У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

17 Сак 2016

Андрэйчанка: Беларусь магла б стаць плацдармам для папулярызацыі тайландскіх тавараў на рынках ЕАЭС і ЕС

17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь магла б стаць добрым плацдармам для папулярызацыі тайландскіх тавараў на рынках краін ЕАЭС і ЕС. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў Бангкоку ў час першага беларуска-тайландскага бізнес-форуму, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка выступіў з прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму, які сабраў прадстаўнікоў дзелавых колаў дзвюх краін. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што правядзенне гэтага мерапрыемства будзе ў значнай ступені садзейнічаць выбудоўванню дарожнай карты дзелавога супрацоўніцтва.

"З улікам геаграфічнага становішча Беларусь магла б стаць добрым плацдармам для папулярызацыі тайландскіх тавараў на рынках краін Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза", - упэўнены спікер. Ён нагадаў, што за апошнія дзесяць гадоў беларуска-тайландскі тавараабарот вырас амаль у 5 разоў. "Аднак узровень гандлёва-эканамічных адносін нас не можа задавальняць, паколькі не адпавядае існуючаму патэнцыялу, - упэўнены Уладзімір Андрэйчанка. - Таму цяпер мы ўдзяляем самую пільную ўвагу фарміраванню дагаворна-прававой базы, якая будзе садзейнічаць павелічэнню патоку інвестыцый, развіццю прамысловай кааперацыі. Важным крокам у гэтым напрамку стане стварэнне ў бліжэйшы час сумеснай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве".

На думку спікера, дзвюм краінам ёсць што прапанаваць адна адной. "Тайланд - краіна з развітой прамысловасцю і аграрным сектарам. Мы зацікаўлены ў прыходзе ў Беларусь буйных тайландскіх кампаній, гатовы павялічыць прамы імпарт каўчуку, рысу, морапрадуктаў і іншых тавараў", - заўважыў ён.

У сваю чаргу беларускія вытворцы могуць таксама значна пашырыць пералік пастаўляемай у Тайланд прадукцыі. Гэта сельскагаспадарчая тэхніка, грузавыя аўтамабілі і кар'ерныя самазвалы, хімічная прадукцыя і калійныя ўгнаенні, сучасныя прыборы і апаратура ў сферы бяспекі, медыцыны і шмат іншага. Вялікі патэнцыял мае і нарошчванне супрацоўніцтва ў галіне турызму.

Як адзначылі ў прэс-службе, перад пачаткам форуму адбылася сустрэча са старшынёй Гандлёвай палаты Тайланда. Абодва бакі выказаліся за нарошчванне прысутнасці беларускіх і тайландскіх тавараў на рынках дзвюх краін.

Афіцыйны візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Тайланд праходзіць 14-18 сакавіка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс