Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

25 Кст 2025

Беларусь робіць стаўку на пашырэнне прамкааперацыі з Казахстанам

Беларусь робіць стаўку на пашырэнне прамкааперацыі з Казахстанам
Фота з архiва

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь робіць стаўку на пашырэнне прамкааперацыі з Казахстанам. Аб гэтым заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Першы інфармацыйны" першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рынак Казахстана, адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра, цікавы і важны для Беларусі. Многія нішы ўжо асвоены беларускімі прадпрыемствамі і цяпер стаіць задача замацавацца на гэтым рынку. "Асновай супрацоўніцтва з'яўляецца прамкааперацыя. Казахстанскі бок справядліва чакае, што мы будзем лакалізоўваць тэхніку вытворчасці МТЗ, "Гомсельмаш" "Бабруйскаграмаш", "ПАЖСНАБ", МАЗ. Гэта нашы стандартныя драйверы эканамічнага машынабудаўнічага росту, - звярнуў увагу Мікалай Снапкоў. - Разважанні казахстанскага боку справядлівыя. Усе хочуць лакалізацыі вытворчасцей, стварэння новых рабочых месцаў. Наша сустрэчная прапанова даволі простая і справядлівая. Калі мы сёння вырабляем у сярэднім каля 5 тыс. трактароў, то трэба пашырыць маштаб з павелічэннем лакалізацыі. Калі мы вырабляем каля 300 збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, то лагічна было б вырабляць 500 і больш. Дарэчы, у гэтым годзе планку ў 500 камбайнаў мы пяройдзем. Такім чынам, інтарэсы беларускага і казахстанскага боку будуць захаваны на парытэтнай аснове".

Беларусь разлічвае не толькі на рынак Казахстана, але і рынкі краін Цэнтральнай Азіі ў цэлым. "Гэта было б ідэальна. Перспектывы ёсць. На гэты момант працуем на рынку Казахстана. Калі ён выступіць пляцоўкай, пашырэнне паставак на рынкі іншых краін Цэнтральнай Азіі магчыма", - дадаў першы намеснік прэм'ер-міністра.

На яго думку, канкурэнцыя высокая на любых рынках. "Спецыфіка пазіцыянавання і замацавання на рынку заключаецца не толькі ў зборцы і лакалізацыі. Якасць, сэрвіс і цана - вось тыя складнікі, якія фарміруюць апетыт мясцовага фермера, вытворцаў да нашай тэхнікі", - лічыць Мікалай Снапкоў.

На выстаўцы ў Казахстане быў прадстаўлены беларускі франтальны тэлескапічны пагрузчык. "Думаю, што гэту перспектыўную тэму мы давядзём да фіналу з пункту гледжання арганізацыі зборачнай вытворчасці. Вядома, для доўгатэрміновага замацавання на рынку трэба адразу дамаўляцца аб узроўні лакалізацыі і аб'ёмах", - упэўнены ён.

Першы намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што тэма АПК па аб'ёмах экспарту знаходзіцца на першым плане. "У кароткатэрміновай перспектыве - да $500 млн у год экспарту беларускай прадукцыі. Якаснай, недарагой і запатрабаванай. Гэта падкрэслівае справядлівасць патрабаванняў Прэзідэнта аб нарошчванні аб'ёмаў сельгасвытворчасці і паставак прадукцыі на экспарт", - растлумачыў ён.

Казахстан - другі сярод краін СНД партнёр Беларусі па экспарце, імпарце і сумесным знешнеэканамічным абароце, адзначыў Мікалай Снапкоў. Сярод краін свету - на трэцім месцы пасля Расіі і Кітая. "Думаю, што з улікам усіх перспектыў у два разы большым тавараабарот магчымы з улікам традыцыйна дадатнага сальда ў гандлі паміж Беларуссю і Казахстанам", - упэўнены першы намеснік прэм'ер-міністра.

Мікалай Снапкоў выказаў гатоўнасць ствараць сумесныя брэнды ў ЕАЭС. "Мы гатовы, і тут важныя не грошы, а ідэі. Грошы знайсці можна заўсёды. Былі б ідэі і двухбаковае жаданне весці сумесны бізнес, - адзначыў ён. - Трэба ўзаемадзейнічаць у большай ступені з партнёрамі, якія не чакаюць, што ты будзеш іх "васалам", а супрацоўнічаюць як роўныя. Сёння вельмі важна аднаўленне эканамічных сувязей, якія не ўшчамляюць, не ствараюць бар'еры, максімальна раскрываюць патэнцыял сумеснага ўзаемадзеяння паміж краінамі былога Савецкага Саюза. Будзем старацца з Казахстанам рухацца ў гэтым напрамку".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі