Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

12 Jun 2015

Беларусь разлічвае істотна павялічыць пастаўкі прадуктаў харчавання ў ЗША

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае істотна павялічыць пастаўкі прадуктаў харчавання ў ЗША. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларуская дэлегацыя правяла ў ЗША шэраг сустрэч і перагавораў, у тым ліку па гэтым пытанні. Зразумела, на амерыканскім рынку ёсць усё, што патрэбна спажыўцу, але зацікаўленасць у беларускай прадукцыі ўсё ж маецца - гэта датычыцца малочнай прадукцыі, лёну, кандытарскіх вырабаў і алкагольнай прадукцыі", - адзначыў Аляксей Багданаў.

Што датычыцца краін Еўрасаюза, то, паводле яго слоў, узровень тарыфнай абароны еўрапейскага рынку даволі высокі, аднак перспектывы для павелічэння паставак ёсць. "Цана нашай малочнай прадукцыі пры ўвозе ў еўрапейскія краіны павялічваецца практычна ў два разы, але і тут маюцца пазіцыі, па якіх ёсць прарыў. Напрыклад, "Савушкін прадукт" традыцыйна пастаўляў на еўрапейскі рынак сухія малочныя прадукты - па сутнасці, гэта сыравіна, а цяпер прадпрыемства нарошчвае аб'ём пастаўкі гатовай прадукцыі. У Літве і Латвіі палюбілі ўжо беларускія ёгурты, тварожныя дэсерты, кефір і смятану, а ў гэтым годзе прадпрыемства плануе ўвайсці ў нямецкія сеткі", - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці.

Разам з тым, асвойваючы рынкі іншых краін, Беларусь не збіраецца страчваць пазіцыі на расійскім рынку, які ў плане экспарту прадуктаў харчавання быў і застаецца ў прыярытэце. Як растлумачыў Аляксей Багданаў, гэта звязана з многімі прычынамі, у тым ліку з цэнавым фактарам, прапрацоўкай рынку з пункту гледжання маркетынгу і пазнавальнасці беларускіх брэндаў. "Укладзена шмат сіл, каб наша прадукцыя прысутнічала на расійскім рынку. Задача прадпрыемстваў і Мінсельгасхарча - не страціць таварную паліцу, нягледзячы на зніжэнне ў Расіі пакупной здольнасці", - адзначыў ён.

У цэлым за чатыры месяцы гэтага года Беларусь экспартавала сельгаспрадукцыі на $935 млн. Пры гэтым тэмп росту экспарту малочных прадуктаў склаў 106,2 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Аб'ём экспарту бульбы вырас у 4,5 раза, агародніны і грыбоў - у 2,6 раза, ільновалакна - у 1,6 раза.

Гаворачы аб даходах ад экспарту, Аляксей Багданаў звярнуў увагу, што на знешніх рынках склалася няпростая сітуацыя ў плане фарміравання цэн. Напрыклад, у мясной прамысловасці яны знізіліся на 20-25 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, у малочнай - на 30-35 працэнтаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі