21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Банк развіцця і Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) аб'ядноўваюць намаганні для падтрымкі рэальнага сектара Беларусі. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА у прэс-службе банка.
"Ключавым фактарам канкурэнтаздольнасці дзяржавы і яе эканамічнай устойлівасці становіцца не проста развіццё IT-сферы, а яе глыбокая і эфектыўная інтэграцыя з рэальным сектарам эканомікі. Размова ідзе аб стварэнні трывалага альянсу распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння з рознымі арганізацыямі і прадпрыемствамі - ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да транспарту і рытэйлу. Крытычна важным элементам гэтай экасістэмы з'яўляецца і мэтавае фінансаванне, якое выступае каталізатарам для ператварэння ідэй у канкрэтныя рашэнні, а патрэбнасцей эканомікі - у вымерны эфект", - адзначылі ў прэс-службе.
Для паскарэння тэхналагічнага росту краіны, павелічэння імпартазамяшчэння і ўнутраных кааперацыйных працэсаў, а таксама зніжэння сабекошту тавараў і паслуг Банк развіцця і ПВТ вырашылі кансалідаваць патрэбнасці прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі і знайсці магчымасці для іх рэалізацыі. Размова ідзе не толькі аб фінансаванні, а аб стварэнні новых рашэнняў для розных галін.
"Пілотнай кампаніяй у такім узаемадзеянні стала ТАА "Еўрагандаль". І гэта невыпадкова. Маштабы і напрамкі дзейнасці буйнейшага рытэйлера ў дыяпазоне ўсёй краіны даюць магчымасць прааналізаваць і ацаніць запыты бізнесу і дзяржпрадпрыемстваў у тэхналагічных прадуктах: ад сыравіннай базы і вытворчасці да маркетынгу і лагістыкі. Вядучы ІТ-кластар краіны - ПВТ - аб'ядноўвае больш за 1 тыс. кампаній, здольных прыўнесці ў рэальны сектар новыя рашэнні, тым самым павысіць яго эфектыўнасць. Пры гэтым Банк развіцця нацэлены стварыць новы фінансавы прадукт для арганізацый - спажыўцоў айчынных IT-распрацовак для патрэб рэальнага сектара эканомікі", - расказалі ў прэс-службе.
Кульмінацыйным момантам гэтай работы стаў дыялог па лічбавай трансфармацыі рытэйлу. Каля 15 рэзідэнтаў ПВТ прадставілі "Еўрагандлю" персаніфікаваныя рашэнні па напрамках аналітыкі і інтэлектуальных сістэм, бяспекі, аўтаматызацыі і ўліку, персаналу і маркетынгу.