15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе стварыць у ЕАЭС сістэмныя інструменты падтрымкі стабільнасці харчовых рынкаў. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як ні парадаксальна, але ў XXI стагоддзі па-ранейшаму даводзіцца гаварыць пра харчовую бяспеку ў свеце. Змяненне кліматычных умоў, рэзкія ваганні цэн, рэгіянальныя канфлікты, а часам і звычайная няхватка тых ці іншых прадуктаў выступаюць як пагроза стабільнасці доступу насельніцтва да якаснай і бяспечнай харчовай прадукцыі. У ЕАЭС узровень забяспечанасці прадуктамі харчавання складае больш за 90 працэнтаў. Для збалансаванага развіцця агульных рынкаў саюза выбудавана работа па прагназаванні развіцця АПК, уключаючы балансы попыту і прапанвання па асноўных сельскагаспадарчых таварах", - сказаў Аляксандр Турчын.
"Для мінімізацыі пагроз варта падумаць над стварэннем у саюзе сістэмных інструментаў падтрымкі стабільнасці харчовых рынкаў. Спадзяюся, у бліжэйшы час мы запусцім механізм фінансавай падтрымкі сумесных кааперацыйных праектаў у гэтай сферы. У полі зроку павінны заставацца і такія пытанні, як фарміраванне агульных падыходаў да навуковай і інавацыйнай дзейнасці, актывізацыя супрацоўніцтва ў сферы лічбавай трансфармацыі аграпрамысловага комплексу", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Ён перакананы, што неабходна прадоўжыць работу па ўстараненні перашкод на ўнутраным рынку ЕАЭС. "З 2016 года дзякуючы сумеснай рабоце камісіі і дзяржаў - удзельніц саюза ліквідавана каля 70 бар'ераў. У рамках мяккага права краінамі ЕАЭС самастойна ліквідаваны больш за 20 перашкод з прыкметамі бар'ераў. У выніку таварам з дзяржаў - членаў ЕАЭС і іх пастаўшчыкам прадастаўлены нацыянальны рэжым пры ажыццяўленні закупак, забяспечана магчымасць адкрыцця філіялаў і зніжаны памер дзяржпошліны за іх акрэдытацыю. Ліквідаваны шэраг іншых перашкод у сферах, прадугледжаных дагаворам. Такім чынам, у нас ёсць станоўчыя эфекты ад праведзенай работы", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
"Аднак перашкоды на ўнутраным рынку захоўваюцца, што зніжае эфектыўнасць функцыянавання саюза. Важна дыягнаставаць сітуацыю не толькі на прадмет выяўлення перашкод, але і іх уплыву на якасць функцыянавання ўсяго саюза, у тым ліку яго асобных рынкаў. Неабходны аналіз прычын узнікнення бар'ераў, пошук і прыняцце ўзаемапрымальных рашэнняў у рамках права саюза і ў інтарэсах усіх дзяржаў-удзельніц. Варта таксама прадоўжыць работу па ўдасканаленні падыходаў да выяўлення і ўстаранення перашкод на ўнутраным рынку ЕАЭС", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Турчын.