Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

20 Май 2019

БКК падпісала мемарандум з CNAMPGC па пастаўках у Кітай калійных угнаенняў у кантэйнерах

БКК падпісала мемарандум з CNAMPGC па пастаўках у Кітай калійных угнаенняў у кантэйнерах

20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Беларуская калійная кампанія" падпісала мемарандум з кітайскай CNAMPGC па пастаўках у КНР калійных угнаенняў у кантэйнерах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БКК.

"Са студзеня 2019 года БКК і яе ключавы партнёр на кітайскім рынку, кампанія CNAMPGC, пачалі тэставы перыяд кантэйнерных паставак, які пацвердзіў вялікі патэнцыял гэтага напрамку сумеснай работы і прывёў да падпісання новага мемарандума аб супрацоўніцтве паміж БКК і CNAMPGC, накіраванага на развіццё кантэйнерных адгрузак на рынак КНР", - паведамілі ў прэс-службе.

Дакумент прадугледжвае пастаўкі ў Кітай больш як паўмільёна тон калійных угнаенняў у кантэйнерах з 2019 па 2023 год. "Гэта з'яўляецца значным аб'ёмам для такога тыпу адгрузак. Пагадненне стала важкім дадаткам да раней падпісанага пяцігадовага мемарандума аб супрацоўніцтве па пастаўках калійных угнаенняў у адрас CNAMPGC", - дадалі ў прэс-службе.

У Беларускай калійнай кампаніі таксама адзначылі, што развіццё кантэйнерных адгрузак калію ў Кітай уяўляе сабой перспектыўны напрамак, паколькі стварае больш высокі ўзровень сэрвісу. БКК удзяляе вялікую ўвагу арганізацыі кантэйнерных паставак у цэлым: па выніках 2018 года гэты від адгрузак складае каля 10 працэнтаў ад агульнага экспарту.

Мемарандум падпісалі генеральны дырэктар Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец і намеснік генеральнага дырэктара CNAMPGC Ван Бэй.

Падпісанне дакумента адбылося ў час візіту кіраўніцтва Усекітайскай асацыяцыі кааператываў забеспячэння ACFSMC і кампаніі CNAMPGC у Беларусь 16-19 мая, якое наведала БКК і азнаёмілася з вытворчасцю ААТ "Беларуськалій".

Гаворачы аб рэзультатах беларускага пастаўшчыка на рынку КНР, старшыня Савета дырэктараў ACFSMC Ван Ся сказала: "Па меры змянення структуры попыту на ўгнаенні ў Кітаі адраснае і высокаэфектыўнае лагістычнае суправаджэнне ўжо стала важнай патрэбнасцю. У сувязі з гэтым мы вельмі рады падпісанню мемарандума аб супрацоўніцтве паміж БКК і CNAMPGC у частцы паставак калійных угнаенняў у кантэйнерах, мы ўпэўнены, што такі фармат стане новай вяхой у нашым супрацоўніцтве. Акрамя таго, упэўнены, што ў далейшым CNAMPGC будзе своечасова і эфектыўна папулярызаваць высакаякасную прадукцыю БКК на рынку спажыўцоў, што дасць магчымасць унесці сумесны ўклад у павышэнне якасці і эфектыўнасці кітайскай сельскай гаспадаркі на гэтым важным этапе мадэрнізацыі структуры рынку ўгнаенняў".

Алена Кудравец, падкрэсліваючы важнасць візіту прадстаўнічай дэлегацыі і падпісання новага дакумента, адзначыла: "Наша плённае супрацоўніцтва з ACFSMC і CNAMPGC заснавана на ўзаемным імкненні да пастаяннага развіцця і росту. Кантэйнерныя пастаўкі ствараюць новую нішу ў нашым ўзаемадзеянні, а падпісаны мемарандум стане яшчэ адным крокам у развіцці калійнага бізнесу CNAMPGC у Кітаі. Са свайго боку БКК мае намер прадоўжыць аптымізацыю паставак калію на рынак КНР, удасканальваючы лагістычныя рашэнні, адаптуючыся да патрэбнасцей сельскай гаспадаркі гэтай краіны і пацвярджаючы шырокія перспектывы ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і КНР".

Беларуская калійная кампанія - адзін з буйнейшых экспарцёраў калію ў свеце. Паводле вынікаў 2018 года доля БКК у сусветным экспарце калійных угнаенняў склала рэкордныя 20,5 працэнта. Геаграфія экспарту БКК складае амаль 130 краін.

Асацыяцыя кааператываў забеспячэння КНР - дзяржаўны орган, задачай якога з'яўляецца забеспячэнне сельскай гаспадаркі ўсімі неабходнымі сродкамі вытворчасці, уключаючы ўгнаенні, сродкі аховы, абсталяванне. Асацыяцыя знаходзіцца ў прамым падпарадкаванні Дзяржаўнага савета КНР, фактычна выконваючы функцыі спецыялізаванага міністэрства.

CNAMPGC - гандлёвы орган Асацыяцыі кааператываў забеспячэння і адзін з буйнейшых ігракоў на рынку мінеральных угнаенняў Кітая.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі