30 лістапада, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні паставак тавараў крытычнага імпарту, у прыватнасці рыбы, з Астраханскай вобласці. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц па выніках пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Астраханскай вобласці Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нас цікавяць пазіцыі, у якіх мы адчуваем дэфіцыт, - ахалоджаная, марожаная, сушаная рыба. Беларусь закупляе тыя віды рыбы, якія не разводзяцца ў нас. Было б правільна, калі б мы звярнулі ўвагу кіраўніцтва Астраханскай вобласці на неабходнасць узмацнення гэтай пазіцыі", - адзначыў Леанід Заяц. Ён канстатаваў, што Беларусь таксама зацікаўлена ў пастаўцы сваёй прадукцыі на астраханскі рынак.
Паводле слоў Леаніда Зайца, пасяджэнне рабочай групы паказала, што ў Беларусі і Астраханскай вобласці ёсць дастатковая колькасць рэзервовых магчымасцей для супрацоўніцтва.
Міністр нагадаў, што летам 2014 года ў Астрахані адкрыўся Беларускі гандлёвы дом. "Гандлёвы дом працуе добра, але пакуль яшчэ недастаткова. Нам неабходна ўзмацняць пазіцыі. У нас шмат агульных інтарэсаў", - рэзюмаваў Леанід Заяц.