Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Nov 2022

Каляндар падзей у Беларусі: СНЕЖАНЬ 2022

Каляндар падзей у Беларусі: СНЕЖАНЬ 2022

Фотавыстава да 160-годдзя Беларускай чыгункі

Унікальныя фота выставы "Беларуская чыгунка. 160 гадоў развіцця і ўдасканалення" можна ўбачыць на буйнейшых вакзалах магістралі. Праект прысвечаны юбілею, які будзе адзначацца 27 снежня. Пад слоганам "У нашай гісторыі ўсе падзеі галоўныя" прадстаўлены найбольш значныя і прыкметныя падзеі за 16 дзесяцігоддзяў гісторыі чыгуначнага транспарту ў Беларусі. Выставу размясцілі на вакзалах у Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Оршы, Магілёве і на станцыі Парэчча, дзе быў пакладзены пачатак руху паяздоў па беларускай зямлі. З архіўных фота складаецца візуальны летапіс кожнай эпохі – першыя вёрсты стальных пуцей і станаўленне новага віду транспарту, эпоха рэвалюцый і Грамадзянскай вайны, пераадоленне разрухі і будаўніцтва новых участкаў, ваеннае ліхалецце і эшалоны Перамогі, адраджэнне краіны і развіццё новых відаў цягі, абнаўленне інфраструктуры і электрыфікацыя, распад СССР і фарміраванне новых сувязей, абнаўленне рухомага саставу і ўкараненне інфармацыйных тэхналогій на чыгуначным транспарце ў сучаснай Беларусі.

Калі: з 19 жніўня да канца года
Дзе: буйнейшыя вакзалы краіны

Мерапрыемства "Лошыцкая сядзіба ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў"

Адна з самых папулярных выдатных мясцін Мінска – Лошыцкая сядзіба – запрашае адправіцца ў музычнае падарожжа. У час экскурсіі па сядзібе наведвальнікі не толькі ўбачаць стылізаваныя інтэр'еры, у якіх жылі знакамітыя ўладальнікі Яўстафій Прушынскі, Іван і Яўстафій Любанскія, але і даведаюцца пра іх лёсы, прывычкі, уклад жыцця, сакрэты, якія захоўваюць гэтыя сцены. Музычнымі ілюстрацыямі да экскурсіі стануць паланэз дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага "Развітанне з Радзімай", твор Напалеона Орды "Серэнада", п'еса са зборніка "Полацкі сшытак", творы нямецкага кампазітара-лірыка Іаганеса Брамса і рускага кампазітара-філосафа Аляксандра Скрабіна.

Калі: кожную нядзелю ў 15.00 і 17.00
Дзе: Музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 10, Мінск

Выстава "Гарадскі праменад. Мінск на старых паштоўках"

Яшчэ стагоддзе таму "адкрытыя пісьмы" былі адным з самых даступных спосабаў стасункаў на адлегласці, а масавы выпуск картак у канцы XIX стагоддзя садзейнічаў росквіту іх калекцыяніравання - філакартыі. Сёння вінтажныя паштоўкі, выдадзеныя ў 1900-1918 гг., з'яўляюцца гістарычнымі артэфактамі. Яны дазваляюць убачыць змяненні ў гарадскім асяроддзі таго часу: лініі конкі і возчыцкую біржу, тэлефонную станцыю, першыя аўтамабілі, што суседнічалі з запрэжанымі коньмі павозкамі, развітую чыгуначную сувязь. Каштоўнасць уяўляюць пасланні – віншаванні, навіны і просьбы – гараджан і падарожнікаў, якія па волі лёсу апынуліся ў губернскім Мінску пачатку ХХ стагоддзя.

Калі: са жніўня да канца 2022 года
Дзе: Мінская гарадская ратуша, пл. Свабоды, 2а, Мінск

Выстава беларускіх лялек-абярэгаў

Лялькі-абярэгі з'явіліся ў беларусаў яшчэ ў старажытныя часы: яны адлюстроўваюць уяўленні і вераванні, асаблівасці ўспрымання свету. Гульню ў лялькі нашы продкі не лічылі простай забавай. Спрадвеку верылі, што чым больш дзіця гуляе і старанна робіць ляльку, тым большы дастатак будзе ў сям'і, а жыццё яго складзецца больш удачна. Галоўнай задачай лялькі было засцерагчы чалавека ад злых сіл, прыняць на сябе хваробы і няшчасці, а таксама дапамагчы дзецям праз свет лялек увайсці ў дарослае жыццё. Наведвальнікі выставы "Скарбонка памяці" даведаюцца пра гісторыю беларускіх лялек-абярэгаў ("берагіня"), навучацца адрозніваць "стаўбушкі", "пелянашкі", "неразлучнікі", "мотанкі", вырабяць лялькі-абярэгі для сваёй сям'і па тэхналогіі, якая выкарыстоўвалася да сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Калі: да канца 2022 года
Дзе: музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 8/2, Мінск

Выставачны праект "Трагедыя народаў" у Мінску

"Трагедыя народаў" - гэта мультымедыйны праект, прысвечаны лёсу савецкіх грамадзян, пацярпелых ад нацысцкай агрэсіі і акупацыйнай палітыкі, закатаваных у гета і канцлагерах, сагнаных на прымусовыя работы ў Германію і сумежныя краіны. У экспазіцыі прадстаўлены больш за 100 алічбаваных друкаваных рарытэтаў з фондаў маскоўскага Музея Перамогі. Гэта рэпартажныя фатаграфіі ваенных карэспандэнтаў, дакументы, плакаты, лістоўкі, франтавыя малюнкі і работы пасляваенных мастакоў, што сведчаць аб злачынствах нацыстаў. Выстава ў беларускай сталіцы з'яўляецца часткай міжнароднага праекта "Тэрыторыя Перамогі", які стартаваў у 2017 годзе і ўжо аб'яднаў больш за 250 расійскіх і замежных музеяў, а таксама звыш 7 тысяч музейных работнікаў і 10 млн наведвальнікаў.

Калі: 10 кастрычніка - 10 снежня
Дзе: Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння, вул. Каліноўскага, 121, Мінск

Выстава "Пасля Пакрова нявеста гатова" ў Брэсце

Эксклюзіўную калекцыю вясельных сукенак прадставілі на выставе "Пасля Пакрова нявеста гатова". Са старажытных часоў свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы лічылася спрыяльным днём для шлюбаў. Менавіта да гэтага часу завяршаліся работы ў полі, і можна было рыхтавацца да вяселля. У экспазіцыі - вясельныя ўборы з мінулага стагоддзя, у тым ліку сукенка ў стылі New Look, міні з 1960-х, сукенкі з гіпюру і з простым сілуэтам з 1970-х, убор быццам ад прынцэсы Дзіяны, сукенкі з баваўнянай тканіны, саціну, нейлону... Таксама тут можна ўбачыць архіўныя вясельныя фатаграфіі, метрычныя кнігі, альбомы, запрашэнні на ўрачыстасць, святочныя ўпрыгажэнні. Асаблівую ўвагу прыцягваюць уборы і атрыбуты традыцыйнага беларускага вяселля.

Калі: да сярэдзіны снежня 2022 года
Дзе: Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, вул. К. Маркса, 60, Брэст
Даведацца падрабязней

Выставачны праект "Музей ёлачных цацак" у Нацыянальным гістарычным музеі

"Музей ёлачных цацак" напярэдадні Новага года зноў расчыніць дзверы для аматараў арыгінальных упрыгажэнняў. Усяго ў калекцыі, якая кожны год папаўняецца незвычайнымі рарытэтамі, сабрана больш за 2 тысячы цацак з 70 краін свету. Тут кожны прадмет расказвае пра асаблівасці свайго часу, а выстава выбудавана так, каб наведвальнікі даведаліся пра гісторыю стварэння шкляных шароў і іншых упрыгажэнняў з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён. Госці могуць убачыць цудоўныя вінтажныя цацкі, а таксама набыць або нават зрабіць сваімі рукамі падарунак для блізкіх.

Калі: 6 лістапада 2022 – 23 студзеня 2023
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, вул. Карла Маркса, 12, Мінск
Даведацца падрабязней

Выстава "Дакрануцца да мінулага" ў Доме-музеі Ваньковічаў

"Дакрануцца да мінулага" заклікае беларускі мастак-ілюстратар Павел Татарнікаў, работы якога вядомы чытачам твораў такіх сусветна вядомых аўтараў, як Уільям Шэкспір, Аляксандр Дзюма, Роберт Льюіс Стывенсан, браты Грым... Ён прайшоў шлях ад першага малюнка да звання выдатнага аўтара, уладальніка вышэйшай еўрапейскай узнагароды "Залаты яблык". Сёння Татарнікаў супрацоўнічае з беларускімі, еўрапейскімі, японскімі і кітайскімі выдавецтвамі…

Калі: 9 лістапада 2022 – 10 студзеня 2023
Дзе: філіял НММ Беларусі "Музей "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX ст.", вул. Інтэрнацыянальная, 33а, Мінск

"Сусветны поп-арт: ад Уорхала да Бэнксі"

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і галерэя FARBA прадстаўляюць новы выставачны праект "Сусветны поп-арт: ад Уорхала да Бэнксі". Публіка ўбачыць каля 80 твораў – ад самых папулярных серый "Мэрылін" і бляшанак супу "Кэмпбэл" Эндзі Уорхала да такіх бліскучых, але спрэчных сучасных прадаўжальнікаў поп-арту, як Рычард Раян і ікона стрыт-арту Бэнксі. Работы выкананы ў розных тэхніках, кожная з якіх лічылася мастаком дастойнай гледача. Тут і графіка, і афішы, і постары, і аб'екты, сабраныя ў прыватных калекцыянераў і ў галерэях. Арганізатары адзначылі, што цяпер поп-арт атрымаў другое дыханне – адраджаецца цікавасць да яго феномену. Выстава прадстаўляе і работы беларускіх аўтараў, творчасць якіх дапаўняе экспазіцыю. Таксама гасцям прапануюць прайсці тэматычны квест, які дазволіць у займальнай форме азнаёміцца з тэмай. У прасторы выставы можна знайсці арыгінальныя фотазоны і зрабіць кадр на памяць.

Калі: 25 лістапада 2022 – 22 студзеня 2023
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, пр. Незалежнасці, 47, Мінск

XXXIII Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салярцінскага

Музычны фестываль імя І.І. Салярцінскага аб'ядноўвае шэдэўры сусветнай класікі з нацыянальным здабыткам – старадаўнімі мелодыямі і творамі аўтараў XVI–XX стагоддзяў. Адкрыецца ён 2 снежня канцэртам камернай музыкі: творы Паганіні, Моцарта, Крэйслера, Бакерыні, Гайдна і Шастаковіча прагучаць у выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ільі Казлова, Паўла Тоўпіча, Наталлі Нескаромнай. Прадоўжыць зімовыя вечары 9 снежня канцэрт вакальнай музыкі: пераможца VI Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Мусліма Магамаева Дзамбалат Дулаеў выканае вядомыя оперныя партыі. А ў канцэрце закрыцця форуму – 16 снежня – прыме ўдзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава.

Калі: 2–16 снежня
Дзе: Віцебская абласная філармонія, вул. Леніна, 69, Віцебск

Зімовыя святы ў Белавежскай пушчы

Знакаміты рэліктавы лес Еўропы – а ў беларускай частцы гэта нацыянальны парк "Белавежская пушча" – прымае гасцей круглы год. Але зімой гэта месца становіцца асабліва прыцягальным! Бо акрамя любавання непаўторным хараством заснежанай прыроды і знаёмства з дзікімі насельнікамі пушчы, тут можна правесці дзіўны час у самай казачнай рэзідэнцыі краіны – маёнтку беларускага Дзеда Мароза.

Сезон зімовых свят пачнецца 3 снежня з традыцыйнага і любімага многімі мерапрыемства – прыезду Снягурачкі. У казачным маёнтку яна з'явіцца разам з Матухнай Зімой і яе дочкамі – Завірухай, Сцюжай і Мяцеліцай. У гэты дзень госці стануць удзельнікамі адразу двух займальных фестываляў. "Агні зімы" збяруць сольных выканаўцаў і самадзейныя калектывы, якія будуць выступаць у рэжыме нон-стоп на адкрытай пляцоўцы. Героямі фестывалю "Добрыя чарадзеі" будуць аніматары, якія пераўвасобяцца ў казачных персанажаў. Кульмінацыяй свята па традыцыі стане цырымонія ўключэння агнёў на белавежскай навагодняй ёлцы.

Вядома, з пачаткам зімы колькасць гасцей рэзідэнцыі галоўнага навагодняга чарадзея краіны значна павялічваецца. Бывае, што па маёнтку праходзяць да 6 тысяч чалавек на працягу дня. Як жыве ў гэты мітуслівы час Дзед Мароз, вы можаце даведацца ў новым рэпартажы з пушчы. Дарэчы, зімовыя памочніцы – Снягурачка і Матухна Зіма з дочкамі – будуць у маёнтку Дзеда Мароза да завяршэння Масленіцы (26 лютага 2023).

Калі: з 3 снежня
Дзе: в. Каменюкі, Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць, Нацыянальны парк "Белавежская пушча", маёнтак Дзеда Мароза

Мінскі міжнародны Калядны оперны форум

Вялікі тэатр Беларусі ўжо 12-ы раз запрашае паклоннікаў на Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. На сцэне пакажуць самыя яркія і відовішчныя пастаноўкі як беларускага Вялікага, так і іншых тэатраў, у галоўных партыях будуць адны з лепшых оперных выканаўцаў. Адкрые форум-2022 опера Пятра Чайкоўскага "Яўген Анегін" у пастаноўцы Маскоўскага музычнага тэатра "Гелікон-опера". Мінчане і госці сталіцы ўпершыню ўбачаць спектакль народнага артыста Расіі Дзмітрыя Бертмана, аднаўленне эталоннага спектакля вялікага Станіслаўскага 1922 года. На сцэне Вялікага тэатра Беларусі гледачы ўбачаць маладых зорак і майстроў сцэны "Гелікон-оперы" – лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Лізавету Кулагіну, Максіма Перабейнаса, Валянціну Гофер, Ігара Марозава, Іну Звяняцкую, Аляксея Дзядова, заслужаных артыстаў Расіі Ларысу Касцюк, Міхаіла Гужова і Дзмітрыя Панамарова, а таксама Міхаіла Лаверава і Дзмітрыя Караткова.

14 снежня – опера Джакама Пучыні "Турандот". Дырыжор – Эюб Куліеў (Азербайджан), у партыі Калафа – Іван Гынгазаў (Маскоўскі музычны тэатр "Гелікон-опера");
15 снежня - "Вялікі тэатр: Масква – Мінск. Маладыя галасы". У канцэрце прымуць удзел салісты Вялікага тэатра Расіі Ганна Шапавалава і Канстанцін Арцем'еў, артысты Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі Ліліт Даўцян, Максім Лісіін, Жасур Хайдараў;
16 снежня – опера-буфа "Любоўны напітак", у партыі Дулькамары – Магерам Гусейнаў (Марыінскі тэатр);
17 снежня – спектакль Дзяржаўнага тэатра оперы і балета "Астана Опера" "Шаўковая лесвіца", дырыжор – Абзал Мухітдзінаў (Казахстан);
18 снежня - Гала-канцэрт зорак сусветнай оперы. У канцэрце прымуць удзел: Магерам Гусейнаў (Азербайджан), Тыгран Аганян (Арменія), Гадэрдзі Джанелідзэ (Грузія), Салтанат Ахметава (Казахстан), Крысціян Бенядзікт (Літва), Іван Гынгазаў, Паліна Шамаева (Расія), Раміз Усманаў (Узбекістан).

Калі: 13–18 снежня
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Даведацца падрабязней

У чаканні свят: цырымоніі ўключэння навагодніх агнёў і адкрыццё калядных кірмашоў у Беларусі

Пачатак каляндарнай зімы – час адліку фінальных тыдняў адыходзячага года і чакання хуткай сустрэчы з новым. Вітрыны і залы магазінаў, рэстараны і кафэ ўжо даўно зіхацяць святочнымі агнямі. А гарадская ілюмінацыя і навагоднія ёлкі па ўсёй Беларусі пачынаюць уключацца з сярэдзіны снежня. У гэтыя ж дні адкрываюцца і калядныя кірмашы з сувенірамі, духмянымі гарачымі напіткамі, смачнымі стравамі нацыянальнай беларускай і кухань свету. У снежні расчыняюць дзверы зімовыя рэзідэнцыі Дзеда Мароза – у нацыянальных парках і Бярэзінскім біясферным запаведніку, музеях-скансенах і буйных агратурыстычных цэнтрах.

У Мінску навагодняя ілюмінацыя і агні 26 зялёных прыгажунь па традыцыі заззяюць 15 снежня. І на гэты раз аўтары дызайнерскай канцэпцыі ўпрыгожвання горада прапанавалі незвычайныя ідэі для святочных пляцовак і ёлак, а таксама абяцаюць цікавыя лакацыі аматарам яркіх фота і... вялікі сюрпрыз, які парадуе мінчан і гасцей сталіцы.

  • Галоўная ёлка краіны на Кастрычніцкай плошчы ўразіць абавязкова: 30-метровая прыгажуня будзе ўсыпана 6 тыс. цацак рознай колеравай гамы і ўкрыта піксельнай сеткай, з дапамогай якой трансліруюцца навагоднія карцінкі. Акружаная светлавым фантанам з арак у ажурным абрамленні, яна будзе ззяць у цэнтры казачнага гарадка-замка з любімымі навагоднімі героямі.
  • Ёлку на плошчы Незалежнасці, якая абяцае стаць самай каларытнай і мілай у горадзе, упрыгожаць габарытныя цацкі ручной работы – сімвалы надыходзячага года зайцы. А ўсю плошчу акружаць рознакаляровыя фрэзераваныя ёлкі з вялікімі шарамі і 4-метровыя лічбы 2023.
  • На пляцоўцы ля Белдзяржцырка з'явіцца аб'ёмная кампазіцыя "Паравоз і Ёлка", якая будзе свяціцца тысячамі агеньчыкаў, куды абавязкова варта зазірнуць і дзецям, і дарослым.
  • Ля сталічнай ратушы будзе створана арыгінальная фотазона. Цэнтрам кампазіцыі стануць Дзед Мароз і Снягурачка, а таксама загадкавае люстэрка – адсылка да твора "Аліса ў Краіне цудаў", дзякуючы якому кожны зможа памарыць аб казачным Залюстроўі.
  • На галоўнай гарадской лакацыі каля Палаца спорту з'явіцца замкавы горад-кірмаш з мноствам забаў і навагоднім дрэвам у бэзава-серабрыстых колерах.
  • Спіральная ёлка-арт-аб'ект, які ў 2019 годзе ўвайшла ў топ-10 ёлак Еўропы, ужо некалькі сезонаў падарожнічае па Мінску і на гэты раз пераедзе ў парк імя Паўлава…

У Брэсце агні на галоўнай ёлцы горада ўключаць вечарам 16 снежня. Тэатральна-музычнае шоу пад назвай "Модная ёлка Брэста" абяцае гасцям яркія выступленні творчых калектываў горада, фаер-шоу, сустрэчу з навагоднімі персанажамі, Дзедам Марозам і Снягурачкай. Асаблівасцю праграмы стане паказ футравых вырабаў, які ў Брэсце арганізуюць упершыню. Завершыцца свята дыскатэкай.

У Гродне навагодняя ілюмінацыя і галоўная ёлка на плошчы Савецкай заззяюць у час традыцыйнага шэсця Дзядоў Марозаў вечарам 16 снежня. Яшчэ адной яркай падзеяй стане прэзентацыя алеі крэатыўных ёлак у парку Жылібера.

У Віцебску ўрачыстае ўключэнне галоўнай ёлкі горада на плошчы Перамогі і вулічных агнёў адбудзецца вечарам 23 снежня.

"Навагодняе падарожжа" ў Белдзяржцырку

Напярэдадні зімовых свят Белдзяржцырк прэзентуе новую праграму. Разам з галоўнымі героямі госці адправяцца ў "Навагодняе падарожжа" па загадкавай Поўначы, дзе сустрэнуць мудрых шаманаў, таямнічых будаўнікоў паветранага карабля, пазмагаюцца з хітрымі і каварнымі разбойнікамі, пазнаёмяцца з паўночным Дзедам Марозам і нават убачаць сапраўдных насельнікаў вечнай мерзлаты – гіганцкіх мамантаў! Гледачоў чакае сапраўдная зімовая казка, напоўненая святочнай атмасферай, авантурнымі прыгодамі і захапляльнымі нумарамі ў выкананні беларускіх артыстаў. У праграме – нумары гімнастаў на лятяючых мачтах і паветранай трапецыі, жанглёраў з бярвёнамі, а таксама на манежы выступяць дрэсіраваныя поні і вартавыя палярнай ночы – беласнежныя тыгры.

Калі: 17 снежня 2022 – 15 студзеня 2023
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Прэм'ера спектакля "Шчаўкунок" у Брэсцкім тэатры лялек

Гэту казачную перадкалядную гісторыю паказваюць у многіх тэатрах свету. Свая версія пастаноўкі паводле матываў казкі Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана "Шчаўкунок і мышыны кароль" з'явіцца і ў Брэсце. Рэжысёр Дзяніс Казачук і мастак Ірына Цітавец у сваім спектаклі раскажуць пра цуд, веру ў яго і стойкасць у перакананнях. "Будзе і жывы акцёрскі план, і лялечны. Будзем падарожнічаць з рэальнасці ў лялечны свет, сон, казку", – заінтрыгаваў пастаноўшчык.

Калі: 17 снежня
Дзе: вул. Леніна, 56, Брэст, Брэсцкі тэатр лялек

Навагодняе цыркавое шоу "Айсберг" у "Чыжоўка-Арэне"

Навагодняе цыркавое шоу "Айсберг" разгорнецца на дзвюх – цыркавой і лядовай – арэнах. Гасцей будуць здзіўляць майстры цыркавога мастацтва і фігурнага катання, мотафрыстайлеры на матацыклах, экстрэмальнае "Кола смеласці", дрэсіраваныя сабачкі на скейтбордзе, вясёлыя клоўны – прызёры знакамітага фестывалю ў Монтэ-Карла, сілавы экстрым ад 29-разовага рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінеса, канатаходцы – прадстаўнікі старэйшай цыркавой дынастыі. І, вядома, гледачоў чакае сустрэча з галоўнымі навагоднімі персанажамі – Дзедам Марозам і Снягурачкай.

Калі: 23–25 снежня
Дзе: "Чыжоўка-Арэна", вул. Ташкенцкая, 19, Мінск

Цыркавое шоу братоў Запашных "Калі б я была царыца..." у Мінску

Напярэдадні Новага года Прадзюсарскі цэнтр братоў Запашных прадстаўляе ў "Мінск-Арэне" спектакль Вялікага дзяржаўнага цырка на праспекце Вярнадскага "Калі б я была царыца" паводле казкі вялікага рускага паэта Аляксандра Пушкіна "Казка пра цара Салтана". Артысты пераўвасобяцца ў герояў твора і раскажуць гледачам надзвычайную гісторыю пра дабро і зло, здраду і вернасць, шчасце і каханне. Гэта феерычнае злучэнне літаратурнай класікі, цыркавога і тэатральнага мастацтваў адбудзецца на буйнейшай пляцоўцы Беларусі. Адметнасцю шоу Запашных з'яўляюцца незвычайныя светлавыя эфекты, эксклюзіўныя касцюмы, захапляльныя нумары гімнастаў і акрабатаў, а таксама дрэсіраваныя памочнікі – сабакі і мядзведзі. І, вядома, радаваць гасцей будуць самыя смешныя клоўны.

Калі: 24 і 25 снежня
Дзе: "Мінск-Арэна", пр. Пераможцаў, 111, Мінск

Прэм'ера оперы "Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)" у Вялікім тэатры Беларусі

Прэм'ера оперы Сяргея Баневіча "Гісторыя Кая і Герды" ў пастаноўцы рэжысёра Ганны Маторнай стане яшчэ адным падарункам публіцы ў юбілейным 90-м сезоне Вялікага тэатра Беларусі. Вядомая не аднаму пакаленню дзяцей па ўсім свеце гісторыя пра каварства і жорсткасць Снежнай Каралевы і цудоўную і выратавальную любоў Кая і Герды ўвасобіцца на сцэне галоўнага тэатра краіны ў казачнай оперы для гледачоў любога ўзросту. Дарэчы, сярод тых, хто прыме ўдзел у сямейным конкурсе на лепшую навагоднюю цацку па 20 снежня і прадставіць свой выраб, прысвечаны новай пастаноўцы, разыграюць спецыяльны прыз.

Калі: 24 і 27 снежня 2022; 3, 4, 28, 29 студзеня 2023
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Галоўная ёлка краіны: "Сузор'е зубра, або Як выратаваць Новы год"

Кульмінацыяй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" стане Галоўная ёлка краіны-2022, якая па традыцыі будзе прымаць гасцей у Палацы Рэспублікі. На гэты раз гледачы ўбачаць гісторыю пра юных Раду і Алеся, якія прыязджаюць з бацькамі ў вясковы дом недалёка ад рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Там героі даведаюцца пра легенду аб Зорным зубры і зорцы жаданняў, якая здзяйсняе ўсе дзіцячыя мары ў навагоднюю ноч. Аднак нешта здараецца ў Сузор'і зубра – і ўсе зоркі ў ім гаснуць, таму Дзед Мароз пасылае Раду і Алеся дапамагчы Зорнаму зубру. Дзяцей чакае падарожжа ў пошуках таямнічага Выкрадальніка навагодніх зорак, у час якога яны наведаюць розныя свяцілы – навагодніх ласункаў, забаў, традыцый і падарункаў, а таксама пазнаёмяцца з іх захавальнікамі.

Калі: 24 снежня 2022 – 5 студзеня 2023
Дзе: Палац Рэспублікі, Кастрычніцкая плошча, 1, Мінск

Навагоднія святы ў Мінску

З 25 снежня да 7 студзеня – ад Раства каталіцкага да Раства праваслаўнага – горад будзе жыць у асабліва насычаным рытме ўрачыстасцей, сюрпрызаў і сяброўскіх сустрэч. У навагоднюю ноч гулянні разгорнуцца на 22 пляцоўках у розных раёнах горада.

Галоўнымі месцамі святкаванняў у цэнтры сталіцы стануць пляцоўкі ля Палаца спорту, ля Ратушы на плошчы Свабоды і ў Ракаўскім прадмесці.

Тэрыторыя ля Палаца спорту, дзе адновяць атмасферу старадаўняга Мінска:

  • з 25 снежня па 7 студзеня кожную гадзіну з 14:00 – інтэрактыўныя паказы з Дзедам Марозам і Снягурачкай;
  • з 25 снежня па 7 студзеня ў 19:00–19:45 – інтэрактыўнае тэатралізаванае шоу "Казка ў моманце";
  • 25 снежня з 19:30 да 22:00 – забаўляльная праграма "Шчодры вечар" з традыцыйнымі і сучаснымі каляднымі песнямі і танцамі, эстраднымі хітамі;
  • 1 студзеня з 00:30 да 4:00 – танцавальнае шоу "Новы год для ўсіх" з дыджэямі і эстраднымі выканаўцамі;
  • 7 студзеня з 19:30 да 22:00 – канцэрт для ўсёй сям'і "З Калядамі і Новым годам".

Верхні горад і плошча Свабоды

У адпаведнасці з тэмай пляцоўкі захавальнік навагодніх тайн ратушы раскажа гісторыю пра даўнія традыцыі правядзення Новага года ў Верхнім горадзе. Адной з іх быў навагодні баль, таму з 25 снежня па 2 студзеня ў 17:00 і 20:00 тут будуць праходзіць паўгадзінныя інтэрактыўныя паказы "Баль навагодніх жаданняў".

Пляцоўка на вуліцы Ракаўскай, 25

З 20 снежня па 8 студзеня тут будзе працаваць навагодні кірмаш у суправаджэнні інтэрактыўнай праграмы з казачнымі персанажамі, конкурсамі, караоке, бяспройгрышнай латарэяй, паказам навагодніх фільмаў. Кожны дзень у 18:00−19:00 на сцэне будуць выступаць творчыя калектывы.

Буйнейшыя калядныя кірмашы Мінска адкрыюцца 17 снежня. Самы вялікі размесціцца ля Палаца спорту і будзе працаваць да 15 студзеня. Кірмаш на Кастрычніцкай плошчы будзе адкрыты па 7 студзеня. У навагоднюю ноч яны прадоўжаць прымаць гасцей да 4 гадзін раніцы. У Верхнім горадзе кірмаш прадоўжыцца з 25 снежня па 7 студзеня. Акрамя таго, святочныя гандлёвыя рады з'явяцца ў кожным раёне сталіцы.

Святочны канцэрт "Новы год у Філармоніі"

Беларуская філармонія прадаўжае добрую традыцыю збіраць знатакоў вечнай музыкі на святочны вечар напярэдадні Новага года. У выкананні галоўнага аркестра краіны − Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь − пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава прагучаць любімыя класічныя творы і адбудуцца прэм'еры новых кампазіцый. Гасцей чакаюць выступленні салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, чэмпіёнаў Беларусі па спартыўных танцах... І гэта далёка не ўсе сюрпрызы!

Калі: 31 снежня ў 18:00
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Канцэрт "Ёлкі зялёныя, або Любімыя песні Новага года"

Музычны тэатр запрашае загадзя завяршыць падрыхтоўку да навагодняй ночы і заняць месцы ў глядзельнай зале, каб праводзіць адыходзячы 2022-і пад цудоўныя кампазіцыі. У праграму вечара ўвайшлі любімыя многімі мелодыі Мікаэла Тарывердыева з кінастужкі "Іронія лёсу, ці З лёгкай парай!", песні Яўгена Крылатава з мультфільма "Зіма ў Прастаквашыне" і яшчэ некалькі дзясяткаў навагодніх шэдэўраў у выкананні салістаў, балета і сімфанічнага аркестра Музычнага тэатра.

Калі: 31 снежня ў 14:00 і 18:00
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, вул. Мяснікова, 44, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі