. Ён шматгранны, і яго асаблівасці трэба разумець, пачынаючы ад менталітэту і звычаяў. Аналіз паказвае, што наш бізнес, на жаль, не зусім гэтыя нюансы ведае. На форуме сабраліся больш за 120 прадстаўнікоў бізнесу, 70 працэнтаў з іх - малы і сярэдні бізнес. Інтарэс вялізны. Пасля заканчэння рэгістрацыі тыя, хто не паспеў, прасілі іх уключыць у спіс удзельнікаў. Гэта ўнікальная магчымасць пачуць ад практыкаў, як правільна наладзіць работу з кітайскімі партнёрамі і атрымаць максімальны эфект", - падкрэсліў генеральны дырэктар Брэсцкага аддзялення БелГПП Валерый Лабун.
Арганізатарам эканамічнага форуму-практыкуму "Стратэгічны партнёр - Кітай" з'яўляецца Беларуская гандлёва-прамысловая палата.