18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Індыя дамовіліся аб узаемным стварэнні зборачных вытворчасцей трактароў. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы другога сакратара пасольства Індыі Раджэша Кумара з беларускім бізнесам у Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БелГПП.
У суб'ектаў гаспадарання, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, ёсць рэальная цікавасць і канкрэтныя прапановы па развіцці супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў, адзначылі ў БелГПП. У зале прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый са сфер прамысловай вытворчасці, лёгкай і харчовай прамысловасці, гандлю і іншых галін.
Намеснік старшыні БелГПП Алена Маліноўская адзначыла, што палата надае вялікае значэнне развіццю гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Індыяй. "Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развіваецца даволі дынамічна, адносіны маюць даўні дружалюбны характар, які грунтуецца на падабенстве поглядаў на светапарадак, ідэалагічныя ўстаноўкі, агульнасць ацэнкі сітуацыі па многіх пытаннях міжнароднага парадку", - падкрэсліла Алена Маліноўская.
Раджэш Кумар жа расказаў аб канкрэтных кроках у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Індыі, якія былі зроблены апошнім часам. Так, наладжана ўзаемадзеянне паміж Мінскім трактарным заводам і індыйскай кампаніяй Sonalika. Прадпрыемствы дамовіліся аб абмене дэталямі і тэхналогіямі, а таксама выказалі намеры падпісаць мемарандум аб стварэнні зборачных вытворчасцей індыйскіх трактароў у Беларусі і беларускіх трактароў у Індыі. Ёсць яшчэ адна індыйская кампанія, якая хоча супрацоўнічаць з БелАЗам.
"Усё гэта павялічвае гандлёвы абарот паміж Індыяй і Беларуссю на сотні мільёнаў долараў", - канстатаваў прадстаўнік індыйскага пасольства.
Акрамя таго, краіны працуюць над устараненнем існуючых у гандлёва-эканамічнай сферы бар'ераў, такіх як строгі візавы рэжым, зарэгуляванасць рынку, складанасці ва ўзаемных разліках. Многія праблемы ўяўляецца магчымым вырашыць у рамках удзелу Беларусі і Індыі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
БелГПП гатова прадаўжаць аказваць беларускаму і індыйскаму бізнесу ўсебаковую падтрымку па шырокім спектры напрамкаў.