Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

24 Dec 2020

Каляндар падзей у Беларусі: СТУДЗЕНЬ 2021

Каляндар падзей у Беларусі: СТУДЗЕНЬ 2021

Напярэдадні Раства і Новага года-2021 па ўсёй краіне разгорнуцца святочныя мерапрыемствы, а эпіцэнтрам самых яркіх падзей, безумоўна, стане Мінск. Ужо стартаваў сезон калядных кірмашоў, буйнейшыя з якіх адкрыліся калягалоўнай ёлкі на Кастрычніцкай плошчы і на праспекце Пераможцаў каля Палаца спорту. Незвычайны кірмаш Sarafan чакае гасцей з 19 па 30 снежня па вул. Кальварыйскай, 21-2: пад навагоднія матывы ў стылі Jingle Bells наведвальнікі змогуць не толькі выбраць арыгінальныя сувеніры, але і падмацавацца традыцыйнымі прысмакамі розных народаў свету.

Пасля каталіцкага Раства – з 26 снежня па 2 студзеня – на тэрыторыі Верхняга горада стартуе паказ "Навагодняя карусель, або Тайна афішнай тумбы" (у 17.00 і 20.00), які для жыхароў і гасцей сталіцы падрыхтавалі прафесійныя артысты балета, цыркавога і тэатральнага мастацтва.

Навагодняя ноч-2021 парадуе сюрпрызамі: з 0.00 да 3.00 на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца эстраднае музычна-тэатралізаванае шоу "Зімовы канцэрт". Яго паўтораць 1 і 2 студзеня – з 18.00 да 21.00. А дзякуючы святочнаму феерверку расквеціцца мінскае неба 1 студзеня ў1.30. У бягучым годзе агнявы пункт размешчаны ў Аляксандраўскім скверы, таму назіраць шоу лепш з Кастрычніцкай плошчы і праспекта Незалежнасці.

Падрабязней пра навагоднюю афішу Мінска – тут.

Выстава "Што расце на ёлцы?" у Мінску

"Што расце ў Вас на ёлцы?" – такое пытанне задаюць наведвальнікам куратары выставы ёлачных цацак у сталічнай галерэі Міхаіла Савіцкага. Асноўную частку калекцыі складаюць савецкія цацкі – шары, фігуркі, гірлянды і макушкі, вырабленыя ў 1940-1980-я, якія прыналежалі мінчанцы Алене Кастрыцкай. Тут можна ўбачыць разнастайнасць шароў з рознымі відамі пакрыцця, напыленнем і размалёўкай, а таксама больш мудрагелістыя формы: ледзяшы, "пражэктары", ліхтарыкі, шышкі. Сярод рарытэтаў – ватныя і шкляныя цацкі – выявы персанажаў казак, людзей розных прафесій і народаў СССР.

Калі: 12 снежня 2020 – 17 студзеня 2021
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Мінск, пл. Свабоды, 15

Прэм’ера ў Вялікім тэатры: опера "Пінокіа"

Адной з самых чаканых прэм’ер беларускага Вялікага ў гэтым сезоне стала опера "Пінокіа". З моманту першага паказу ў 2008 годзе шэдэўр Глорыі Бруні ўжо прагучаў у Неапалі, Парме, Лондане і іншых гарадах Еўропы. Мінск далучыўся да "марафону", прэзентаваўшы спектакль да зімовых канікулаў. Сцэнічным увасабленнем знакамітай гісторыі займалася згуртаваная каманда – дырыжор Уладзімір Авадок, рэжысёр Наталля Бараноўская і мастак Любоў Сідзельнікава. Для пастаноўшчыка гэта рэжысёрскі дэбют. Паводле слоў Наталлі Бараноўскай, "гісторыя аб драўлянай ляльцы, якая стала чалавекам, па-ранейшаму актуальна, бо мы ўсе робім памылкі, але, выпраўляючы іх, расцём…"

Калі: 19, 20, 26, 27, 28, 30 снежня 2020, 3 студзеня 2021
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Праграма "У пошуках чараўніцтва" ў Белдзяржцырку

Тэатралізаванае віншаванне з Новым годам падрыхтавалі артысты Белдзяржцырка. На гэты раз госці зазірнуць у творчую майстэрню галоўнага чараўніка – Дзядулі Мароза, зробяць дзіўнае падарожжа ў кампаніі Снегавіка і яго сяброў, якім трэба выратаваць зіму ад разбойнікаў і падарыць дзецям свята. У праграме прымаюць удзел акрабаты, паветраныя гімнасты, жанглёры, клоўны. Акрамя таго, на галоўным манежы краіны – дрэсіраваныя вярблюды і ламы, мядзведзі, тыгры, асляняты, сабачкі, малпы…
 
Калі: 19 снежня 2020 – 11 студзеня 2021
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Навагоднія казкі ў Белмузкамедыі

Чарада чароўных казак чакае гледачоў у Белмузкамедыі. "Навагоднія прыгоды Ямелі" Гельсят Шайдулавай (з 20 снежня) раскажуць пра вядомыя перыпетыі Ямелі, якому, каб заваяваць сэрца царскай дачкі, трэба будзе прынесці да Новага года чароўны камень Радамарын. Музычная казка Паўла Шведава пра дамавічка Кузю (з 24 снежня) раскажа гісторыю аб тым, як галоўны герой навучае хатнім прамудрасцям сваю новую сяброўку Наташу, але аднойчы яму даводзіцца адправіцца на пошукі зніклага куфэрка і нават пабываць у Бабы Ягі… Пасля Раства (з 26 снежня) пакажуць мюзікл "Снежная каралева", у якім любоў Кая і Герды пераадольваюць ліхадзействы халоднай Баранесы.

Калі: 20 снежня 2020 – 10 студзеня 2021
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44, Мінск

Галоўная Ёлка і Галоўная Ёлачка краіны ў Палацы Рэспублікі

Гэтыя любімыя дзецьмі і дарослымі навагоднія паказы ўжо многія гады кожную зіму радуюць гасцей. На вялікай і малой сцэнах Палаца Рэспублікі артысты ўвасабляюць гісторыі, якія абавязкова дапамогуць адчуць, што чараўніцтва існуе, а дабро заўсёды перамагае.    

У гэтым годзе на Галоўнай Ёлцы гледачы ўбачаць музычную казку "Чароўны свет", прысвечаную ў тым ліку і важнай тэме глабальнага пацяплення. На працягу гадзіны можна перанесціся ў розныя куткі планеты, бліжэй пазнаёміцца з навагоднімі чарадзеямі з Фінляндыі, Аўстраліі, Кітая і, вядома, пачуць віншаванне ад ужо легендарнага беларускага Дзеда Мароза ў выкананні заслужанага артыста Уладзіміра Радзівілава, які 25 гадоў нязменна запальвае Галоўную Ёлку краіны!

Кульмінацыяй нацыянальнага дабрачыннага праекта "Нашы дзеці" стане Галоўная Ёлачка. Паводле сюжэта спектакля "Дзед Мароз і люстэрка чарадзейства", каварны Кашчэй Бессмяротны ператварыў Дзеда Мароза ў Лесуна, а Снягурачку – у Пачвару. Гледачам трэба будзе зразумець, хто з іх хто і вярнуць усё на свае месцы… У ролях– акцёры Тэатра-студыі кінаакцёра Вера Палякова, Арцём Давідовіч, Юрый Баранаў, Алеся Пухавая, Алена Гіранок, Сяргей Лапаніцын, Яна Хадановіч…

Калі: 24 снежня 2020 – 7 студзеня 2021 
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Recordare: оперны канцэрт у Вялікім тэатры Беларусі

Канцэрт уладальніцы тытула "Спявачка свету-2015" Надзеі Кучар, прымы Вялікага тэатра Беларусі Аксаны Волкавай і пераможца конкурсу Operalia Пласіда Дамінга ў Лісабоне Паўла Пятрова стане цудоўным падарункам аматарам оперы. У першай частцы святочнай праграмы прагучаць лепшыя арыі з сачыненняў Бетховена, Шарпанцье, Пучыні, Берліёза, Гуно, Вэрдзі, Даніцэці, Масканьі, у другой – Пракоф’ева, Манюшкі, Мусаргскага, Гаўрыліна, Рымскага-Корсакава, Гурвіча, Хермана. Рэжысёр вечара, што адбудзецца ў суправаджэнні хору і сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра – Аксана Волкава, дырыжор – Дзмітрый Матвіенка.

Калі: 29 снежня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Навагодні вечар з аркестрам Classic energy

Яркі канцэрт падрыхтаваў для паклоннікаў сімфанічны аркестр Classic energy. Увайсці ў новы 2021 год музыканты запрашаюць пад самыя вядомыя мелодыі – ад легендарнай "5 минут" у выкананні Людмілы Гурчанка да хіта ABBA Happy New Year! Не абыдзецца без сапраўды ўрачыстай музыкі Frank Sinatra з удзелам лепшых вакалістаў. Таксама ў праграме прагучаць папулярныя саўндтрэкі з айчынных і замежных кінастужак, сярод якіх "Адзін дома", "Гары Потэр", "Хаціка", а таксама мультфільмаў Disney – "Халоднае сэрца", "Палярны экспрэс". Чакаецца, што адначасова на сцэне будуць знаходзіцца больш за 80 музыкантаў і выканаўцаў.

Калі: 31 снежня, 19.00
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

Новы год-2021 у Філармоніі

Акунуцца ў атмасферу свята і сустрэць Новы год у музычнай кампаніі запрашае Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Праграма вечара парадуе як сталых наведвальнікаў сталічнай Філармоніі, так і першаадкрывальнікаў. Са сцэны прагучаць шэдэўры сусветнай класікі і папулярныя кампазіцыі.

Калі: 31 снежня, 18.00
Дзе: Вялікая канцэртная зала, Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Цыркавы мюзікл ''Чароўная лямпа'' ў "Мінск-Арэне"

Цыркавы мюзікл "Чароўная лямпа" запрашае атрымаць асалоду ад усходняй казкі пра прыгоды адважнага вясёлага юнака Аладзіна і яго вернага Джына на буйнейшай пляцоўцы краіны. Удзельнікамі шоу стануць больш за 40 артыстаў расійскіх тэатраў, сярод якіх майстры Cirque du Soleil і фіналісты знакамітага тэлепраекта "Голас". У аснове паказу – відовішчныя цыркавыя і танцавальныя нумары ў спалучэнні з тэатрам і жывым вакалам, а таксама эксклюзіўныя касцюмы, яркія дэкарацыі і відэапраекцыі.

Калі: студзень 2021 года
Дзе: Мінск-Арэна, пр. Пераможцаў, 111, Мінск

Навагодні баль у Вялікім тэатры Беларусі

Тэма навагодняга балю ў гэтым годзе – казачная гісторыя пра Спячую прыгажуню. "Фармат свята прыемна здзівіць нават нашых пастаянных гледачоў: танцаў будзе больш. Але галоўнае – тыя, хто вырашыць прыняць удзел у асноўнай праграме балю і будуць хадзіць на рэпетыцыі, змогуць выступіць на галоўнай сцэне тэатра", - расказала балетмайстар-пастаноўшчык заслужаная артыстка Беларусі Юлія Дзятко. Паланэз, кантрданс, тры розныя вальсы, полька, дзве кадрылі – французская і вірджынская – такія танцы заяўлены для асноўнай праграмы балю.

У час антракту ў фае таксама сыграе аркестр, і гледачы змогуць ужо ў свабоднай форме прайсціся, напрыклад, у вальсе. "Дарэчы, самыя розныя забаўляльныя мерапрыемствы будуць працаваць у фае, пачынаючы з 8 гадзін вечара. І звярніце ўвагу, што Навагодні баль прадоўжыцца да гадзіны ночы", – адзначылі арганізатары.

Асноўная танцавальная праграма балю будзе чаргавацца з яркімі вакальнымі і балетнымі нумарамі ў выкананні зорак тэатра. Гэта значыць, ва ўдзельнікаў будзе ўнікальная магчымасць быць на адной сцэне з прызнанымі мэтрамі Вялікага.

Гэты Навагодні баль пройдзе 12-ы раз. Над ім працуюць: дырыжоры – уладальнік медаля Францыска Скарыны Іван Касцяхін і Алег Лясун, рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Кузьмянкова, балетмайстар-пастаноўшчык заслужаная артыстка Беларусі Юлія Дзятко, рэжысёр канцэртных праграм у Камернай зале імя Л.П.Александроўскай Алена Медзякова, мастакі Кацярына Булгакава і Кацярына Шымановіч, галоўны хормайстар народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч.

Калі: у ноч з 13 на 14 студзеня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Навагоднія канікулы ў сядзібах Дзядоў Марозаў

Святочны настрой пануе ў сядзібах навагодніх чараўнікоў, якія па традыцыі адкрыліся ў розных рэгіёнах краіны. І ў гэтым сезоне, калі важна захоўваць сацыяльную дыстанцыю і выбіраць забавы на свежым паветры, яны асабліва папулярныя.   

Знакамітае месца прыцягнення – рэзідэнцыя галоўнага Дзеда Мароза Беларусі і яго ўнучкі Снягурачкі ў Белавежскай пушчы. Першых гасцей навагоднія гаспадары самага старажытнага лесу Еўропы прынялі 12 снежня святам "Белавежская казка-2020". І менавіта тут можна атрымаць віншаванні ад самога чарадзея, прайсці па Казачнай вярсце, пабываць у цераме Снягурачкі, зазірнуць у Скарбніцу, наведаць Музей ледзянога быту і папрасіць снежнага надвор’я ў майстэрні Матухны Зімы.

Таксама адной з першых расчыніла дзверы Прыдзвінская рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў наваколлі Віцебска. З 16 снежня сядзіба запрашае юных гасцей на дзіўны паказ "Бяспечныя прыгоды фіксікаў і нячысцікаў у навагоднім Прыдзвінскім лесе". Акрамя галоўнага шоу, дарослыя і дзеці могуць паўдзельнічаць у народных гульнях, вясёлых забавах і конкурсах на свежым паветры, атрымаць сюрпрызы і падарункі, а таксама зрабіць сувеніры сваімі рукамі. А яшчэ прыняць удзел у акцыі toys-crossing і абмяняць сваю цацку на любую з калекцыі ў майстэрні ляснога чараўніка.

Наваселле справіў і гродзенскі Дзед Мароз, перасяліўшыся ў сезоне-2020 з прыгарада ў абласны цэнтр. З 18 снежня яго ўтульны маёнтак размяшчаецца ў гарадскім цэнтры рамёстваў "Спадчына" на вуліцы Рэйманта. Гасцей запрашаюць убачыць шоу казачных герояў, пазнаёміцца з каляднымі традыцыямі, навучыцца ствараць ёлачныя цацкі, зрабіць фота на памяць з любімымі героямі каля ледзянога трона і нават адправіць пісьмо жаданняў з дапамогай мясцовай чароўнай пошты.

Партызанскі Дзед Мароз у бушлаце і з партупеяй сустракае гасцей у мемарыяльным комплексе "Хаваншчына" Івацэвіцкага раёна. Верным спадарожнікам незвычайнага героя стала зусім не Снягурачка, а конь… Маёр. Гасцям трэба будзе на час стаць партызанамі і, узброіўшыся картамі, адправіцца ў лясны гушчар на двухгадзіннае заданне. Галоўнымі ў атрадзе з’яўляюцца супрацоўнікі музея, мэта паходу – пошукі Дзеда Мароза. Стылізаваная форма пад ваенныя 1940-я, зямлянкі і збудаванні таго часу – усё гэта не толькі пераносіць удзельнікаў у гераічнае мінулае Беларусі, але і дае магчымасць убачыць, як святкавалі Новы год партызаны Палесся.

Паказ на свежым паветры "Навагодні перапалох" падрыхтавалі ў Цэнтры экатурызму "Станькава". Паводле легенды, галоўныя захавальнікі часу – сімвалы 2020 года мышкі Мікі і Міні Маус вырашылі не аддаваць права здзяйснення жаданняў Бычку Альгерду – сімвалу 2021 года – і выкралі Дзеда Мароза. Гледачам трэба вырашыць гэту праблему, адшукаць чараўніка і вярнуць сімвалічныя ключы ад Новага года.

Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі "Сула" запрашае пабываць на вясёлым свяце і даведацца пра старадаўнія традыцыі сустрэчы Новага года і Каляд у нашых продкаў. Наведвальнікаў чакаюць інтэрактыўныя тэатралізаваныя паказы, абрады, гульні, танцы, квест у пошуках "Каляднай ялінкі" і новы спектакль сульскай "Батлейкі". Кульмінацыя – сустрэча з Дзедам Марозам і добрыя пажаданні на будучы год.

"Шлях да колеру" ў галерэі "Арт-Беларусь"

Выстава невідушчых мастакоў знаёміць гледачоў з творчасцю навучэнцаў мастацкага гуртка Belonika.аrt – падапечных майстра Сяргея Бандаровіча. Паводле слоў куратараў экспазіцыі, асаблівае разуменне колеру і формы робіць іх творы ўнікальнымі і адкрывае для наведвальнікаў новае ўспрыманне прывычных з дзяцінства паняццяў. Праграму выставы дапоўняць і іншыя мерапрыемствы, у тым ліку сустрэчы з аўтарамі праекта, майстар-класы. Частка атрыманых сродкаў будзе пералічана дабрачыннаму фонду "Ласкавыя крылы" на развіццё праекта і дапамогу ў арганізацыі студыі малявання для невідушчых людзей, частка – невідушчым мастакам.

Калі: 22 снежня 2020 – 15 студзеня 2021 
Дзе: галерэя "Арт-Беларусь", вул. Казлова, 3, Мінск
Даведацца больш

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі