30 верасня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Чылі разглядаюць пытанні магчымага наладжвання супрацоўніцтва ў галіне паставак кар'ернай тэхнікі і ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у рэалізацыі некаторых праектаў. Аб гэтым ішла размова ў час візіту 28-29 верасня намесніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Гур'янава ў Чылі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У час перагавораў з намеснікам міністра замежных спраў па пытаннях знешняга гандлю Чылі Андрэсам Рэбальеда Смітмансам разгледжаны пытанні стану двухбаковых адносін. Значная ўвага была ўдзелена пытанням выбудоўвання гандлёва-эканамічных і навукова-тэхнічных сувязей, удасканалення дагаворна-прававой базы. Бакі канстатавалі неабходнасць правядзення пастаяннага дыялогу па ўсім спектры двухбаковых адносін, у тым ліку падпісання адпаведных дакументаў: аб кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў, гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, замежных інвестыцыях і бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах.
У час сустрэчы з генеральным кіраўніком чылійскай кампаніі Sotraser Эдуарда Салерам адбыўся абмен меркаваннямі па пытаннях наладжвання супрацоўніцтва з чылійскімі бізнес-коламі.
Аляксандр Гур'янаў азнаёміўся з работай чылійскіх кампаній Rheem (вытворчасць ёмістасцей з ліставой сталі і поліэтылену), American Screw (вытворчасць вырабаў з металу) і Dapsa (вытворчасць будаўнічых металаканструкцый з арматурнай сталі). На сустрэчы з кіраўніцтвам гэтых кампаній абмяркоўваліся магчымасці наладжвання ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці Беларусі і канцэрна "Белнафтахім".
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|