10 чэрвеня, Асіповічы /Кар. БЕЛТА/. ЗАТ "Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання" прапрацоўвае пастаўкі грузавых вагонаў у Афрыку. Аб гэтым паведаміў у час прэс-туру на прадпрыемства дырэктар завода Мірза Чалаян, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўны рынак для завода - Расійская Федэрацыя, але інтарэс уяўляюць і іншыя напрамкі. Вытворца прэзентуе сваю прадукцыю на розных міжнародных спецыялізаваных выстаўках. У прыватнасці, нядаўна тэхнічныя магчымасці прадпрыемства былі прадстаўлены ва Узбекістане.
Таксама нядаўна дэлегацыя завода вярнулася з Танзаніі. Што датычыцца Афрыкі, то Мірза Чалаян лічыць рынак перспектыўным. "Праект, які там разглядаем, - пастаўка грузавых вагонаў, кантэйнераў, дапамога, сумесная работа ў частцы арганізацыі вытворчасці", - сказаў ён.
Прапрацоўваюцца таксама пастаўкі ў іншыя краіны. У прыватнасці, інтарэс да выпускаемай у Беларусі прадукцыі чыгуначнага прызначэння праявіла Грузінская чыгунка.
Як дадаў Мірза Чалаян, ЗАТ "Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання" гатовы да розных варыянтаў узаемадзеяння, у тым ліку па прамысловай кааперацыі.
Прадпрыемства штогод інвесціруе сродкі ў закупку абсталявання. У планах - асвоіць новыя тэхналогіі лазернай рэзкі. Набыты два такарныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, што дасць магчымасць аптымізаваць некаторыя аперацыі па апрацоўцы дэталей.
Прадпрыемства спецыялізуецца на вырабе грузавога чыгуначнага рухомага саставу, універсальных кантэйнераў і кантэйнераў-цыстэрнаў (танк-кантэйнераў). Вытворчыя магутнасці завода даюць магчымасць выпускаць да 2 тыс. грузавых вагонаў у год.