5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2025 годзе дасягнуты гістарычны максімум ВУП - больш за $90 млрд. Чакаецца рэкордны аб'ём экспарту за 10 гадоў - больш як $50 млрд, і ўпершыню экспарт паслуг дасягнуў $11,2 млрд. Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва выраслі на 23,4 працэнта. Папярэднія вынікі 2025 года і пяцігодкі ў інтэрв'ю часопісу "Экономика Беларуси" падвёў міністр эканомікі Юрый Чабатар.
"Нягледзячы на глабальную турбулентнасць і ўсе складанасці - пандэмія каранавіруса, беспрэцэдэнтны санкцыйны націск, разрыў лагістычных ланцужкоў, мы завяршаем пяцігоддзе з нядрэннымі вынікамі. Галоўны вынік - гэта рост эканомікі, павышэнне дабрабыту і якасці жыцця грамадзян", - адзначыў міністр эканомікі і прывёў ключавыя лічбы.
Дасягнуты гістарычны максімум значэння ВУП больш за $90 млрд. Нарасцілі экспарт тавараў і паслуг - паводле ацэнкі, за пяцігоддзе на 35 працэнтаў. У 2025 годзе чакаецца рэкордны аб'ём экспарту за 10 гадоў - больш як $50 млрд. Забяспечаны запуск інвестыцыйнага цыкла: інвестыцыі ў асноўны капітал трэці год запар паступаюць тэмпамі, якія ў разы перасягаюць рост ВУП. Гэта працуе на павышэнне канкурэнтаздольнасці, з'яўленне новых відаў прадукцыі, умацаванне базы для развіцця на будучыню.
"Устойлівая работа эканомікі дала магчымасць забяспечыць добрую дынаміку рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва - на 23,4 працэнта пры планах 20,2 працэнта. Гэтаму таксама садзейнічаў строгі кантроль за інфляцыйнымі працэсамі", - прадоўжыў Юрый Чабатар.
Умацоўваецца эканамічны патэнцыял дзяржавы. Прадукцыя прамысловасці і прадукцыйнасць працы па ВУП таксама растуць апераджальнымі тэмпамі - паводле ацэнкі, за пяцігоддзе на 15,2 працэнта і 13,7 працэнта адпаведна.