22 верасня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў сёння заяўку Нацыянальнага алімпійскага камітэта на ўдзел у XXXI летніх Алімпійскіх гульнях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старт XXXI Алімпійскім гульням будзе дадзены менш як праз год, і тут выступяць лепшыя беларускія прадстаўнікі ў летніх відах спорту, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта будзе вельмі сур'ёзны экзамен для кожнага атлета і трэнера, для ўсёй спартыўнай галіны, - сказаў Прэзідэнт. - Кожны спартсмен і трэнер павінен разумець, што заваяванне медаля - гэта не толькі яго асабістыя памкненні. Уся краіна з асаблівым хваляваннем, з заміраннем сэрца будзе сачыць за выступленнем нашай каманды".
"Нельга забываць, што спорт - гэта дух нацыі, а паспяховае выступленне на міжнародных спаборніцтвах - гэта велізарны прэстыж дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў алімпійцам яркіх перамог і дастойна прадставіць Беларусь на сусветнай арэне, прымножыўшы яе славу. "Мы верым у вас, мы шчыра спадзяёмся, што майстэрства, мэтанакіраванасць дадуць магчымасць пакарыць алімпійскія вяршыні", - адзначыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, сёння Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе пачэсных гасцей штаб-кватэры НАК Беларусі. Была высаджана алімпійская алея. У мерапрыемстве прынялі ўдзел чэмпіёны і прызёры гульняў, сярод якіх Дар'я Домрачава, Антон Кушнір, Вікторыя Азаранка і іншыя. Кіраўнік дзяржавы пасадзіў дрэва на алімпійскай алеі, затым нефармальна пагутарыў са спартсменамі і трэнерамі.