14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмай XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 25 і 26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці, вызначана "Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў - аснова ўстойлівага развіцця Беларусі і Расіі". Аб гэтым паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў ходзе першага пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Форуму рэгіёнаў, якое прайшло ў Савеце Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў спікера, выбраная тэма форуму як ніколі актуальна. У сваім выступленні на другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пры звароце з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу выразна сказаў, што самае галоўнае - гэта эканоміка. Таму тэмай форуму і выбраны менавіта эканамічны складнік.
"Вы ведаеце, якую ўвагу ўдзяляе Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка пытанням узаемадзеяння (на ўзроўні. - Заўвага БЕЛТА) рэгіянальнага супрацоўніцтва. Калі прыязджаюць дэлегацыі з Расійскай Федэрацыі пад кіраўніцтвам губернатараў, Прэзідэнт заўсёды сустракаецца і вызначае стратэгічныя пытанні развіцця з тым ці іншым рэгіёнам", - адзначыла Наталля Качанава.
Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, беларускі бок актыўна працуе па гэтых пытаннях. Створана міжпарламенцкая камісія. Ключавым у ходзе Форуму рэгіёнаў з'яўляецца падпісанне кантрактаў, пагадненняў - менавіта гэта і вызначае рэгіянальнае супрацоўніцтва. "Я заўсёды гавару: форум - гэта вяршыня айсберга, калі мы падпісваем кантракты, пагадненні і падводзім вынікі таго, што зроблена за год пры рэалізацыі дамоўленасцей, якія былі дасягнуты ў ходзе правядзення папярэдняга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі", - адзначыла спікер.
Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Уладзіслаў Татарыновіч у каментарыі журналістам пасля пасяджэння адзначыў, што на гэты момант праводзіцца неабходная арганізацыйная работа пры падрыхтоўцы да Форуму рэгіёнаў. Арганізатарамі выступаюць Савет Рэспублікі і Савет Федэрацыі.
Адзначана, што форум традыцыйна будзе праходзіць на працягу двух дзён. Першы дзень плануецца прысвяціць паўнацэннай рабоце секцый - іх будзе дзесяць па розных напрамках, у тым ліку эканоміка, прамысловасць, сельская гаспадарка, турызм, аздараўленне. Паводле слоў Уладзіслава Татарыновіча, гэтыя блокі ўяўляюць сабой узаемную цікавасць для дзвюх краін, паколькі па іх бачыцца добры патэнцыял на будучыню. У другі дзень форуму плануецца правесці пленарнае пасяджэнне, каб фіналізаваць адпрацаваныя на секцыях пытанні.




"Мы ведаем даручэнне, устаноўкі кіраўніка дзяржавы: усе дзяржорганы павінны працаваць на развіццё эканамічнага патэнцыялу. Форум за папярэдні перыяд зарэкамендаваў сябе як добрая, канструктыўная пляцоўка для адпрацоўкі гэтых пытанняў, новых напрамкаў супрацоўніцтва, дамоўленасцей, маштабавання ўжо дзеючых напрамкаў, па якіх мы актыўна ўзаемадзейнічаем на ўзроўні краін. Мы плануем максімальна задзейнічаць патэнцыял", - сказаў Уладзіслаў Татарыновіч.
Мінулагодні форум, які праходзіў у Ніжнім Ноўгарадзе і быў прысвечаны маладзёжнай палітыцы, паказаў добрыя вынікі, адзначыў намеснік старшыні Савета Рэспублікі. Падпісана кантрактаў на суму каля Br900 млн. "Ніжэй за гэты ўзровень у бягучым годзе мы не павінны апусціцца. Сёння на гэтым акцэнтавалі ўвагу прадстаўнікоў міністэрстваў, дзяржорганаў, аблвыканкамаў, прадпрыемстваў, каб работа ўжо цяпер праводзілася. Мы возьмем яе на пастаянны кантроль", - сказаў ён.
Уладзіслаў Татарыновіч дадаў, што сітуацыя будзе на пастаянным кантролі - ад падрыхтоўкі да рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей.
Паводле слоў старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталлі Якубіцкай, для Мінскай вобласці вялікі гонар і адказнасць прымаць XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. "Мы вельмі сур'ёзна рыхтуемся. Створана рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксея Кушнарэнкі. Туды ўваходзяць кіраўнікі ўсіх службаў", - расказала яна.
Наталля Якубіцкая падкрэсліла, што Мінская вобласць ставіць перад сабой задачу раскрыць эканамічны, інвестыцыйны, турыстычны патэнцыял не толькі непасрэдна вобласці, але і ўсёй краіны. Гасцям абавязкова пакажуць традыцыі, гісторыю і культуру. Пляцоўкамі для правядзення секцыйнай работы вызначаны буйнейшыя брэндавыя прадпрыемствы, такія як ААТ "БЕЛАЗ", СЗАТ "БЕЛДЖЫ", Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Будуць задзейнічаны ўстановы аховы здароўя і адукацыі.
"Мы перакананы ў тым, што дастойна забяспечым правядзенне Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Эканоміка будзе ў аснове асноў. Самае галоўнае - гэта вынік, гэта кантракты, гэта новыя віды канкурэнтаздольнай прадукцыі, новыя прадпрыемствы", - склазала на заканчэнне Наталля Якубіцкая.