Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

23 Ліс 2016

ЕБРР плануе пашырыць дыяпазон работы ў Беларусі за кошт праектаў у сферы ЖКГ і ІТ

23 лістапада, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) плануе пашырыць дыяпазон работы ў Беларусі за кошт праектаў у сфере жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інфармацыйных тэхналогій, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі.

"Беларусь - важная краіна для ЕБРР. У верасні наш савет дырэктараў зацвердзіў новую краінавую стратэгію - гэта было важнае рашэнне. Раней у нас былі сур'ёзныя абмежаванні па рабоце з дзяржсектарам Беларусі. Цяпер яны зняты, і мы можам пашырыць сферы дзейнасці", - падкрэсліў кіраўнік прадстаўніцтва банка і растлумачыў, што размова ідзе як аб дзяржсектары, так і новых праектах з прыватнымі кампаніямі.

Так, еўрапейскіх банкіраў зацікавіла сфера ІТ-тэхналогій. "Гэта складаны сектар, працаваць з ім у выглядзе крэдытаў не так лёгка, але мы зноў хацелі б на яго паглядзець. Пакуль складана сказаць, будуць гэта праекты з беларускім Паркам высокіх тэхналогій або прыватнымі кампаніямі. Мы плануем прывезці калег, якія займаюцца гэтым сектарам, каб правесці перагаворы і з ПВТ, і з прыватнымі кампаніямі", - адзначыў Аляксандр Піваварскі.

Таксама кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР нагадаў, што банк пачаў у Беларусі маштабныя праекты ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у прыватнасці водазабеспячэння. Першы з іх стартаваў у 2012 годзе ў трох беларускіх гарадах - Віцебску, Баранавічах і Слоніме. У кастрычніку 2016 года пачаўся другі этап праекта, калі да яго далучыліся яшчэ тры гарады - Ліда, Полацк і Орша, якім ЕБРР выдзяляе крэдыты на агульную суму 21 млн еўра на рэканструкцыю інфраструктуры водазабеспячэння і водаадвядзення. "Работу мы на гэтым не спынім і плануем пашыраць праект, магчыма, да яго далучацца і іншыя гарады. Наша работа ў муніцыпальнай сферы Беларусі ўнікальная, бо звычайна мы пачынаем рэалізоўваць праекты ў сталіцы. Але тут мы пачалі з рэгіёнаў і ў нейкай ступені гэтым ганарымся - гэта важны прыклад, што ў краінах, якія знаходзяцца ў пачатковай стадыі рэформ, можна працаваць і ў рэгіёнах, дзе ёсць кваліфікаваныя кадры, і дасягнуць добрых вынікаў", - канстатаваў ён. Пры гэтым Аляксандр Піваварскі расказаў, што банк плануе пачаць праекты і ў Мінску. У прыватнасці, размова ідзе аб рабоце па зніжэнні энергаёмістасці ў розных сферах - ад водазабеспячэння да асвятлення вуліц.

Акрамя таго, кіраўнік прадстаўніцтва нагадаў, што цяпер ЕБРР вядзе актыўную работу па перадпрыватызацыйнай падтрымцы двух беларускіх банкаў - Белінвестбанка і Банка Масква-Мінск. "Гаварыць пра новыя праекты ў фінансавай сферы пакуль рана, трэба завяршыць пачатую ўжо работу. Перад намі стаіць задача выканаць праект з Белінвестбанкам як мага лепш, бо ён стане прыкладам работы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі", - паведаміў ён.

Аляксандр Піваварскі таксама расказаў, што ЕБРР цяпер займаецца аналізам сітуацыі на трох дзяржаўных прадпрыемствах, якія былі прапанаваны беларускім урадам для правядзення перадпрыватызацыйнай падрыхтоўкі ("Мастоўдрэў", БВБА і "Крыніца". - Заўвага БЕЛТА). "Работа па іх знаходзіцца на розных стадыях. Па адным мы ўжо зрабілі ўнутраны аналіз і перадалі яго вынікі ўраду, цяпер абмяркоўваем наступныя крокі. Размова ідзе пра "Мастоўдрэў". Па іншых прадпрыемствах мы ў пачатковай стадыі, цяпер шукаем кансультантаў, якія маглі б правесці іх аналіз. Для нас гэтыя тры прадпрыемствы - ужо даволі вялікі адрэзак работы, гаварыць пра іншыя - пакуль рана. Калі зробім хоць адно якасна, каб усе пераканаліся, што гэта добра і для краіны, і для інвестараў, і для банка, тады будзем глядзець і на новыя прадпрыемствы", - рэзюмаваў ён.

Семінар ЕБРР і FGG па рэформе воднай гаспадаркі прайшоў сёння ў Мінску. У ім прынялі ўдзел спецыялісты ЕБРР, групы кансультантаў FGG, беларускіх міністэрстваў, прадстаўнікі водаканалаў. Галоўнай тэмай абмеркавання стаў праект праграмы карпаратыўнага развіцця і зніжэння затрат у сферы воднай гаспадаркі Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі