Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

9 Сак 2022

БУТБ і Санкт-Пецярбургская валютная біржа вызначылі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва

БУТБ і Санкт-Пецярбургская валютная біржа вызначылі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва
Фота з архiва

9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння паміж дзвюма біржавымі пляцоўкамі вызначаны па выніках візіту кіраўніцтва Санкт-Пецярбургскай валютнай біржы (СПВБ) у цэнтральны офіс Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

Акрамя абмену інфармацыяй, вопытам і тэхналогіямі ў сферы біржавога гандлю, бакі выказалі зацікаўленасць ва ўстанаўленні стратэгічных партнёрскіх адносін, накіраваных на павышэнне ролі біржавога механізма ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і рэгіёнамі Расіі - у першую чаргу Ленінградскай вобласцю і непасрэдна Санкт-Пецярбургам.

"Па выніках мінулага года Ленінградская вобласць выйшла на другое месца сярод рэгіёнаў Расіі па суме ажыццёўленых здзелак і на трэцяе - па колькасці акрэдытаваных кампаній. Вядома ж, мы не маем намеру спыняцца на дасягнутым і прадоўжым работу па прыцягненні на нашу пляцоўку ўдзельнікаў з Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці ў цэлым. Асноўны ўпор будзем рабіць на пакупнікоў малочнай прадукцыі, якія ў 2021 годзе актыўна набывалі беларускае сухое малако і сметанковае масла, а таксама на пастаўшчыкоў шроту алейных і кармавых дабавак, запатрабаваных у жывёлагадоўчай галіне. Інакш кажучы, мы вельмі зацікаўлены ў нарошчванні аб'ёмаў біржавога гандлю з рэгіёнамі РФ, і, на мой погляд, менавіта ў гэтай сферы мы зможам супрацоўнічаць найбольш эфектыўна", - заявіў старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі ў ходзе перагавораў з дэлегацыяй СПВБ.

Такая прапанова была поўнасцю падтрымана расійскім бокам. Пры гэтым, на думку кіраўніка СПВБ Барыса Ярышэўскага, на гэтым этапе важна вызначыцца з фарматам супрацоўніцтва, які максімальна ўлічваў бы інтарэсы абедзвюх біржаў і іх доўгатэрміновыя мэты.

"Цяпер мы працуем толькі на грашовым і фондавым рынках, але ў перспектыве хацелі б стаць універсальнай біржай і гандляваць як фінансавымі, так і таварнымі інструментамі. Прычым асаблівы інтарэс для нас уяўляюць спотавыя здзелкі з фізічнай пастаўкай тавару. Лічу, што Беларусь у гэтым плане ідзе на крок наперадзе Расіі, дзе тэрміновы рынак займае львіную долю ў агульным аб'ёме біржавога гандлю. Таму вопыт, набыты вашай біржай, вельмі каштоўны для нас. Мы, у сваю чаргу, гатовы дзяліцца нашымі напрацоўкамі ў галіне клірынгу і разлікаў, а таксама прадаставіць у ваша распараджэнне нашу сетку дзелавых кантактаў. Таму наша ўзаемадзеянне будзе ў любым выпадку ўзаемавыгадным, галоўнае - вызначыцца з фарматам, які задаволіў бы абодва бакі", - падкрэсліў кіраўнік СПВБ.

Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб выпрацоўцы магчымых схем узаемадзеяння паміж БУТБ і СПВБ з улікам стратэгій развіцця абедзвюх біржаў, іх тэхнічных магчымасцей і асаблівасцей заканадаўства, якое рэгламентуе дзейнасць біржавых пляцовак у Беларусі і Расіі.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі