Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

26 Ліс 2021

Дрожжа: у Беларусі і Арменіі ёсць рэзервы для нарошчвання ўзаемнага гандлю

Дрожжа: у Беларусі і Арменіі ёсць рэзервы для нарошчвання ўзаемнага гандлю
Фота з архiва

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі і Арменіі ёсць рэзервы для нарошчвання ўзаемнага гандлю. Аб гэтым паведаміў падчас пасяджэння міжурадавай беларуска-армянскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве міністр лясной гаспадаркі Беларусі, сустаршыня міжурадавай камісіі Віталь Дрожжа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўнымі прыярытэтамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва нашых краін, Беларусі і Арменіі, з'яўляюцца ўмацаванне пазіцый беларускіх і армянскіх экспарцёраў на рынках нашых дзяржаў, пашырэнне тавараправоднай сеткі, супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, навукі і тэхналогій. Пры гэтым знешнегандлёвая статыстыка бягучага года паказвае, што нам трэба прыкласці значныя намаганні для аднаўлення і прымнажэння двухбаковага гандлю. Па выніках студзеня - верасня бягучага года назіраецца нязначны рост узаемнага гандлю - 4,5 працэнта. Ёсць значныя рэзервы, якія нашым краінам неабходна выкарыстоўваць для больш сур'ёзнага павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю", - сказаў Віталь Дрожжа.

На яго думку, экстэнсіўны шлях развіцця гандлю за кошт павелічэння паставак традыцыйных груп тавараў сябе зжывае і трэба ўваходзіць у кааперацыйныя праекты. "Гэта гарантуе нам доўгатэрміновае і плённае супрацоўніцтва, не настолькі схільнае да кан'юнктурных ваганняў, як просты гандаль", - падкрэсліў міністр.

Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў Арменію ў студзені - верасні 2021 года сталі малочная прадукцыя, мэбля, вылічальныя машыны для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі і лекавыя сродкі. У сваю чаргу з Арменіі Беларусь імпартуе спіртныя напіткі, адходы і лом медны, спецыфічныя тавары.

Назіраецца і рост армянскіх інвестыцый у Беларусь. Па выніках паўгоддзя аб'ём іх паступлення ў эканоміку склаў $10,6 млн (плюс 16,4 працэнта). Акрамя таго, у Беларусі дзейнічае 46 прадпрыемстваў з армянскім капіталам, у тым ліку 11 сумесных і 35 замежных арганізацый.

Папярэдняе пасяджэнне міжурадавай камісіі адбылося крыху больш за год таму. Тады былі намечаны праекты і арыенціры, якія далі б магчымасць захаваць дынаміку двухбаковага супрацоўніцтва на працягу няпростага перыяду пандэміі. Па выніках 2020 года двухбаковы тавараабарот склаў $82,3 млн і ў параўнанні з 2019-м павялічыўся больш як на 13 працэнтаў. Экспарт з Беларусі ў мінулым годзе вырас больш як на 9 працэнтаў - да $57,5 млн. Дадатнае сальда склала $32,7 млн. "Павялічана частата авіяпералётаў па маршруце Мінск - Ерэван - Мінск. Цяпер рэйсы выконваюцца штодзень", - дадаў Віталь Дрожжа.

Акрамя таго, ААТ "Магілёўліфтмаш" паставіла 500 камплектаў ліфтавага абсталявання ў Арменію па праграме мадэрнізацыі ліфтавай гаспадаркі Ерэвана, пачата прапрацоўка пытання стварэння ў Арменіі сумеснай зборачнай вытворчасці. Забяспечаны ўзаемны рост паставак сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі. Прадоўжана развіццё супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі, аховы здароўя і навукі дзвюх краін. Таксама ўзгоднена праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам адукацыі, навукі, культуры і спорту Арменіі. "Разам з тым эпідэміялагічная сітуацыя не дала магчымасці выканаць мерапрыемствы, якія прадугледжвалі абмен візітамі дэлегацый абодвух бакоў. Спадзяюся, што мы зможам запоўніць гэты прабел", - адзначыў міністр.

Міністр эканомікі Арменіі, сустаршыня міжурадавай камісіі Ваган Керабян у сваю чаргу адзначыў, што Беларусь і Арменія маюць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. "Ёсць шмат пытанняў, дзе нашы інтарэсы супадаюць і мы можам сумесна іх развіваць у ЕАЭС. Хацеў бы таксама адзначыць магчымасці нашага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, напрыклад, учора мы абмяркоўвалі магчымасці гандлю з Іранам, Кітаем і іншымі краінамі. Яшчэ адзін важны момант - выкананне праграм урада Арменіі па развіцці інфраструктуры, прамысловасці. У гэтым напрамку ёсць вялікія магчымасці для беларускіх кампаній. Кааперацыйныя праекты цяпер будуць мець асаблівае значэнне для нашых краін", - падкрэсліў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі