Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Врс 2014

"Скарынаўскія дні ў Полацку" пройдуць 5-7 верасня

1 верасня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Свята "Скарынаўскія дні ў Полацку" пройдзе ў старажытным беларускім горадзе з 5 па 7 верасня ў час Дня беларускага пісьменства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

Своеасаблівым пралогам Дзён стане дабрачынны праект "Падары дзецям кнігу", які пачынаецца сёння і прадоўжыцца да 4 верасня. Сабраныя ў час акцыі кнігі папоўняць бібліятэкі сацыяльных прытулкаў і школ-інтэрнатаў раёна.

Стартуе свята Алімпіядай па аратарскім майстэрстве і напісанні эсэ, якая пройдзе 5 верасня сярод вучняў Полацкай дзяржаўнай гімназіі нумар 2. У гэты ж дзень ва ўстановах адукацыі будуць дадзены ўрокі "Полацказнаўства" па тэмах: "Вялікі сын Полацкай зямлі", "Вялікі пачынальнік Францыск Скарына". У школах будуць арганізаваны тэматычныя выстаўкі выданняў з сямейных бібліятэк і прэзентацыі старадаўніх кніг, пройдзе рандэву з кнігамі Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага і экспрэс-агляд "Кнігі або камп'ютар".

Не застанецца ўбаку і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут будзе арганізаваны інтэрактыўны конкурс па распрацоўцы і стварэнні электроннай кнігі, пройдуць выстаўка "Універсітэты Францыска Скарыны" і выстаўка-прэзентацыя друкаваных рарытэтаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Насычаным на мерапрыемствы абяцае быць дзень 6 верасня. На алеі праспекта Францыска Скарыны будзе арганізавана работа літаратурных салонаў "Чароўная сіла мастацтва" (прэзентацыя кніг полацкіх паэтаў), літаратурнага кафэ "Урокі выдатнай асобы", разгорнецца фотавыстаўка "Кніга і чытанне" і выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў адукацыі Полацка і Полацкага раёна. Каля памятнага знака "Ў" у музычнай панараме выступяць вучні Полацкай дзіцячай школы мастацтваў, на плошчы Францыска Скарыны будзе арганізавана канцэртна-забаўляльная праграма "Мы - нашчадкі Скарыны".

Актыўнымі святочнымі зонамі стануць пляцоўкі ля бібліятэк. Раённая цэнтральная адкрые літаратурны бульвар "Чытай горад", дзе кожны прахожы будзе мець магчымасць выпіць чаю і сфатаграфавацца з Францыскам Скарынам, пракансультавацца ў бібліятэрапеўта, азнаёміцца з выстаўкай "Ад малога да вялікага". Тут жа размесціцца пляцоўка для падлеткаў "Riders-тусоўка". Каля бібліятэкі імя Я.Купалы будуць арганізаваны фотавернісаж, міні-квест "Ад глінянай таблічкі да электроннай кнігі", майстар-класы па book-арце "Цуда-кнігу створым".

У святочныя дні ў Дзіцячым музеі будзе працаваць выстаўка "Падручнік-чараўнік", якая раскажа аб тым, як з'явіўся першы буквар, якія кнігі выдаваліся для дзяцей у пачатку мінулага стагоддзя і аб тым, якія наогул бываюць буквары. У экспазіцыйных залах Музея беларускага кнігадрукавання будуць праводзіцца музейна-педагагічныя заняткі. Акрамя таго, у школьнікаў будзе магчымасць прыняць удзел у стварэнні кнігі з пісьмамі нашчадкам, якая будзе захоўвацца ў Музеі беларускага кнігадрукавання.

Францыск Скарына - адзін з найвялікшых гістарычных дзеячаў, вялікі асветнік і заснавальнік беларускага кнігадрукавання, у гонар якога заснаваны вышэйшыя ўзнагароды Беларусі - медаль і ордэн, яго імем названы ўстановы адукацыі, вуліцы, праспекты, устаноўлены помнікі. У Полацку імя Францыска Скарыны мае цэнтральная гарадская бібліятэка, гімназія нумар 1, плошча, праспект і вуліца. У цэнтры горада ўстаноўлены помнік вялікаму асветніку.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі