Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

15 Стд 2018

БУТБ і тайваньская біржа TAIFEX падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні

15 студзеня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" (БУТБ) і Тайваньская ф'ючарсная біржа (TAIFEX) падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Мэта мемарандума - устанаўленне партнёрскіх адносін і наладжванне супрацоўніцтва абмену інфармацыяй, карысным вопытам і перадавымі тэхналогіямі ў сферы біржавога і электроннага гандлю.

"Усходняя Азія - гэта вялікі рынак, які ўносіць важкі ўклад у сусветную эканоміку. Асвойваць яго ў адзіночку было б вельмі складанай задачай, таму было прынята рашэнне заручыцца падтрымкай моцнага стратэгічнага партнёра, што дапамог бы нам замацавацца ў гэтым рэгіёне. Выбар упаў на тайваньскую біржу TAIFEX, якая мае неабходныя кампетэнцыі, вопыт і аўтарытэт у дзелавых колах", - адзначыў старшыня праўлення БУТБ Аркадзь Салікаў.

Паводле яго слоў, супрацоўніцтва выгадна абодвум бакам. "Аб'яднаўшы намаганні, мы зможам не толькі ўмацаваць нашы пазіцыі на ўсходнеазіяцкім і беларускім рынках, але і стварыць спрыяльныя ўмовы для росту тавараабароту", - дадаў кіраўнік БУТБ.

У сваю чаргу старшыня праўлення TAIFEX Лен-Ю Лю заявіў, што падпісанне мемарандума стане пачаткам доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і дасць магчымасць абодвум біржам значна пашырыць геаграфію дзелавых кантактаў. "Для БУТБ і TAIFEX гэта магчымасць атрымліваць актуальныя даныя і аналітыку па рынках. На працягу апошніх 20 гадоў TAIFEX распрацавала шэраг запатрабаваных прадуктаў і дабілася значных поспехаў на рынку дэрыватываў. Упэўнены, што рэгулярны абмен інфармацыяй і цеснае ўзаемадзеянне ў сферах узаемнага інтарэсу дапаможа БУТБ і TAIFEX рэалізаваць патэнцыял і павысіць эфектыўнасць сваёй дзейнасці", - сказаў ён.

Тайваньская ф'ючарсная біржа заснавана ў 1997 годзе. Займаецца арганізацыяй і правядзеннем біржавых таргоў з дапамогай шырокага спектра фінансавых інструментаў, уключаючы ф'ючарсы і апцыёны на акцыі, індэксы цэн, каштоўныя металы і валюты. У 2017 годзе на таргах TAIFEX рэалізавана больш за 265 млн кантрактаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі