6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Белмытсэрвіс" і шматфункцыянальны марскі перагрузачны комплекс "Бронка" заключылі новае пагадненне аб супрацоўніцтве, якое адкрывае беларускім экспарцёрам прамы і тэхналагічны выхад да марской гавані Балтыйскага рэгіёна, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе РУП "Белмытсэрвіс".
Дакумент замацоўвае за прадпрыемствам поўны доступ да інфраструктуры порта, што ўваходзіць у лік транспартных вузлоў Паўночнага Захаду Расіі, якія найбольш дынамічна развіваюцца. Цяпер спецыялісты офіса лагістыкі прадпрыемства маюць магчымасць не толькі бесперашкодна накіроўваць транспартныя сродкі на тэрыторыю тэрмінала, але і задзейнічаць увесь спектр перагрузачных магутнасцей порта пры фарміраванні мультымадальных маршрутаў.
"Новы ўзровень партнёрства дае магчымасць не толькі апрацоўваць шырокую наменклатуру грузаў: ад генеральных і навалачных да кантэйнерных паставак, але і скарачаць транзітны час за кошт наладжаных унутраных рэгламентаў. Гэта робіць порт "Бронка" надзейным хабам для нарошчвання аб'ёмаў беларускага экспарту ў краіны далёкага замежжа", - расказалі на прадпрыемстве.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўкараненню сучасных ІТ-рашэнняў. На тэрыторыі порта ўжо функцыянуе сэрвіс дыстанцыйнага афармлення заявак і спадарожнай дакументацыі, што дае магчымасць скараціць час прастояў транспарту, мінімізаваць папяровы дакументаабарот і павысіць празрыстасць лагістычных працэсаў для кліентаў.