Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

1 Кст 2015

Больш як 200 кампаній прадставяць прадукцыю на выставачнай пляцоўцы Беларускага транспартнага тыдня ў 2015 годзе

1 кастрычніка, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Прадукцыя больш як 200 кампаній будзе прадстаўлена на выставачнай пляцоўцы Беларускага транспартнага тыдня ў 2015 годзе. Аб гэтым у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміў першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Яўген Рагачоў.

"У гэтым годзе на выставачнай пляцоўцы будуць прадстаўлены прадукцыя і паслугі больш як 200 кампаній з Германіі, Аўстрыі, Казахстана, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых еўрапейскіх краін", - расказаў першы намеснік кіраўніка ведамства. Ён звярнуў увагу, што ўпершыню ў праграму форуму ўключана міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Транспартная інфраструктура".

Яўген Рагачоў адзначыў, што ў гэтым годзе Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву старшыні КНР аб стыкоўцы стратэгій развіцця дзвюх краін і рэалізацыі канцэпцыі эканамічнага пояса Шаўковага шляху - "глабальнай ідэі, якая прадугледжвае стварэнне інфраструктурнай сеткі ад заходніх граніц Кітая праз Сярэднюю Азію ў Еўропу". "Патэнцыял транспартнай інфраструктуры і лагістычнай сістэмы Беларусі, перспектывы ўдзелу нашай дзяржавы ў праекце "Эканамічны пояс Шаўковага шляху" - асноўныя напрамкі, на якіх будзе засяроджана ўвага Міністэрства транспарту і камунікацый у бліжэйшыя гады, і гэта тыя пытанні, якія прапануюцца да абмеркавання на пленарнай дыскусіі і іншых мерапрыемствах Беларускага транспартнага тыдня", - канстатаваў першы намеснік міністра.

Беларускі транспартны тыдзень пройдзе з 6 па 8 кастрычніка 2015 года ў Футбольным манежы ў Мінску. Форум уключае IX Міжнародную спецыялізаваную выстаўку "Транспарт і лагістыка-2015", IV Міжнародную спецыялізаваную выстаўку "Лагістычны інжынірынг-2015", I Міжнародную спецыялізаваную выстаўку "Транспартная інфраструктура-2015" і IX Беларускі транспартна-лагістычны кангрэс.

У час форуму запланаваны двухбаковыя сустрэчы кіраўніка Мінтранса Беларусі Анатоля Сівака з міністрам транспарту і камунікацый Літвы Рымантасам Сінкявічусам і міністрам зносін Латвіі Анрыйсам Мацісам. Чакаецца, што ў мерапрыемствах Беларускага транспартнага тыдня прыме ўдзел генеральны сакратар Міжнароднага саюза аўтамабільнага транспарту (МСАТ) Умберта дэ Прэта. На сустрэчы Анатоля Сівака з Умберта дэ Прэта, у прыватнасці, прадугледжваецца разгледзець пытанні бягучай сітуацыі на міжнародным рынку аўтатранспартных паслуг і перспектывы развіцця аўтамабільных перавозак грузаў у рэгіёне Еўразіі.

Паводле даных ЗАТ "Тэхніка і камунікацыі", у 2014 годзе ў выстаўках "Транспарт і лагістыка" і "Лагістычны інжынірынг" прынялі ўдзел 114 арганізацый з 11 краін. Удзельнікамі былі транспартна-лагістычныя цэнтры, вытворцы і дылеры аўтатэхнікі, пастаўшчыкі абсталявання для аснашчэння лагістычных цэнтраў, страхавыя кампаніі, адміністрацыі марскіх партоў і ўпраўленні чыгунак з СНД, блізкага і далёкага замежжа. Акрамя індывідуальных стэндаў кампаній, на выстаўцы былі прадстаўлены Нацыянальны стэнд Латвіі і калектыўны стэнд Клайпедскага порта і партовых кампаній. Упершыню ў выстаўцы ўдзельнічалі 8 кампаній з Польшчы, што размясціліся на аб'яднаным стэндзе.

У цэлым у мінулым годзе выстаўкі наведала больш як 8 тыс. прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый розных галін эканомікі, органаў дзяржкіравання, навучальных, навукова-даследчых і праектных інстытутаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі