Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Oct 2017

Праграма літоўскага кіно ўключана ў афішу "Лістапада-2017"

Праграма літоўскага кіно ўключана ў афішу "Лістапада-2017"23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праграма літоўскага кіно ўключана ў афішу XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2017", паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"Лістапад" пакажа 4-7 лістапада шэсць літоўскіх фільмаў, аб'яднаўшы іх у асобную праграму "Літоўскае кіно. Класікі і сучаснікі". Сярод іх 2 фільмы канца 60-х - пачатку 70-х гадоў і 4 карціны, знятыя ў Літве за апошнія два гады. Фільмы прадставяць літоўскія рэжысёры і кінакрытыкі.

У кінатэатры "Мір" 4 лістапада вядомы літоўскі рэжысёр-дакументаліст, уладальнік прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі Андрус Стоніс прадставіць свой фільм "Жанчына і ляднік", які зняты ў гарах Цэнтральнай Азіі і выйшаў на экраны ў гэтым годзе. Таксама 4 лістапада, але ў кінатэатры "Піянер", мінскія гледачы ўбачаць сямейную меладраму "Разам назаўсёды" Ліны Лужытэ. Адна з апошніх работ рэжысёра - дакументальны фільм "Цацкі", які расказвае аб продажы мяккіх цацак у беларускім Жлобіне. Пра фільм "Разам назаўсёды" раскажа прадстаўнік літоўскага кінацэнтра Давіле Бутнарутэ.

У Falcon Club Буцік Кіно 5 лістапада Эгле Верцялітэ прадэманструе беларускай публіцы трагікамедыю "Цуд", прэм'ера якой адбылася ў гэтым годзе на МКФ у горадзе Таронта.

Карціну 1974 года "Садута Тута" класіка літоўскага кінематографа Альмантаса Грыкявічуса пакажуць 6 лістапада ў кінатэатры "Цэнтральны". Гэта адзін з самых загадкавых фільмаў літоўскай праграмы, з-за савецкай цэнзуры ў свой час ён быў практычна невядомы. Гледачам пра фільм раскажа кінакрытык Аўксе Канцэравічутэ, а 7 лістапада ў кінатэатры "Піянер" яна прадставіць другую літоўскую класічную стужку "Прыгажуня" 1969 года рэжысёра Арунаса Жэрунаса, уладальніка ўзнагароды кінафестывалю ў горадзе Лакарна.

Завершыць паказы літоўскай праграмы фільм "Дзень Сенекі". Рэжысёр карціны - Крысціёнас Вільджунас, у 2006 годзе яго стужка "Ты гэта я" ўдзельнічала ў конкурсе "Асаблівы погляд" Канскага кінафестывалю. Прадставіць карціну асістэнт рэжысёра і кастынг-дырэктар фільма Давіле Гасюнайтэ.

XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 3 па 10 лістапада пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць". Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатарамі выступаюць - Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі