Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

19 Крс 2016

Беларусь разглядае Сінгапур як вароты для прасоўвання прадукцыі ў Паўднёва-Усходнюю Азію

19 красавіка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь разглядае Сінгапур як вароты для прасоўвання прадукцыі ў Паўднёва-Усходнюю Азію, заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі на сустрэчы з дзяржаўным міністрам гандлю і прамысловасці Сінгапура Кох Пох Кунам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь разглядае вашу краіну ў якасці важнага і перспектыўнага партнёра ў Паўднёва-Усходняй Азіі, уплывовай дзяржавы і аўтарытэтнага ўдзельніка міжнародных адносін. Сведчанне таго - візіт у Сінгапур дзяржаўнай дэлегацыі Беларусі ў сакавіку 2013 года. Прэзідэнт Беларусі высока ацаніў вынікі гэтага візіту", - адзначыў Васіль Мацюшэўскі.

Сінгапур па многіх параметрах уяўляе сабой прыклад развіцця дзяржаў, якія не маюць багатых запасаў карысных выкапняў. "Вы таксама арыентуеце эканоміку на іншы важны рэсурс - на чалавека", - канстатаваў першы віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, прадстаўніцтвы ў Сінгапуры мае шэраг буйных беларускіх кампаній: БелАЗ, "Белшына", Беларуская калійная кампанія, Мінскі трактарны завод і іншыя.

Васіль Мацюшэўскі прапанаваў Сінгапуру звярнуць увагу на Беларусь як на ўваходную кропку на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Беларусь зацікаўлена ў прыцягненні сінгапурскіх інвестыцый і тэхналогій.

"Таксама мы гатовы развіваць міжбанкаўскае супрацоўніцтва. Паводле нядаўніх экспертных ацэнкак, Сінгапур стаў трэцім буйным фінансавым цэнтрам у свеце. І мы з задавальненнем разгледзелі б магчымасць уваходжання той ці іншай фінансавай структуры Сінгапура ў банкаўскі сектар Беларусі. І з задавальненнем маглі б прапанаваць банкаўскія актывы, напрыклад, Банк Масква-Мінск", - сказаў ён.

Васіль Мацюшэўскі канстатаваў, што Беларусь зацікаўлена ў прыцягненні буйных сінгапурскіх кампаній, якія займаюцца вытворчасцю і дыстрыбуцыяй прадуктаў харчавання. "Мы разлічваем, што ў бліжэйшы час знойдзем агульныя падыходы ў частцы продажу актываў беларускай малакаперапрацоўкі", - падкрэсліў ён.

У Беларусі ўважліва вывучаюць ініцыятыву Сінгапура аб пачатку работы над пагадненнем аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС. "Хачу праінфармаваць, што такая работа ўжо вядзецца дзяржавамі - членамі ЕАЭС і Еўразійскай эканамічнай камісіяй", - дадаў Васіль Мацюшэўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў прапрацоўцы і заключэнні дагавора аб свабодным гандлі паслугамі. "Як нам здаецца, такая работа можа весціся паміж Беларуссю і Сінгапурам у двухбаковым парадку", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

У Беларусі таксама бачаць перспектывы ў развіцці навукова-тэхнічнага і адукацыйнага супрацоўніцтва з Сінгапурам. "Мы разлічваем, што вынікі візіту будуць садзейнічаць развіццю нашых двухбаковых адносін", - рэзюмаваў Васіль Мацюшэўскі.

У сваю чаргу Кох Пох Кун падзякаваў беларускаму боку за прыём. "Думаю, што Беларусь - выдатнае месца, дзе мы маглі б развіваць бізнес. Сярод усіх краін рэгіёна ў Сінгапура самыя лепшыя адносіны менавіта з Беларуссю", - сказаў ён.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Сінгапурам у 2015 годзе склаў $30,9 млн. Ажыццяўляліся пастаўкі з Беларусі ў Сінгапур нафтапрадуктаў, электронных інтэгральных мікрасхем, прадуктаў харчавання. Асноўнымі артыкуламі імпарту з Сінгапура ў Беларусь з'яўляюцца камп'ютарная тэхніка, хімічная прадукцыя, электратавары, радыёапаратура, медыцынскае абсталяванне.

У Беларусі зарэгістравана 7 прадпрыемстваў з удзелам сінгапурскага капіталу, якія займаюцца ў асноўным гандлёва-закупачнай дзейнасцю.

У 2015 годзе аб'ём прамых замежных інвестыцый з Сінгапура ў Беларусь склаў $3,18 млн, з якіх $2,53 млн - на чыстай аснове.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі