5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Вене адбылося падпісанне дэбютнага пагаднення паміж ААТ "ААБ Беларусбанк" і Аўстрыйскім кантрольным банкам (ОеКВ), у адпаведнасці з якім беларускаму боку прадастаўляецца крэдыт на фінансаванне экспартна-імпартных здзелак паміж беларускімі і аўстрыйскімі суб'ектамі гаспадарання пад гарантыю Міністэрства фінансаў Аўстрыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ААТ "ААБ Беларусбанк".
З боку Беларусбанка пагадненне падпісаў старшыня праўлення Сяргей Пісарык. Аўстрыйскі бок быў прадстаўлены членам праўлення - генеральным дырэктарам Рудольфам Шольтэнам і супрацоўнікамі адпаведных бізнес-падраздзяленняў ОеКВ.
"Такія гарантыі - выключны, беспрэцэдэнтны выпадак, гэта сведчанне высокага даверу адносна нашага банка, прызнання яго дзелавой рэпутацыі. Для нас такое дэбютнае пагадненне - выхад на новы ўзровень адносін у сферы міжнароднага бізнесу", - цытуе прэс-служба словы Сяргея Пісарыка. У цэлым рэалізацыя гэтай здзелкі будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню і развіццю супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, упэўнены ў Беларусбанку.
OeKB створаны ў 1946 годзе. З'яўляецца спецыялізаванай установай Аўстрыі, асноўны напрамак дзейнасці якой - прасоўванне аўстрыйскай прамысловай прадукцыі на замежныя рынкі праз прадастаўленне страхавога пакрыцця па экспартных крэдытах. Асаблівасць OeKB - сумяшчэнне функцый экспартнага страхавога агенцтва і банка.
Гісторыя Беларусбанка пачынаецца ў 1922 годзе. Сёння гэта буйная ўніверсальная фінансава-крэдытная ўстанова, якая актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўных праграм, інвестыцыйных праектаў, ажыццяўляе крэдытаванне найважнейшых галін прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, сацыяльнай сферы.