Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

16 Feb 2022

"БКМ Холдынг" прэзентаваў электрагрузавік


16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння адбылася прэзентацыя першага грузавога электрамабіля вытворчасці "БКМ Холдынг" Vitovt Truck Electro Prime, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Электрычны грузавік прадстаўлены ў дызайнерскім рашэнні тэхнікі лінейкі Vitovt. У гэтай камплектацыі габарыты машыны складаюць 10 500x2600x4000 мм, аб'ём кузава-фургона - 44 куб.м, грузападымальнасць электрагрузавіка - 7800 кг, максімальная скорасць 90 км/гадз. Ён аснашчаны цягавым электрарухавіком асінхронным з максімальнай магутнасцю 180 кВт. Тып батарэі - LiFePO4, ёмістасць - 273 кВт/гадз. Прабег на адным зарадзе дасягае да 200 км. У рэжыме ўнутрыгарадской эксплуатацыі сярэдні расход электраэнергіі складае 1,1 кВт/гадз (прабег можа быць зменены па патрабаванні заказчыка). Для забеспячэння хуткай зарадкі грузавы электрамабіль аснашчаны дзвюма зараднымі разеткамі CCS Combo 2. Пры выкарыстанні дзвюх разетак адначасова зарадная сесія складае каля 90 мінут, пры выкарыстанні адной разеткі павялічваецца ў два разы адпаведна.

Унутраная аддзелка кабіны выканана з сучасных высакаякасных матэрыялаў, адпавядае сусветным тэндэнцыям у галіне дызайну і эрганомікі кабін грузавых аўтамабіляў. Працоўнае месца вадзіцеля абсталявана вадкакрышталічнымі дысплэямі і панэллю кіравання touch-screen, мультымедыйнай сістэмай. Сядзенне вадзіцеля аснашчана пнеўмападвескай, падгалоўнікам, паяснічнай падтрымкай, падагрэвам і мае восем розных рэгулёвак. Таксама ў кабіне ёсць два пасажырскія сядзенні. Для адпачынку вадзіцеля ўстаноўлена адкідное спальнае месца. У кабіне ёсць кліматычная сістэма з функцыяй клімат-кантролю і атмасферная LED-падсветка.

У гэтай камплектацыі электрагрузавік таксама абсталяваны безключавым доступам у кабіну, сістэмай непрамога агляду - лічбавымі люстэркамі, знадворнымі і ўнутранымі светлавымі прыборамі на базе LED-тэхналогій, процітуманнымі фарамі з функцыяй падсветкі бакавога павароту.

Грузавы электрамабіль Vitovt Truck Electro Prime абсталяваны сістэмай беспілотнага кіравання ADAS Lv.1. з функцыямі адаптыўнага круіз-кантролю і аўтаматычнага экстраннага тармажэння, электроннай кіруемай пнеўматычнай падвескай ЕLC з магчымасцю рэгулявання ўзроўню пагрузачнай пляцоўкі, тармазной сістэмай з электронным кіраваннем (электроннай тармазной сістэмай EBS з антыблакіровачнай сістэмай ABS, з функцыямі сістэмы кантролю цягі ATC, DTC), сістэмай дапамогі пры заездзе на ўхіл Hill holder. 

"Вялікі прамежак часу мы прысутнічалі ў пасажырскім электратранспарце, але ставілі перад сабой і іншыя мэты. Адна з задач, якая рэалізавана сёння на Мінскім аўтазаводзе і "Белкамунмашы", гэта новы сегмент прадукцыі, грузавы электратранспарт, - сказаў міністр прамысловасці Пётр Пархомчык. - Пры пастаноўцы задачы мы падзялілі гэта пытанне на дзве часткі. У прыватнасці, распрацоўкай грузавікоў да 5 т займаўся МАЗ, а ад 5 т да 10 т - "БКМ Холдынг".

Паводле яго слоў, у бягучым годзе пастаўлена задача па сертыфікацыі гэтых узораў. "Мы плануем гэту работу ажыццявіць у першым паўгоддзі, у другім - правядзём маркетынгавыя даследаванні для таго, каб  сфарміраваць пакет заказаў на 2023 год. Вядзецца вельмі добрая работа з гандлёвымі сеткамі, якія маюць патрэбу ў такім транспарце. Мы ўпэўнены, што тая тэхніка, якая сёння была паказана, будзе выкарыстана ў вялікіх аб'ёмах. Важна, што гэта новыя, так званыя зялёныя тэхналогіі, дзякуючы якім паветра ў нашым горадзе і абласных цэнтрах стане значна чысцейшым", - канстатаваў ён.

Як адзначыў міністр, сёння Беларусь не адстае, а нават апярэджвае вытворцаў, якія займаюцца тэмай электратранспарту ў СНД. "Прэзідэнт падпісаў указ па падтрымцы продажаў электратранспарту. Гэты механізм працуе, створаны вельмі добрыя ўмовы. Калі ўзяць сегмент легкавога электратранспарту, на 1 снежня 2021 года ў Беларусі зарэгістравана ўжо 2490 адзінак такой тэхнікі. У асноўным гэта былы ў выкарыстанні транспарт, які набылі спажыўцы. Таму адна з задач, якую мы цяпер вырашаем, - гэта пераход на айчынны легкавы электратранспарт", - акцэнтаваў увагу кіраўнік Мінпрама.

У сваю чаргу генеральны дырэктар прадпрыемства Алег Быцко падкрэсліў, што "Белкамунмаш" заўсёды стараўся ісці ў нагу з часам. "Сёння мы выходзім на новыя рубяжы - гэта грузавы электрычны транспарт. Наша задача - забяспечыць эканамічную эфектыўнасць эксплуатацыі гэтага транспарту. Мы працуем над тым, каб выйсці на той кошт, які дасць магчымасць за кошт эканоміі энергарэсурсаў акупіць розніцу ў кошце электрычнага грузавіка і звычайнага дызельнага", - сказаў ён.

Першы намеснік гендырэктара па вытворчасці Дзмітрый Паркоў адзначыў: "Гэта новая вяха ў гісторыі нашага прадпрыемства. Да гэтага мы выраблялі ўсю лінейку электрычнага транспарту, акрамя электрагрузавікоў. Мы прынялі рашэнне і хочам выйсці на рынак з зусім новым прадуктам. Лічым, што ён будзе вельмі запатрабаваным. Машына ультрасучасная, там прыменены найноўшыя канструктарскія рашэнні ў галіне электрычнага аўтамабілебудавання. У прыватнасці, кампазітныя матэрыялы, батарэі ўласнай вытворчасці, магчымасць адначасова зараджацца ад двух зарадных устройстваў, а таксама розныя магчымасці па працягласці прабегу ў залежнасці ад пажаданняў заказчыка. Цяпер мы гаворым, што гэта 200 км, але калі будуць пажаданні спажыўцоў і для рынку гэта будзе запатрабавана, мы гатовы павялічваць прабег без пагаршэння характарыстык - грузападымальнасці, хуткасці зарадкі і г.д.".

Паводле яго слоў, ад пачатку распрацоўкі да вытворчасці першага ўзору прайшоў роўна год. "Цяпер будуць выпрабаванні, сертыфікацыя і далейшы выхад на рынак", - дадаў Дзмітрый Паркоў.

Член наглядальнага савета холдынга Уладзімір Кароль адзначыў, што сёння "БКМ Холдынг" - гэта брэнд краіны, прадпрыемства далёка вядома за межамі Беларусі. "Мы гэтага дасягнулі дзякуючы нашаму высокапрафесійнаму калектыву. Нашы супрацоўнікі маюць каласальны вопыт і пастаянна развіваюцца", - падкрэсліў ён.

"БКМ Холдынг" з'яўляецца вядучым вытворцам гарадскога электрычнага транспарту: электробусаў, тралейбусаў, трамваеў і зараднай інфраструктуры. Пры вытворчасці транспарту выкарыстоўваюцца толькі перадавыя тэхналогіі ў галіне машынабудавання  з выкарыстаннем камплектуючых вядучых сусветных вытворцаў. Прадукцыя прадпрыемства адпавядае ўсім асноўным патрабаванням, што прад'яўляюцца да сучаснага гарадскога электратранспарту: бяспека, экалагічнасць, эканамічнасць у эксплуатацыі і працяглы тэрмін службы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі