18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 80 тыс. чалавек прымуць удзел у акцыі "Снежны тыдзень", якая арганізавана Беларускім лыжным саюзам, паведамілі БЕЛТА ў гэтай спартыўнай арганізацыі.
Падзея прымеркавана да сусветнага дня снегу, ён адзначаўся больш як у 40 краінах 17 студзеня. У Беларускім лыжным саюзе вырашылі не абмяжоўвацца адным днём, а арганізавалі акцыю "Снежны тыдзень", у час якога пройдуць спартыўныя спаборніцтвы і святы ва ўсіх раённых цэнтрах.
Завершыцца акцыя 23 студзеня фестывалем снегу ў Мінску ў гарналыжным цэнтры "Сонечная даліна", дзе Дзед Мароз і яго казачная каманда разам з дзецьмі будуць удзельнічаць у конкурсах і гульнях. Кожнае дзіця зможа бясплатна атрымаць майстар-клас па катанні на горных лыжах і снаўбордзе ад лепшых юных спартсменаў Беларусі.
Дарослым гасцям свята таксама не давядзецца сумаваць - яны змогуць пабалець за ўдзельнікаў спартыўных спаборніцтваў, атрымаць асалоду ад канцэртнай праграмы і самі прыняць удзел у актыўных конкурсах і спаборніцтвах.
Каардынатарам "Снежнага тыдня" з'яўляюцца Беларускі лыжны саюз і Міністэрства спорту і турызму пры падтрымцы рэгіянальных упраўленняў па фізічнай культуры, спорце і турызме.