Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

15 Врс 2015

Расійскі рэжысёр Вадзім Абдрашытаў узначаліць журы ХХІІ ММКФ "Лістапад"

15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расійскі рэжысёр Вадзім Абдрашытаў стане старшынёй журы асноўнага конкурсу ігравога кіно XXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аргкамітэце кінафестывалю.

Ацэньваць карціны на кінафестывалі "Лістапад" будзе міжнароднае журы ў складзе пяці чалавек - спецыялістаў у галіне кінаіндустрыі. Праграма конкурсу ігравога кіно ўключае дванаццаць фільмаў. Асноўнай пляцоўкай конкурснага агляду па традыцыі стане кінатэатр "Цэнтральны".

Вадзім Абдрашытаў не раз прымаў удзел у рабоце кінафестывалю "Лістапад". У 1995 годзе "П'еса для пасажыра" атрымала прыз журы кінематаграфістаў ММКФ. Праз два гады карціна "Час танцора" ўдзельнічала ў конкурснай праграме фестывалю. У 2004 годзе расійскі рэжысёр старшынстваваў у журы Мінскага МКФ.

Вадзім Абдрашытаў нарадзіўся 19 студзеня 1945 года ў Харкаве. Скончыў рэжысёрскі факультэт УДІКа. Фільмаграфія выдатнага аўтара налічвае дванаццаць карцін: "Спыніце Патапава!" (1973), "Слова для абароны" (1976), "Паварот" (1978), "Паляванне на ліс" (1980), "Спыніўся поезд" (1982), "Парад планет" (1984), "Плюмбум, ці Небяспечная гульня" (1986), "Слуга" (1988), "Армавір" (1991), "П'еса для пасажыра" (1995), "Час танцора" (1997), "Магнітныя буры" (2003). Адзінаццаць работ створаны ў творчым саюзе са сцэнарыстам Аляксандрам Міндадзэ.

Фільмы Абдрашытава - Міндадзэ адкрылі адну з самых яркіх старонак у гісторыі савецкага і расійскага кінематографа. У 70-90-я яны прыцягвалі цікавасць гледачоў і шырока абмяркоўваліся ў грамадстве. Карціны аўтараў былі адзначаны высокімі ўзнагародамі міжнародных кінафестываляў - Венецыянскага (1987), Берлінскага (1995). Гаворачы аб карцінах Абдрашытава, вельмі часта звяртаюць увагу на іх асаблівую кінематаграфічную мову. У апісанні штодзённых, бытавых гісторый заўсёды адчуваецца імкненне да міфалагічнага абагульнення. Метафізіка жыцця чалавека ў дзяржаве, грамадстве, сям'і стала дамінантнай тэмай у кінадаследаваннях Абдрашытава - Міндадзэ.

XXII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 6 па 13 лістапада. Арганізатар галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Заснавальнікі - Міністэрства культуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі