Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

2 Чэр 2021

Андрэйчанка: адносіны паміж Беларуссю і Пакістанам шчырыя і даверныя

Андрэйчанка: адносіны паміж Беларуссю і Пакістанам шчырыя і даверныя

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паміж Беларуссю і Пакістанам склаліся шчырыя і даверныя адносіны, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў час сустрэчы з паслом Пакістана ў Беларусі Саджадам Хайдэрам Ханам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хачу адзначыць, што адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан шчырыя і даверныя. Як вы ведаеце, у 2017 годзе я наведваў вашу краіну на чале парламенцкай дэлегацыі. У нас тады адбыліся сустрэчы з прэзідэнтам вашай краіны, кіраўнікамі абедзвюх палат парламента, прэм'ер-міністрам, шэрагам міністраў. Мы выпрацавалі канкрэтныя праекты, праграмы дзеянняў, падпісалі пагадненні аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Цяпер у нас створаны рабочыя групы па парламенцкім супрацоўніцтве", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Паводле яго слоў, па шэрагу дамоўленасцей краіны рушылі наперад. "У вашай краіне пачаў работу 45-тонны беларускі БелАЗ. Пачаліся пастаўкі сухога малака ў вашу краіну, дзіцячага харчавання. Нас радуе, што сёння разглядаецца бізнес-праект па арганізацыі зборачнай вытворчасці ў правінцыі Пенджаб беларускіх трактароў. Вырашаны шэраг іншых пытанняў. Самае галоўнае, што ў нас тавараабарот за 2020 год склаў $52 млн, - адзначыў спікер. - Вядома, не ўсе праекты рэалізаваны. Мы тады правялі, я лічу, выдатны бізнес-форум па пытаннях развіцця супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. Дамовіліся арганізаваць прадпрыемства па перапрацоўцы беларускай птушкі, па вытворчасці дзіцячага харчавання з беларускай сыравіны. Але з-за шэрага аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын нам не ўсё ўдалося рэалізаваць. Але я думаю, што мы можам вярнуцца да гэтых праектаў".

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што адным з прыярытэтаў Пакістана з'яўляецца развіццё сельскай гаспадаркі. "І ў адпаведнасці з дамоўленасцю паміж міністэрствамі сельскай гаспадаркі Беларусі і Пакістана ў гэтым годзе або ў пачатку наступнага года ў нас павінен прайсці бізнес-форум. І мы лічым, што было б добра, калі б гэты бізнес-форум быў прымеркаваны да візіту спікера Нацыянальнай асамблеі Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Рэспубліку Беларусь. Адпаведнае запрашэнне мы накіравалі ў студзені мінулага года", - расказаў ён.

Паміж Беларуссю і Пакістанам створана значная дагаворна-прававая база. "Гэта каля 80 міждзяржаўных, міжурадавых, міжведамасных дакументаў. Створаны адпаведныя камісіі па гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Інакш кажучы, у нас ёсць усе падставы для таго, каб працаваць больш актыўна. І я думаю, што і парламентарыям гэтыя пытанні трэба браць на кантроль. І, самае галоўнае, аказваць садзейнічанне нашым дзелавым колам у тым, каб павялічыўся тавараабарот паміж нашымі краінамі. Таму што ў плане палітычных адносін у нас якіх-небудзь пытанняў няма і думаю, што асновай нашага развіцця павінна быць нарошчванне ўзаемнага тавараабароту, - заявіў спікер. - Хачу сказаць, што мы падтрымліваем ініцыятыву пакістанскага боку аб правядзенні відэаканферэнцыі кіраўнікоў нашых профільных камісій, дзе мы абмяркуем канкрэтныя пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У гэтым месяцы, я лічу, гэта можна зрабіць".

Як дадаў пасол, гэта сустрэча ў парламенце для яго вялікі гонар. "Я вельмі ганаруся, што паміж дзвюма краінамі існуюць добрыя адносіны ва ўсіх сферах. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў знаходзяцца ў добрых адносінах, паміж нашымі краінамі няма ніякага непаразумення. Я лічу, што гэта садзейнічае развіццю добрых адносін у будучым, - канстатаваў Саджад Хайдэр Хан. - Тыя 80 пагадненняў, якія былі падпісаны за апошнія 5-6 гадоў, з'яўляюцца добрым фундаментам для развіцця ў далейшым яшчэ больш паспяховых адносін. За апошнія шэсць месяцаў, якія я ўжо знаходжуся ў Беларусі, я прыклаў усе намаганні для таго, каб развіваць пагадненні, якія мы падпісалі ўжо".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі