29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія плануюць пашыраць сумесную спадарожнікавую групоўку. Аб гэтым паведаміў журналістам перад сесіяй Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў Уладзімір Каранік, у рамках Саюзнай дзяржавы плануецца рэалізацыя двух асноўных напрамкаў. Адзін з іх - даследаванне касмічнай прасторы. "І тут вельмі добрыя напрацоўкі і добры ўзровень узаемадзеяння са структурамі "Раскосмасу". Мы плануем далей пашыраць сумесную спадарожнікавую групоўку. У 2027-2028 годзе, спадзяёмся, будуць запушчаны яшчэ чатыры касмічныя апараты", - расказаў Уладзімір Каранік.
Другі напрамак - праграма "Саюз-Біямембраны". Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі назваў яе ўнікальнай і перспектыўнай. "Гэты біятэхналагічны напрамак у інтарэсах медыцыны і народнай гаспадаркі, што, з майго пункту гледжання, таксама будзе знакавым крокам наперад па стварэнні новых лекавых форм і метадаў лячэння сацыяльна значных захворванняў", - адзначыў Уладзімір Каранік.
У сесіі Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прымаюць удзел каля 250 прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя вучоныя краіны. Разглядаюцца вынікі работы айчыннай навукі ў мінулым годзе, ставяцца задачы развіцця Нацыянальнай акадэміі навук і ў цэлым навуковай сферы краіны на 2026-ы.