У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

9 Крс 2019

Беларусь у студзені-лютым экспартавала ў Казахстан тавараў і паслуг на суму больш за $91 млн

Беларусь у студзені-лютым экспартавала ў Казахстан тавараў і паслуг на суму больш за $91 млн

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт беларускіх тавараў і паслуг у Казахстан за студзень - люты 2019 года склаў $91,1 млн, застаўшыся практычна на ўзроўні паказчыкаў за аналагічны перыяд мінулага года. Разам з тым больш як на 5 працэнтаў павялічыўся беларускі экспарт у Казахстан без уліку нафты і нафтапрадуктаў, дасягнуўшы $90,2 млн. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Казахстане.

Ключавымі пазіцыямі беларускага экспарту ў першыя два месяцы бягучага года сталі малако і малочныя прадукты, трактары і седлавыя цягачы, грузавыя аўтамабілі, мэбля, лекавыя сродкі, машыны і механізмы для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур, замарожаная ялавічына, нафтапрадукты, шыны.

Знешнегандлёвае сальда складваецца дадатным для нашай краіны - плюс амаль $78 млн. Гэта абумоўлена зніжэннем у студзені-лютым імпарту з Казахстана больш як на 26 працэнтаў да $13,2 млн.

У цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін характарызуецца пазітыўнай дынамікай. Казахстан традыцыйна ўваходзіць у дзясятку асноўных знешнегандлёвых партнёраў Беларусі і знаходзіцца на трэцім месцы сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны).

За мінулы год істотна вырас аб'ём казахстанскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі - да $18,8 млн, што ў 4,8 раза больш, чым у 2017-м. З іх прамыя інвестыцыі перасягнулі $18,3 млн (рост у 5,2 раза), у тым ліку на чыстай аснове - каля $1,4 млн (рост амаль у тры разы).

Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае больш за 40 суб'ектаў, створаных з удзелам беларускага капіталу, а таксама звыш 170 суб'ектаў дылерскай сеткі. Функцыянуюць восем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання (БелАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", МАЗ, "Бабруйскаграмаш" і іншыя).

У Беларусі дзейнічаюць 45 прадпрыемстваў з казахстанскім капіталам, у тым ліку 13 сумесных і 32 замежныя. У Казахстане працуюць 256 кампаній з беларускім удзелам.

У пасольстве спадзяюцца, што двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва надасць значны імпульс развіццю па выніках маштабнай выстаўкі беларускіх тавараў Made in Belarus, якая адкрылася ў Алматы. Больш за 50 беларускіх прадпрыемстваў прадстаўляюць у павільёне "Атакент" амаль 300 брэндаў прадукцыі.

Мінскі трактарны завод, напрыклад, прэзентуе сельскагаспадарчую тэхніку, адаптаваную для ўмоў Казахстана, - трактар BELARUS 921.3. Ён значна меншы па габарытах у параўнанні з тэхнікай класічнай вытворчасці, што дае магчымасць апрацоўваць сады і вінаграднікі. БелАЗ дэманструе на выстаўцы натурныя ўзоры 90-тонных самазвалаў серыі 7558, якія паспяхова працуюць на кар'ерах Казахстана.

Сваю прадукцыю прадстаўляе і прадпрыемства "Гарызонт". Яго тэлевізары пад маркай Horizont ужо пастаўляюцца ў Казахстан. У 2019 годзе плануецца пастаўка каля 10 тыс. тэлевізараў з распазнаваннем 4К і функцыяй Smart TV. Акрамя таго, прадпрыемства арганізуе выпуск тэлевізараў на кантрактнай аснове для буйных сетак па продажы бытавой тэхнікі і электронікі Казахстана. У бліжэйшы час плануецца адкрыццё цэнтра сэрвіснага абслугоўвання Horizont у Казахстане.

Актуальныя пытанні супрацоўніцтва дзелавыя колы абмяркуюць на казахстанска-беларускім бізнес-форуме, які таксама праходзіць гэтымі днямі ў Алматы. Бакі праводзяць перагаворы на тэму вытворчай кааперацыі, стварэння сумесных прадпрыемстваў у сельскагаспадарчай сферы, горназдабыўной прамысловасці. Размова ідзе і аб рэалізацыі інфраструктурных праектаў, трансферы тэхналогій і навукова-тэхнічным узаемадзеянні, узаемных інвестыцыях і фінансаванні экспартных паставак, развіцці супрацоўніцтва ў ахове здароўя і турызме.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску