24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праграма развіцця супрацоўніцтва на 2026-2027 гады падпісана ў час двухбаковага бізнес-форуму Беларусі і Яраслаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ад беларускага боку адказнымі за выкананне праграмы назначаны Міністэрства прамысловасці і пасольства Беларусі ў Расіі, ад расійскага - аддзел міжнародных сувязей урада Яраслаўскай вобласці. Подпісы пад дакументам паставілі намеснік міністра прамысловасці Беларусі Леанід Рыжкоўскі і першы намеснік старшыні ўрада Яраслаўскай вобласці Дзяніс Хахракоў.
"Высока цэнім адносіны, што склаліся паміж намі, і за кароткі час нацэлены максімальна аператыўна адпрацаваць усе магчымыя варыянты дадатковага супрацоўніцтва, якое сёння неаднаразова абмяркоўвалася. Ёсць да чаго імкнуцца", - адзначыў Леанід Рыжкоўскі.



Ён таксама звярнуў увагу на тое, што сумесная рабочая група і бізнес-форум - гэта магчымасць больш адзін пра аднаго даведацца, знайсці дадатковыя агульныя падыходы, па якіх можна супрацоўнічаць. "Разумеем, што трэба развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, імкнуцца да актывізацыі работ у Саюзнай дзяржаве і шукаць новыя праекты", - падкрэсліў намеснік міністра прамысловасці.
Дзяніс Хахракоў нагадаў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Яраслаўскай вобласцю расце. "Ён ужо дасягнуў $300 млн. Пастаўлена задача яго прымножыць", - дадаў ён.
Першы намеснік старшыні ўрада Яраслаўскай вобласці падкрэсліў, што бакі дамовіліся аб стварэнні рабочай групы і ў лютым чакаюць прадстаўнікоў Беларусі ў госці, каб падвесці прамежкавыя вынікі візіту.