Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Чэр 2015

Прыём заявак на нацыянальны адбор дзіцячага "Еўрабачання-2015" завершыцца 15 чэрвеня

4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыём заявак на нацыянальны адбор дзіцячага "Еўрабачання-2015" завершыцца 15 чэрвеня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, якая з'яўляецца арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура.

Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, што ўстанаўлівае Еўрапейскі вяшчальны саюз. Палажэнне аб нацыянальным адборы дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2015" размешчана на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі ў раздзеле "Праекты".

Асаблівасць адбору бягучага года ў тым, што да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі адпавядаюць патрабаванням:

- удзел у адборы могуць прыняць юныя выканаўцы, якім на дату правядзення міжнароднага конкурсу (21 лістапада) павінна быць не менш за 10 і не больш за 15 гадоў і якія з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі або замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі не менш за два з палавінай гады;

- удзельнік адбору павінен быць аўтарам слоў і (або) музыкі, і (або) аранжыроўкі песні. Пры стварэнні тэксту, музыкі, аранжыроўкі песні дапускаецца аказанне дапамогі прафесіяналамі ў галіне музыкі і іншымі асобамі;

- у адборы можа ўдзельнічаць песня, якая складаецца з вершаў на беларускай або рускай мове і музыкі, што не была раней камерцыйна рэалізавана, а таксама выканана публічна да 1 мая 2015 года;

- удзельнік адбору або законны прадстаўнік канкурсанта, які не дасягнуў узросту 14 гадоў, павінен быць адзіным праваўладальнікам песні або мець сумеснае права валодання песняй, калі ў адборы прымае ўдзел калектыў выканаўцаў.

Таксама ў тэксце песні дапускаецца да 25 працэнтаў англійскага тэксту (пры ўмове выдатнага вымаўлення).

Па выніках адборачнага тура, якія будуць падведзены не пазней за 1 ліпеня 2015 года, прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале. Ён пройдзе не пазней за 15 верасня 2015 года ў форме гала-канцэрта.

Пераможца нацыянальнага адборачнага тура, які прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2015", вызначаецца па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.

Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2015" пройдзе ў Сафіі (Балгарыя) у лістападзе. Эксклюзіўным вяшчальнікам як нацыянальнага адборачнага тура, так і міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2015" традыцыйна выступіць тэлеканал "Беларусь 1".

Беларусь удзельнічае ў міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" з моманту яго заснавання - з 2003 года. Першай беларускай удзельніцай музычнага форуму стала Вольга Сацюк. На рахунку нашай краіны - дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007-м - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". У мінулым годзе Надзея Місякова з песняй "Сокал" заняла сёмае месца.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі