Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

31 Кст 2017

Долю інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці прадпрыемстваў плануецца павысіць да 25 працэнтаў

31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Долю інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў плануецца павысіць да 25 працэнтаў, паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Рыбак у час круглага стала на тэму "Праблемы ўкаранення айчынных інавацый прадпрыемствамі прамысловасці краіны", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Высокая доля інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме прадукцыі, выпускаемай прадпрыемствамі, - залог устойлівага росту ВУП, канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў. На сёння гэта доля знаходзіцца на ўзроўні каля 16 працэнтаў. Цяпер у распрацоўцы стратэгія развіцця навукі і тэхнікі да 2040 года, там ставіцца задача давесці гэты ўзровень да 25 працэнтаў", - сказаў Андрэй Рыбак.

Ён выказаў меркаванне, што неабходна наладзіць дыялог паміж прадпрыемствамі і навуковай грамадскасцю. "Сёння мы запрасілі прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і Нацыянальнай акадэміі навук, арганізавалі дыскусійную пляцоўку для абмеркавання тых мер, якія неабходна прыняць для больш актыўнага ўкаранення інавацый у прамысловасць. На аснове гэтага мы сфармулюем пэўныя прапановы па змяненнях у заканадаўчую базу", - дадаў дэпутат.

Першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык адзначыў, што супрацоўніцтва навукі і прадпрыемстваў павінна адбывацца па ўзаемнай ініцыятыве. "Калі прадпрыемства хоча быць канкурэнтаздольным, яно будзе працаваць у гэтым напрамку, будзе імкнуцца вырабляць інавацыйную прадукцыю. Але гэта, вядома, патрабуе ўкладання сродкаў і падбору кваліфікаваных кадраў. Акрамя таго, інавацыі заўсёды маюць на ўвазе пэўную рызыку", - падкрэсліў ён. Таксама ён звярнуў увагу на важнасць стымулявання працы вучоных, якія распрацоўваюць інавацыйную прадукцыю.

"Нам трэба дапрацаваць механізм дзеяння дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, - заявіў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэй Касоўскі. - У нас не вырашана пытанне рызык. А для стварэння сапраўды прарыўных інавацый вучоным трэба браць на сябе вельмі высокі ўзровень рызыкі".

Намеснік генеральнага дырэктара па тэхналогіі і якасці ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія" Алена Перацягіна ў сваю чаргу выказала меркаванне, што для больш эфектыўнай работы прадпрыемстваў па ўкараненні інавацый у вытворчасць неабходна скарачэнне тэрмінаў узгаднення дзяржаўнага фінансавання. Таксама яна звярнула ўвагу на праблему падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для вытворчасці інавацыйнай прадукцыі.

У круглым стале на тэму "Праблемы ўкаранення айчынных інавацый прадпрыемствамі прамысловасці краіны" прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства прамысловасці, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, канцэрна "Белнафтахім", шэрага вытворчых прадпрыемстваў. Прадстаўнікі дзяржаўных органаў, навукі і рэальнага сектара эканомікі абмеркавалі патрабаванні прадпрыемстваў да айчынных інавацый і праблемы, якія перашкаджаюць укараненню інавацый у вытворчасць.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі