Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

17 Стд 2023

Электратранспарт, IT, біятэхналогіі: што прадставяць на выстаўцы "Беларусь інтэлектуальная"

Электратранспарт, IT, біятэхналогіі: што прадставяць на выстаўцы
Фота з архiва

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка навукова-тэхнічных дасягненняў "Беларусь інтэлектуальная" пройдзе ў Мінску 20-22 студзеня. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь - інтэлектуальная краіна. Гэта пацверджана не толькі нашым навуковым патэнцыялам, але і вынікамі ў розных галінах эканомікі. Няўжо можна без моцнага інтэлектуальнага фундаменту развіваць машынабудаванне, электроніку, нафтахімію ў сучасных умовах? - задаў рытарычнае пытанне Сяргей Чыжык. - Каб прадэманстраваць найноўшыя навуковыя распрацоўкі беларускіх вучоных, студэнтаў, паказаць дасягненні навукі, у мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы мы арганізуем выстаўку "Беларусь інтэлектуальная". Яна пройдзе ў Нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа" на працягу трох дзён - 20-22 студзеня. У выхадныя мінчанам, у тым ліку школьнікам, будзе зручна яе наведаць".

Выстаўка будзе міжведамаснай. "Нацыянальная акадэмія навук - гэта далёка не ўся навука ў краіне. У краіне зарэгістравана 239 навуковых арганізацый, 78 з іх - НАН, 35 - Міністэрства адукацыі, 26 - Міністэрства аховы здароўя, 18 - Мінпрам і гэтак далей. Мы прапанавалі ўсім удзельнічаць", - адзначыў першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН.

Экспазіцыя арганізавана па розных кластарах. У іх ліку - штучны інтэлект, IT-тэхналогіі, робататэхніка; інавацыйнае прыборабудаванне; электратранспарт і яго базавыя кампаненты; абараназдольнасць і ваенная навука; экалогія, прыродакарыстанне; біятэхналогіі; фармацыя, ахова здароўя, медыцына; аграпрамысловы комплекс, прадукты харчавання; прастора маладзёжных ініцыятыў. Чакаецца, што на выстаўцы будзе прадстаўлена каля 400 узораў, уключаючы буйнагабарытную тэхніку.

"Ад Акадэміі навук будуць узоры электратранспарту: два каркасныя электрамабілі і спорткар. Узровень іх лакалізацыі блізкі да 90 працэнтаў. І самае галоўнае, будуць прадстаўлены кампаненты. Гэта нашы эфектыўныя электрарухавікі, якія прыняты на вытворчасць "Магілёўліфтмашам", айчынная электроніка (завод "Вымяральнік"). Кампаненты прадставяць і рэзідэнты "Вялікага каменя". Пакажам, як рушылі наперад па электранакапляльніку. Сёння гэта ключавое пытанне. Літый-іонныя ячэйкі для батарэй у асноўным пастаўляюцца з Кітая. А мы прадставім натрый-іонныя ячэйкі: літый замяняецца на натрый, інакш кажучы, больш танны матэрыял. Гэта пакуль лабараторны вынік", - звярнуў увагу Сяргей Чыжык.

Акрамя таго, будуць паказаны новыя матэрыялы, у прыватнасці беларускія ізумруды. "Нам удаецца вырасціць сапраўды буйныя, памерам з грэцкі арэх", - дадаў вучоны.

"Фізікі змогуць паказаць на выстаўцы зусім новыя рэчы, напрыклад, па перадачы інфармацыі з дапамогай лазера ў космасе. На выстаўцы будзе прадстаўлена і сістэма хуткага тэст-аналізу на вірус шляхам сканіравання прабірак з узорамі. Будуць паказаны звышадчувальныя цеплавізарныя сістэмы, а таксама дальнамеры, якія вымяраюць адлегласць на працягу 1 км з дакладнасцю да міліметраў. На выстаўцы прадэманструюць і сістэмы для выяўлення ваганняў, у прыватнасці ў раёне БелАЭС", - расказаў першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў, як выбіралі для прасторы маладзёжных ініцыятыў. "У першую чаргу мы звярталі ўвагу на дзяцей, якія з'яўляюцца ўладальнікамі прэзідэнцкіх стыпендый, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, пераможцамі рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Прадстаўлена ВНУ, акадэмічная і галіновая навука. У асноўным праекты пабудаваны на міжведамасным узаемадзеянні. У нашай краіне вучоныя і рэальны сектар эканомікі працуюць у звязцы", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў міністра, будуць прадстаўлены тэхналогіі для асваення касмічнай прасторы. У прыватнасці, відэаспектральнае абсталяванне, якое сёння выкарыстоўваецца на расійскім сегменце МКС. Будзе прэзентаваны і другі нанаспадарожнік БДУ. Таксама будзе вялікі блок распрацовак для прамысловасці, у тым ліку новыя агрэгаты для павелічэння здабычы нафты, дабаўкі для вытворчасці ўнікальных шкловалаконных матэрыялаў. Акрамя таго, будуць прадстаўлены імпланты, пратэзы, распрацоўкі ў галіне ДНК-вакцыны для лячэння анкалагічных захворванняў. Распрацоўшчыкі пакажуць і біяраскладальную ўпакоўку, у тым ліку біяраскладальны аналаг тэтрапака. На выстаўцы будуць прадстаўлены і харчовы 3D-прынтынг для персаналізаваных прадуктаў харчавання, лінейка ўгнаенняў, праграмны апаратны модуль для стварэння аўтаматызаванай сістэмы абыходжання і забеспячэння аптымальных рэжымаў вырошчвання раслін як у дамашніх, так і ў цяплічных умовах.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў адзначыў, што Беларусь мае вялікі інтэлектуальны патэнцыял. "Такія мерапрыемствы, як маючая адбыцца выстаўка, выклікаюць вялікі інтарэс. Нам ёсць што паказаць. Асноўная мэта ДКНТ - павышэнне эфектыўнасці навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, на гэта мы нацэльваем і нашы падведамныя арганізацыі. Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы (БелІСА) прадставіць на выстаўцы шэраг інфармацыйных сістэм. У іх ліку "Адзіная экспертыза" і іншыя. Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці прэзентуе сетку цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый", - праінфармаваў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі