Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

19 Aug 2015

У Шчучыне да Дня пісьменства адкрыюць першы кніжны магазін-кавярню

19 жніўня, Шчучын /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. У Шчучыне да Дня беларускага пісьменства адкрыюць першы кніжны магазін-кавярню, паведаміла сёння журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

ААТ "Белкніга" павінна адкрыць новы аб'ект у раённым цэнтры да 1 верасня. Магазін стане сапраўдным падарункам жыхарам раёна да свята. У ім будзе шырока прадстаўлена кніжная прадукцыя ў першую чаргу айчынных аўтараў і выдавецтваў. Акрамя таго, Дзень пісьменства ў Шчучыне паслужыў падставай для адкрыцця ў раённым цэнтры гандлёвага павільёна "Белсаюздруку".

На думку Ліліі Ананіч, з'яўленне двух новых аб'ектаў, звязаных з кнігай і друкам, з'яўляецца знакавым. Шчучын як раённы цэнтр павінен пакласці пачатак адкрыццю такіх аб'ектаў і ў іншых гарадах. "Сёння асобны кніжны магазін павінен быць у кожным горадзе краіны, бо кніга - гэта складнік нашай духоўнасці", - лічыць яна.

Паводле слоў міністра, беларускія выдавецтвы пачалі падрыхтоўку да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое будзе святкавацца ў 2017 годзе. У Шчучыне ў Дзень беларускага пісьменства будзе прадэманстраваны шэраг выдавецкіх праектаў у сувязі з гэтай датай, гасцям свята будуць прадэманстраваны лепшыя кнігі, якімі Беларусь праслаўлена ў свеце.

"Так, літаральна некалькі месяцаў таму, адбыўся чарговы міжнародны конкурс мастацтва кнігі краін СНД. Беларусь чацвёрты раз атрымала гран-пры за кнігу "Беларусь замкавая". І такіх праектаў у нас шмат, яны падтрымліваюцца на самым высокім дзяржаўным узроўні", - падкрэсліла міністр.

Акрамя таго, Лілія Ананіч паведаміла, што да новага навучальнага года ў Беларусі распрацавалі 10 відаў сшыткаў для школьнікаў, а таксама блакноты, іншую канцылярскую прадукцыю, аформленую на тэму гісторыі і здабытку Беларусі - на школьных таварах адлюстравана тое, што падкрэслівае нашу дзяржаўнасць і прызначана выхоўваць у гэтым ключы дзяцей, падкрэсліла яна.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі