10 кастрычніка, Душанбэ /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім фармаце заклікаў лідараў краін Садружнасці ўмацоўваць эканамічны фундамент, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У аснове многіх, калі не ўсіх, сучасных канфліктаў - эканоміка і канкурэнцыя. Каб выстаяць у гэтай барацьбе, забяспечыць устойлівае развіццё і павышэнне дабрабыту ўсіх нашых краін, трэба ўмацоўваць эканамічны фундамент і паглыбляць гандлёвае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, вытворчую кааперацыю", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
"Давайце не страцім тое, што напрацавана пакаленнямі нашых людзей. Давайце бачыць партнёраў у першую чаргу адзін у адным, максімальна пашыраць узаемадзеянне без усялякіх закрытых тэм", - заклікаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на "шалёны санкцыйны націск Захаду", спробы забіць клін паміж краінамі СНД пагрозамі другасных санкцый, у Садружнасці ў бягучым годзе захоўваюцца станоўчыя тэмпы эканамічнага росту - 2,2 працэнта за студзень - ліпень.
Тым не менш, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, трэба нарошчваць запас трываласці эканомік. Ён нагадаў свой тэзіс аб тым, што галоўнае - гэта эканоміка. "Мы так ці інакш упіраемся ў пытанне нашай сумеснай дзейнасці ў эканоміцы ў рамках (былога. - Заўвага БЕЛТА) Савецкага Саюза, агульнага рынку. Размова тут не ідзе аб вяртанні да таго парадку, які быў у Савецкім Саюзе. Але агульны рынак жа быў глабальны, вялізны. Можа, нам адкінуць усялякія незразумелыя роздумы-разважанні і заняцца нарэшце пытаннямі эканомікі, улічваючы тое, што патрэбна кожнаму з нас?" - прапанаваў ён.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў выпадку выпрацоўкі агульнай стратэгіі ўдасца аднавіць эканамічную прастору з улікам пажаданняў усіх дзяржаў і выбудаваць скаардынаваныя дзеянні на міжнароднай арэне ў галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым, падкрэсліў ён, ні ў якім разе не трэба закранаць амбіцыі кожнай з дзяржаў СНД. "Але гэта трэба пачынаць рабіць цяпер", - заявіў беларускі лідар.
Акрамя таго, Прэзідэнт вітаў прыняцце на пасяджэнні дэкларацыі аб супрацоўніцтве ў сферы забеспячэння рэгіянальнай энергетычнай бяспекі. Ён таксама нагадаў, што 29 верасня ў Мінску зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгіі эканамічнага развіцця СНД да 2030 года.