Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

21 Feb 2020

Эстонія плануе ў 2020 годзе павялічыць тавараабарот з Беларуссю да 300 млн еўра

Эстонія плануе ў 2020 годзе павялічыць тавараабарот з Беларуссю да 300 млн еўра
Фота з архiва

21 лютага, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Эстонія плануе ў 2020 годзе павялічыць тавараабарот з Беларуссю да 300 млн еўра. Аб гэтым паведаміла журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эстоніі ў Беларусі Мерыке Кокаеў перад пачаткам бізнес-сустрэчы беларускіх прадстаўнікоў бізнесу з эстонскай дэлегацыяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе мы чакаем росту тавараабароту з Беларуссю прыкладна да 300 млн еўра, тым больш для гэтага ёсць усе магчымасці, трэба павялічваць паказчык узаемнага гандлю. Напрыклад, у 2010 годзе тавараабарот быў 500 млн еўра, таму ў нас ёсць да чаго імкнуцца", - адзначыла кіраўнік эстонскага дыппрадстаўніцтва.

Самым выгадным і перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Эстоніяй, паводле слоў дыпламата, з'яўляецца ўзаемадзеянне ў галіне лічбавай эканомікі. "Нам удалося арганізаваць лічбавы ўрад, і мы гатовы дапамагаць у гэтым напрамку Беларусі. Таксама ў нас ёсць лічбавая медыцына, мы плацім падаткі праз інтэрнэт за дзве секунды, а нашы школьнікі ў бягучым годзе атрымалі лічбавыя падручнікі, і цяпер ім не трэба насіць вялізныя рукзакі", - расказала Мерыке Кокаеў.

Акрамя таго, на яе думку, дзвюм краінам неабходна развіваць супрацоўніцтва ў такіх галінах, як машынабудаванне, лёгкая прамысловасць. "Мы можам працаваць значна больш эфектыўна, і, лічу, няма галіны, у якой нельга было б удасканаліць наша супрацоўніцтва. Мы ўжо чацвёрты год арганізуем бізнес-форум, прадпрыемстваў заўсёды шмат, і яны зацікаўлены ў сумеснай рабоце. Яшчэ адзін напрамак, які варта развіваць, - лагістыка і транспарт. Напрыклад, порт Таліна даўно і вельмі эфектыўна працуе з беларускімі прадпрыемствамі", - сказала пасол.

У бізнес-форуме прымаюць удзел 50 беларускіх кампаній і 8 эстонскіх, якія працуюць у розных напрамках і галінах эканомікі. Як адзначыў кіраўнік эстонскай дэлегацыі Маргус Ільмярв, на сённяшніх перагаворах прысутнічаюць прадстаўнікі сферы лагістыкі, транспарту, металаапрацоўкі, тэкстыльнай і авіяцыйнай галін. "Мінулы раз паміж кампаніямі былі дасягнуты пэўныя дамоўленасці. Так, прадстаўнікі эстонскіх кампаній знайшлі добрых партнёраў з Беларусі, якія займаюцца перапрацоўкай пластыку. Адна з кампаній дамовілася аб куплі беларускіх ягад для вытворчасці джэму", - прывёў ён прыклады. З перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва Маргус Ільмярв назваў сферу ІТ, металаапрацоўку, дрэваапрацоўку, тэкстыльную галіну.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі