Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Врс 2021

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНIК 2021

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНIК 2021

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Выстава "Тадэвуш Касцюшка як мастак"

4 лютага споўнілася 275 гадоў з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуша Касцюшкі. У гэты дзень на малой радзіме выдатнага ваеннага і палітычнага дзеяча – у мемарыяльным музеі-сядзібе ва ўрочышчы Мерачоўшчына горада Косава – разгарнулася ўнікальная выстава-праект, якая раскрывае знакамітага генерала ў творчай іпастасі. Наведвальнікі могуць убачыць 16 рэпрадукцый работ Касцюшкі, выкананых ім у розныя перыяды жыцця. Тут прадстаўлены і першыя палотны – пераважна копіі работ іншых мастакоў, зробленыя ў час вучобы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Францыі, і рэплікі карцін больш позняга перыяду. Нягледзячы на тое, што Тадэвуш Касцюшка звязаў жыццё з ваеннай справай, ён прадаўжаў займацца жывапісам і пасля паўстання 1794 года, а ў Амерыцы набыў славу партрэтыста.

Калі: 4 лютага – 31 снежня
Дзе: Мемарыяльны музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі, Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, Косава, вул. Т.Касцюшкі, 108
Даведацца падрабязней

Выстава "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад" адкрыў 10-ы сезон, атрымаўшы прапіску на Камсамольскай вуліцы, аднак не страціў сваю місію – знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва. На гэты раз у фокусе ўвагі open air выставы – творчасць знакамітага мастака-пейзажыста – Леаніда Шчамялёва. У студзені 2021-га народнага мастака не стала, але яго творы будуць жыць. Карціны захоўваюцца ў многіх музеях, у тым ліку Нацыянальным мастацкім і абласных краязнаўчых. Госці мінскай галерэі пад адкрытым небам азнаёмяцца з гісторыяй стварэння пейзажаў і палотнаў, прысвечаных малой радзіме аўтара, пры дапамозе аўдыягіда.

Калі: з 28 мая
Дзе: бульвар па вул. Камсамольскай, Мінск

"Шэдэўры Гюстава Дарэ" ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

Французскі мастак і графік XIX стагоддзя Поль Гюстаў Дарэ ўвайшоў у сусветную гісторыю як геніяльны ілюстратар літаратурных твораў. Спадчына майстра налічвае дзясяткі тысяч работ, многія з якіх уваходзяць у залаты фонд усяго свету. Упершыню беларускія знатакі Дарэ змогуць убачыць больш за 120 ілюстрацый да вядомых твораў. Сярод іх "Боская камедыя" Дантэ Аліг'еры, "Хітрамудры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі" Мігеля дэ Сервантэса, "Прыгоды Барона Мюнхгаўзена" Рудольфа Эрыха Распэ…

Калі: 27 жніўня - 24 кастрычніка
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, пр. Незалежнасці, 47, Мінск
Даведацца падрабязней

Прэм'ера ў Вялікім тэатры: "Дзікае паляванне караля Стаха"

Прэм'ера опернага спектакля паводле рамана выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча адкрые 89-ы сезон у Вялікім тэатры. Упершыню нацыянальная класіка прагучала на галоўнай сцэне ў 1989 годзе, калі над пастаноўкай працавалі Уладзімір Солтан і музычны кіраўнік Яраслаў Вашчак. У 1990-м творчы тандэм і выканаўцы галоўных роляў - Наталля Кастэнка, Віктар Скорабагатаў і Уладзімір Экнадыёсаў - былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. У новым прачытанні спектакль прэзентавала рэжысёр Ганна Маторная. Старадаўнія замкі, гадзіннікі як ідэя адыходзячага часу, шахматы як лейтматыў вечнай гульні, колеры і вобразы слуцкіх паясоў, дэкарацыі, якія адсылаюць да абразоў XV-XVI стагоддзяў - усё гэта стала сімваламі, напоўненымі асаблівым сэнсам, важным для разумення задумы пастаноўкі.

Калі: 2 кастрычніка
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Даведацца падрабязней

"Сто мінут вакол свету" ў Белдзяржцырку

Прыгодніцкая праграма адкрые асенні сезон-2021 у Белдзяржцырку: гледачам прапануюць правесці "Сто мінут вакол свету". Не пакідаючы меж беларускай сталіцы, гледачы акунуцца ў атмасферу кругасветнага падарожжа, дзе на кожным кроку іх чакаюць новыя ўражанні, хвалюючыя сустрэчы і падзеі, каларытныя персанажы. Гасцей чакае знаёмства з амерыканскімі каўбоямі на конях, канадскімі пумамі, з велічнымі караблямі пустыні вярблюдамі і свавольнымі ламамі, гарэзлівымі поні, віртуознымі гімнастамі і акрабатамі.

Калі: 18 верасня - 5 снежня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Італьянскія шэдэўры з калекцыі НММ: выстава "Ёсць дзіўны край..."

Адправіцца ў маляўнічы ваяж па вядомых мясцінах Італіі запрашаюць куратары выставы "Ёсць дзіўны край...". Італія – калыска Адраджэння і галоўны "музей" свету – уваходзіла ў маршрут гран-туру – падарожжа, якое рабілі ў адукацыйных мэтах сыны еўрапейскіх арыстакратаў і багатых буржуа. Тынтарэта, Караваджа, Дзанкі, Малінары... У экспазіцыі прадстаўлены творы італьянскіх майстроў XVI–XX стагоддзяў, у тым ліку ўнікальныя ўзоры, напрыклад, "Міфалагічны сюжэт" ("Музыканты") Джыралама Тропы і "Мадонна з дзіцем", што прыпісваецца прадстаўніку балонскай школы XVII стагоддзя Джавані Франчэска Барб'еры. Агульную панараму дапаўняюць гравюры XVIII – першай паловы XIX стст. і скульптуры выдатных майстроў XIX ст. – Джавані Андэрліні, Энрыка Брага, Эрнеста Эрметэ Гацэры.

Калі: 22 верасня – 21 лістапада
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей, вуліца Леніна, 20, Мінск

24-ы Манхэтэнскі фестываль кароткаметражнага кіно ў Мінску

Буйнейшы форум кароткаметражнага кіно аб'яднае тысячы гледачоў з 400 гарадоў свету на 5 кантынентах, якім трэба будзе выбраць лепшую карціну 2021 года. Гледачы ўбачаць сучасны свет вачамі маладых рэжысёраў з ЗША, Вялікабрытаніі, Афганістана, Паўночнай Ірландыі, Францыі, Нарвегіі, Італіі і Канады. Усяго ў праграме – 10 кароткіх кінагісторый. У іх ліку амерыканскі нон-фікшн "Смерць ад рукапаціскання" пра жыццё ў Нью-Ёрку ў эпоху сусветнай эпідэміі, кранальная драма "Казус", "Дрэнная прыкмета" пра правы жанчын у Ірландыі, французскі "Сіндром Арчыбальда", нарвежскі намінант на "Оскар"-2020 "Хор аматараў фінскіх саней", брытанская драма "Ганеф" пра сям'ю, якая перажыла халакост, фільм "Закрыты для святла", зняты ў стылі ажыўшых рэнесансных фрэсак, і эксцэнтрычная камедыя "Месье Кашэмір".

Калі: 23 верасня – 3 кастрычніка
Дзе: Палац Рэспублікі, Кастрычніцкая плошча, 1, Мінск

Канцэрт "Espana. France. Argentina in duo" ў Гродне

Зрабіць віртуальнае падарожжа з сырой восені ў цёплую Аргенціну і не толькі, тым самым адзначыўшы Міжнародны дзень музыкі, запрашаюць Наталля Шах і Марыя Махвіц. Цудоўнае спалучэнне тэмбраў акардэона і віяланчэлі напоўняць вечар іспанскімі рытмамі, французскім шармам і рамантыкай, дазволяць атрымаць асалоду ад сапраўднага аргенцінскага танга. Госці пачуюць энергічныя творы іспанскіх кампазітараў (П. Маркіна Нара, М. Пенела, І. Альбеніс), пяшчотныя французскія песні (У. Касма, Ф. Лей, М. Мацье), "палётныя" вальсы-мюзеты (Р. Гальяна, Б. Лагрэн, Дж. Каломба) і гарачыя танга А. П'яцалы.

Калі: 1 кастрычніка
Дзе: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, вул. Замкавая, 20, Гродна

Спектакль Тэатра Антона Чэхава "Агароджа" ў Мінску

Скандальная гісторыя канадскага драматурга Норма Фостэра ў пастаноўцы рэжысёра Леаніда Трушкіна гаворыць з гледачамі аб сапраўдных пачуццях, дзеля якіх варта выбрацца з-за сваёй цвёрдакаменнай агароджы, аб тым, як складана бывае знайсці каханне і як лёгка яго страціць, бо аднаго неасцярожна кінутага слова часам дастаткова, каб разбурыць жыццё. Гэта гісторыя, што выбудаваць агароджы з неразумення, іроніі, з'едлівасці, эпатажу і грубасці аказваецца лягчэй, чым вымавіць два простыя, такія выратавальныя словы – "прабач" і "кахаю". Галоўныя ролі ў спектаклі выконваюць артысты маскоўскага Тэатра Антона Чэхава – народны артыст Расіі Фёдар Дабранраваў (Гары), заслужаная артыстка Расіі Інга Аболдзіна (Джын), Іван Дабранраваў (Дру).

Калі: 5 кастрычніка
Дзе: канцэртная зала "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

Айлен Прытчын і аркестр "Метамарфоза" ў Мінску

Новы сезон струнны аркестр "Метамарфоза" пад кіраўніцтвам Паўла Любамудрава адкрые канцэртам з удзелам расійскага скрыпача Айлена Прытчына. Малады прафесар кансерваторый у Бруселі і Антверпене, саліст і камерны музыкант, актыўна гастралюе ў Расіі і за мяжой. У канцэрце ў камернай зале Нацыянальнай школы прыгажосці прагучаць творы з розных стагоддзяў, краін і культур – серэнада для струнных Антаніна Дворжака, сюіта для скрыпкі і струннага аркестра Яна Сібеліуса, "Далёкае святло" Петэрыса Васкса.

Калі: 6 кастрычніка
Дзе: Нацыянальная школа прыгажосці, вул. Мельнікайтэ, 4, Мінск

Тыдзень маці-2021 у Беларусі

Адно з самых кранальных свят у календары – Дзень маці – Беларусь адзначае з 1995 года. Яго галоўныя мэты – развіваць традыцыі беражлівага стаўлення да жанчыны-маці, якая дорыць жыццё, выхоўвае, дапамагае і ўсё, што толькі можа, аддае дзецям. Больш таго, дата 14 кастрычніка ў нашай краіне сімвалічна прымеркавана да знакамітага рэлігійнага свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Цэлы тыдзень мерапрыемстваў пройдзе ў гарадах і вёсках, у тым ліку пад патранажам Беларускага саюза жанчын – ушаноўванні, акцыі, круглыя сталы і конкурсы. Асаблівую ўвагу, як заўсёды, удзеляць мамам, якія выхавалі таленавітых, адораных, актыўных грамадзян краіны.

Калі: 7–14 кастрычніка

IV Міжнародны ілюзійны фестываль (МІФ) у Мінску

Minsk Magic 2021 збярэ лепшых фокуснікаў і ілюзіяністаў з розных краін свету. Конкурсная праграма разгорнецца ўжо чацвёрты раз у розных намінацыях – сцэнічная магія, мікрамагія, камічная магія, ментальная магія – і ў дзвюх узроставых групах (да 18 і старэйшага ўзросту). Дарэчы, у лік намінацый уваходзіць кардыстры, удзел у якой бясплатны, аднак пераможцам прыз "Залаты Трус" не ўручаецца. Акрамя спаборніцтваў, чакаюцца лекцыі, майстар-класы, практычныя семінары ад вопытных ілюзіяністаў, прэзентацыя навінак фокуснага рэквізіту і абмен вопытам.

Калі: 12–13 кастрычніка
Дзе: кафэ "Шчаслівы дзень", вул. Уральская, 3А, Мінск

"Трыумф джаза": Ron Baker у Мінску

Зорка амерыканскага джаза спявак і трубач Рон Бэйкер выступіць у Мінску з канцэртам "Трыумф джаза". Сёння яго называюць паслядоўнікам традыцый Нэта Кінга Коўла, Дзюка Элінгтана і Кліфарда Браўна і адным з лепшых трубачоў свету, які стварае захапляльны паток з дапамогай голасу, дыхання і руху цела. Шырокую вядомасць ён атрымаў у 1997 годзе пасля заснавання групы Ronald Baker Quintet. Аўтар ужо сямі сольных пласцінак, што займаюць высокія пазіцыі ў музычных чартах, прадставіць беларускай публіцы новы альбом Celebrating Nat King Cole, які аднаўляе атмасферу джазавага Гарлема 1950-60-х.

Калі: 14 кастрычніка
Дзе: Джаз-клуб Яўгена Уладзімірава, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў "Віцебскі лістапад"

Юбілейны 35-ы фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў упершыню стане дэбютнай пляцоўкай для юных талентаў з 10 гадоў, якія змогуць выступаць з вакальнымі нумарамі і ў жанры мастацкай дэкламацыі. Яшчэ адзін сюрпрыз – вершаваны экспромт, натхнёны выставай вядомай віцебскай мастачкі Валянціны Ляховіч. Кожны ўдзельнік паэтычнага конкурсу зможа пакінуць аб рабоце, якая спадабаецца, водзыў у рыфмаваных радках, а потым гэтыя каментарыі стануць жывым суправаджэннем для экспазіцыі. "Віцебскі лістапад"-2021 збярэ прадстаўнікоў шасці краін (Беларусь, Расія, Украіна, Ізраіль, Латвія, Новая Зеландыя) і пройдзе ў вочным і анлайн-фарматах. Праграма стартуе 15 кастрычніка з паэтычнага турніру, на ўдзел у якім падалі ўжо заяўкі больш за 100 чалавек.

Калі: 15–17 кастрычніка
Дзе: канцэртная зала "Віцебск", пр. Фрунзэ, 1, Віцебск
Даведацца падрабязней

"Яд кахання": Аксана Волкава прэзентуе новы альбом у Вялікім тэатры

Знакамітая оперная дзіва Аксана Волкава прадставіць альбом Poison d'amour ("Яд кахання") у Вялікім тэатры Беларусі. У канцэрце прагучаць арыі для мецца-сапрана з сусветна вядомых опер: "Сафо" Шарля Гуно, "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага, "Садко" Мікалая Рымскага-Корсакава, "Кармэн" Жоржа Бізэ, "Сельскі гонар" Петра Масканьі. За дырыжорскім пультам гледачы ўбачаць заслужанага артыста Расіі, піяніста, чатыры разы намінанта на прэмію "Грэмі" Канстанціна Арбеляна. Запрошанымі гасцямі стануць саліст Марыінскага тэатра ўраджэнец Маладзечна Уладзіслаў Сулімскі (барытон) і выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі Святлана Касьян (сапрана).

Калі: 16 кастрычніка
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Даведацца падрабязней

EMIN LIVE 2021: новы тур і канцэртная праграма ў Мінску

Адзін з самых рамантычных спевакоў расійскай эстрады і лаўрэат шматлікіх прэмій EMIN вяртаецца пасля вясенняга канцэрта ў 2020-м з новым музычным шоу. За апошні цяжкі для многіх артыстаў год ён змог арганізаваць вядомы фестываль "Спёка" ў родным Баку, выпусціць новыя кампазіцыі і дуэты з іншымі зоркамі, а ў канцы 2020-га атрымаў "Залаты Грамафон" за песню "Девочка моя". У праграму мінскага шоу ўвойдуць свежыя і ўжо любімыя публікай хіты  "Нежная", "Девочка Моя", "МММ", англамоўныя Still, Boomerang, Good Love, прэм'еры і незвычайныя аранжыроўкі.

Калі: 16 кастрычніка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Прэм'ера ў Тэатры лялек: спектакль "На маёй планеце"

Дзіўны спектакль для дарослых і дзяцей стварылі артысты сталічнага Тэатра лялек на аснове аповесці-казкі Антуана дэ Сент-Экзюперы "Маленькі прынц", а таксама ўрыўкаў з "Планеты людзей" і "Пісем да маці". Кранальныя героі, напоўнены сэнсамі тэкст і таленавітыя акцёры – усё гэта складнікі формулы поспеху асенняй прэм'еры. У рабоце задзейнічана каманда пастаноўшчыкаў на чале з Кацярынай Ложкінай-Бялевіч, знаёмая па спектаклі "Тута Карлсан Першая і адзіная".​ У новай пастаноўцы заняты заслужаны артыст БССР Уладзімір Грамовіч, Дзмітрый Рачкоўскі, Цімур Муратаў, Іна Ганчар, Ілья Соцікаў, Любоў Клок, Аляксей Сянчыла.

Калі: 17 і 30 кастрычніка
Дзе: Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, вул. Энгельса, 20, Мінск

"Невыпадковая сустрэча": спектакль-адкрыццё Сяргея Макавецкага ў Мінску

Народны артыст Расіі Сяргей Макавецкі запрашае на "Невыпадковую сустрэчу" – з тэатрам, кіно і паэзіяй. Яго імя ў афішы гарантуе аншлаг і цікавасць гледачоў, што нядзіўна: у 1994-м артыст быў удастоены ганаровага звання "Лепшы драматычны акцёр Еўропы", а ў 2002-м атрымаў прэмію "Кумір". Мінскай публіцы артыст раскажа аб работах у кіно і тэатры, сустрэчах з цікавымі рэжысёрамі, акцёрамі і людзьмі, якія пакінулі след у яго жыцці і творчасці. Паклоннікаў чакаюць маналогі са спектакляў, паэзія, любімыя фрагменты з твораў Чэхава, Гросмана, Дастаеўскага і Жванецкага, а таксама рэдкія кадры з кароткаметражных кінафільмаў з яго ўдзелам...
 
Калі: 19 кастрычніка
Дзе: канцэртная зала "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

CLASSIC ENERGY: шэдэўры сусветнай музыкі ў Мінску

Буйнейшы сімфанічны канцэрт у Беларусі ад аркестра CLASSIC ENERGY аб'яднае творы геніяльных кампазітараў нашага часу Hans Zimmer і Ludovico Einaudi, а таксама сусветна вядомыя хіты рок-груп Queen, Depeche Mode, Linkin Park, Rammstein, Metallica ў акустычнай версіі. Згодна з задумай арганізатараў, на сцэне мінскага Палаца спорту адначасова будуць выступаць звыш 130 музыкантаў і выканаўцаў! Для таго каб майстэрства кожнага з іх мог убачыць любы глядач у зале, светлавое і музычнае шоу будуць трансліраваць на вялікі святлодыёдны экран…
 
Калі: 23 кастрычніка
Дзе: Палац спорту, пр. Пераможцаў, 4, Мінск

Паліна Гагарына ў Мінску

Новае шоу "Обезоружена" прадставіць Паліна Гагарына ў сталічнай Мінск-Арэне. Гледачоў чакаюць дзве гадзіны неверагоднага перформанса – сучасныя дыджытал-дэкарацыі, харэаграфічная пастаноўка, бездакорны гук, яркія касцюмы і, вядома, свежыя хіты. Пасля аглушальнага поспеху на тэлепраекце "Фабрыка зорак"-2 яна прайшла доўгі шлях да таго, каб пакарыць сэрцы знатакоў музыкі за мяжой – ад заваявання серабра на "Еўрабачанні"-2015 да выхаду ў фінал галоўнага кітайскага музычнага конкурсу "Singer"-2019. У мінскім канцэрце прагучаць як новыя кампазіцыі, так і даўно любімыя – "Драмы больше нет", "Обезоружена", "Нет", "Кукушка", "Спектакль окончен", "Меланхолия"…
 
Калі: 23 кастрычніка
Дзе: Мінск-Арэна, пр. Пераможцаў, 111, Мінск

Queen Show і Marc Martel у Мінску

Перанесены з-за пандэміі канцэрт трыб'ют-шоу Queen адбудзецца ў Мінску. Паклоннікі пачуюць 40 сусветных хітоў са спіса самых папулярных песень легендарнай групы, у тым ліку Bohemian Rhapsody, Show must go, Radio Ga Ga, Somebody to Love. Вакаліста Марка Мартэла называюць жывым увасабленнем Фрэдзі Мерк'юры з-за ўражальнага падабенства са спеваком, прычым не толькі ў знешніх даных, але і ў манеры выканання і паводзін на сцэне, вакальных інтанацый. А на здымкі ў фільме "Багемская рапсодыя" яго благаславіў ударнік "квінаў" Роджэр Тэйлар. Жыццё Марка змянілася пасля таго, як у 2011-м ён выканаў фрагмент песні Somebody To Love на конкурсе праекта Queen Extravaganza, пакарыўшы гледачоў і легендарных музыкантаў Queen.
 
Калі: 26 кастрычніка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Дзяржаўны тэатр танца "Казакі Расіі" ў Мінску

Заснаваны ў 1990 годзе Дзяржаўны тэатр танца "Казакі Расіі" пад кіраўніцтвам Леаніда Мілаванава заваяваў многія прэстыжныя сусветныя пляцоўкі. Артысты, якія прадстаўляюць Расію і яе непаўторную казачую культуру, гастралявалі ў краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі. А ў 2012-м "Казакі Расіі" ўдастоіліся гонару выступаць на ўрачыстасцях, прысвечаных брыльянтаваму юбілею (60-годдзю) праўлення каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы ІІ. Праграму ансамбля можна назваць энцыклапедыяй казачага жыцця, што праяўляецца ў каларытных касцюмах, вясёлых песнях і гарачых танцах, якія прадстаўляюць традыцыі і культурную спадчыну казачых рэгіёнаў Расіі – ад ракі Дон і Чорнага мора да Сібіры і Далёкага Усходу.
 
Калі: 29 кастрычніка
Дзе: канцэртная зала "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі