Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Mar 2016

Рэшткі ўнікальнага жывапісу XVIII стагоддзя знойдзены ў былым кляштары езуітаў у Нясвіжы

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэшткі насценнага жывапісу, як мяркуецца XVIII стагоддзя, знойдзены ў час навукова-даследчых работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.

Паводле яе слоў, на гісторыка-культурнай каштоўнасці XVI-XIX стагоддзяў у комплексе былога кляштара езуітаў - касцёле Божага Цела знойдзены рэшткі ўнікальнага жывапісу. "Спецыялісты ААТ "Белрэстаўрацыя" праводзяць даследаванні па дэкаратыўным убранні кляштара. У выніку зандзіравання тынкавальных слаёў фасада былі знойдзены рэшткі ўнікальных роспісаў, як мяркуецца XVIII стагоддзя, перыяду Міхала Казіміра Рыбанькі і мастака Ксаверыя Гескага - аўтара знакамітай карціны "Тайная вячэра" ў інтэр'ерах касцёла Божага Цела. З высокай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што фасады помніка архітэктуры перыяду барока былі багата ўпрыгожаны дэкаратыўнымі і сюжэтнымі роспісамі. Аналагаў знойдзеных роспісаў у Беларусі сёння не існуе", - падкрэсліла спецыяліст.

Наталля Хвір таксама дадала, што даследаванні прадаўжаюцца, спецыялісты адкрываюць новыя элементы роспісаў. Міністэрства культуры Беларусі ў далейшым плануе правесці рэстаўрацыю і аднаўленне знойдзенага жывапісу.

Гісторыка-культурная каштоўнасць XVI-XIX стагоддзяў комплекс былога кляштара езуітаў - касцёл Божага Цела ў Нясвіжы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, мае найвышэйшую катэгорыю "0", а таксама з'яўляецца складанай часткай аб'екта Спіса Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА - "Архітэктурны, культурны і жылы комплекс роду Радзівілаў у Нясвіжы".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі