5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер развіваць узаемны гандаль і кааперацыю з Кыргызстанам. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час сустрэчы са старшынёй Кабінета Міністраў - кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызстана Адылбекам Касымаліевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Асновай нашага ўзаемадзеяння традыцыйна выступае гандлёва-эканамічная сфера. Нягледзячы на знешнія выклікі, захоўваецца дадатная дынаміка ўзаемнага гандлю. Наша задача - замацаваць гэты трэнд і забяспечыць яго ўстойлівае развіццё, у тым ліку за кошт пашырэння таварнай наменклатуры і паглыблення кааперацыйных сувязей. Беларусь гатова актывізаваць удзел у сумесных праектах, абапіраючыся на ўзаемадапаўняльнасць эканомік і перавагі членства ў ЕАЭС. Упэўнены, што менавіта за гэтымі праектамі будучыня. У Кыргызстане ёсць вытворчыя пляцоўкі, чалавечыя рэсурсы. Мы гатовы падзяліцца тэхналогіямі, арганізаваць стажыроўкі спецыялістаў у Беларусі на адпаведных прадпрыемствах. Створаная падкамісія па прамысловасці павінна выявіць вузкія месцы, якія стрымліваюць супрацоўніцтва ў сферы прамысловай кааперацыі, вызначыць найбольш жыццяздольныя праекты. Паспяховая рэалізацыя такіх праектаў магчыма пры зацікаўленасці на дзяржаўным узроўні, а таксама стварэнні льготных умоў для нацыянальнага вытворцы", - сказаў Аляксандр Турчын.
Паводле яго слоў, на гэтым этапе найбольш перспектыўнай уяўляецца сумесная вытворчасць сілавых трансфарматараў. "Як мы разумеем, пытанні мадэрнізацыі і абнаўлення энергетычнай інфраструктуры ў Кыргызстане стаяць даволі востра, вялікая патрэбнасць у адпаведным абсталяванні. Праведзена ўжо вялікая работа. З улікам актуальнасці праекта неабходна сканцэнтраваць намаганні для яго хутчэйшага запуску", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Паспяховым прыкладам узаемадзеяння ў прамысловай сферы ён назваў шматгадовае супрацоўніцтва з кампаніяй "Аўтамаш-Радыятар", якая забяспечвае флагманы беларускага машынабудавання радыятарамі і адначасова прасоўвае беларускую тэхніку на кыргызскі рынак.
"З-за розных прычын доўгі час не ажыццяўляліся пастаўкі ў Кыргызстан беларускай кар'ернай тэхнікі. Спадзяёмся, што нашы гіганты будуць запатрабаваны на распрацоўках пакладаў карысных выкапняў, на якія так багата кыргызская зямля. Разумеем, што адно з ключавых пытанняў пры закупках кар'ернай тэхнікі - гэта фінансавыя ўмовы здзелкі. Для ажыццяўлення маштабных закупак ёсць магчымасць прыцягнення беларускіх крэдытных рэсурсаў на выгадных умовах", - абазначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Беларусь мае намер актывізаваць супрацоўніцтва з Кыргызстанам і ў будаўнічай галіне. Ён таксама адзначыў паспяховае супрацоўніцтва Беларусі і Кыргызстана ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Важным напрамкам застаецца ўзаемны гандаль харчовымі таварамі. "Вітаем развіццё ў Бішкеку сеткі спецыялізаваных гандлёвых пунктаў, дзе рэалізуецца беларуская харчовая прадукцыя. Адначасова выступаем за нарошчванне паставак кыргызскай сельгаспрадукцыі на беларускі рынак", - адзначыў прэм'ер-міністр.


Беларускі бок лічыць перспектыўным і паглыбленне ўзаемадзеяння ў сферы жывёлагадоўлі, уключаючы селекцыйную работу, а таксама насенняводства. "Кыргызскія жывёлаводы ўжо актыўна выкарыстоўваюць беларускія прэпараты. Спадзяёмся разнастаіць іх асартымент за кошт прыцягнення новых беларускіх вытворцаў на кыргызскі рынак. У савецкі час нашы саюзныя рэспублікі паспяхова супрацоўнічалі ў галіне насенняводства. Кліматычныя ўмовы Кыргызстана даюць магчымасць вырошчваць якаснае насенне цукровых буракоў і люцэрны, запатрабаваныя ў нашых аграрыяў. Трэба вярнуцца да гэтай практыкі, калі гэта будзе выгадна абодвум бакам", - дадаў Аляксандр Турчын.
Надаецца вялікае значэнне і развіццю гуманітарных сувязей. "Удзячны кыргызскаму боку за запрашэнне прыняць удзел у Сусветных гульнях качэўнікаў. Пацвярджаем накіраванне беларускай каманды для ўдзелу ў гэтай маштабнай міжнароднай падзеі", - сказаў прэм'ер-міністр.
Аляксандр Турчын гэтымі днямі наведвае з афіцыйным візітам Кыргызстан. За шматгадовую гісторыю дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі гэта першы афіцыйны візіт прэм'ер-міністра Беларусі. "Гэта знакавая падзея, якая адлюстроўвае ўзаемную гатоўнасць вывесці двухбаковыя адносіны на якасна новы ўзровень. Цяперашнюю сустрэчу мы разглядаем як паслядоўны працяг дасягнутых раней у Мінску дамоўленасцей і пацвярджэнне ўзаемнай зацікаўленасці ў паглыбленні беларуска-кыргызскага супрацоўніцтва. На двухбаковым трэку важна забяспечваць рэгулярнасць кантактаў і нацэленасць на канкрэтны рэзультат", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Беларусь і Кыргызстан рэгулярна ўзаемадзейнічаюць на пляцоўках ЕАЭС і СНД, на якіх выбудаваны канструктыўны і прадметны дыялог. "Вялікае значэнне таксама надаём каардынацыі ў рамках ШАС, асабліва з улікам бягучага старшынства Кыргызстана. Разлічваем на далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва ў арганізацыі па ключавых напрамках. Прадаўжаем актыўную сумесную работу на пляцоўцы ААН. Упэўнены, што ўдзел вашай краіны ў дзейнасці Савета Бяспекі ААН будзе садзейнічаць умацаванню калектыўных намаганняў па прадухіленні канфліктаў, падтрыманні міжнароднай бяспекі і развіцці справядлівага і ўстойлівага светапарадку", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Турчын.