Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Врс 2020

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНIК 2020

Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНIК 2020

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не закрыла граніцы і не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Чэмпіянат Беларусі па футболе-2020

У сакавіку 2020 г. 30-ы чэмпіянат Беларусі па футболе стаў адзіным у Еўропе і адным з нямногіх у свеце, які стартаваў па плану і не спынены ў сувязі з каранавірусам. Першыя туры прыцягнулі ўвагу аматараў народнай гульні з розных краін: матчы ішлі ў прамым эфіры шэрага спартыўных каналаў і анлайн. Рашэнне не адмяняць пачатак першынства кіраўніцтва АБФФ прыняло па выніках кансультацый з удзелам УЕФА. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі выступаюць 16 каманд, турнір праходзіць у два кругі (30 тураў). Каманды, якія занялі 15-е і 16-е месцы ў вышэйшай лізе, выбываюць у першую лігу, а клубы, якія заваявалі 1 і 2 месцы ў першай лізе, атрымліваюць права на выхад у вышэйшую лігу. У ліку прэтэндэнтаў на тытул чэмпіёна Беларусі і Суперкубак называюць лідараў мінулага года – брэсцкае "Дынама", БАТЭ, "Шахцёр", мінскае "Дынама", "Іслач" і "Тарпеда-БелАЗ".

Дзе: стадыёны 12 гарадоў Беларусі
Калі: 19 сакавіка – снежань 2020 года

Праект "Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея" ў Мінску

Нацыянальны гістарычны музей запрашае мінчан і гасцей сталіцы ўбачыць рарытэты са сваіх фондаў... на адкрытым паветры. Незвычайная выстава, якая расказвае аб унікальнасці беларускай нацыі і яе гістарычнай спадчыне, з пачатку чэрвеня будзе прадстаўлена на агароджы Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў (праспект Незалежнасці). 70 фотабанераў пакажуць наведвальнікам каштоўнасці з розных эпох – манеты, зброю, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і многае іншае. Свой уклад у гэту экспазіцыю ўнеслі ўсе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей I з'езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі.

Калі: 2 чэрвеня 2020 – 1 чэрвеня 2021
Дзе: агароджа Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, пр. Незалежнасці, Мінск
Даведацца больш

"Мастак і горад": #100UNOVIS

У бягучым годзе любімы сярод мінчан і гасцей сталіцы выставачны праект "Мастак і горад", які праходзіць ужо 9-ы раз, упершыню адкрыты анлайн. Жадаючым наведаць экспазіцыю дастаткова зайсці на сайт і адправіцца ў віртуальны тур па плошчы Якуба Коласа. Тэма 2020-га – 100-годдзе знакамітага аб'яднання УНОВІС. Усе мастакі, прадстаўленыя на выставе, з'яўляюцца паслядоўнікамі ідэй і асноўных прынцыпаў супрэматызму Казіміра Малевіча. У экспазіцыі – 32 работы, частка з якіх напісана жывапісцамі творчага аб'яднання "Квадрат", якое па праву можна назваць спадчыннікам сцвярджальнікаў новага мастацтва. Сярод аўтараў – Аляксандр Малей, Мікалай Дундзін, Віктар Шылко, Аляксандр Дасужаў, Аляксандр Слепаў, Валерый Чукін. Выставачны праект запусцяць і ў афлайн-фармаце, як толькі гэтаму будзе садзейнічаць эпідэміялагічная сітуацыя. Таксама ў планах пераезд экспазіцыі з Мінска ў Віцебск – горад, дзе зарадзілася творчае аб'яднанне УНОВІС.

Калі: 14 мая 7 лістапада
Дзе: наведаць анлайн

"Спадчына Беларусі" ў Нацыянальным гістарычным музеі

Выстава, якая прадстаўляе вынікі праекта "Спадчына Беларусі", раскрывае маштабы работы яго суаўтараў – Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча, якія з 2001 года аб'ехалі ўсю краіну і адлюстравалі сапраўды бясцэнную спадчыну. У цэнтры ўвагі – аднайменная кніга-альбом – а гэта 320 старонак і больш за 4000 фатаграфій, – якая перавыдавалася 18 разоў. Сёння друкаваная "Спадчына" ёсць у гендырэктара Дзяржаўнага Эрмітажа, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, Папы Рымскага, брытанскай каралевы... Дапоўніў праект 31 дакументальны фільм, дзе аўтарам удалося аднавіць партрэты выдатных людзей беларускай зямлі – Ефрасінні Полацкай, Марка Шагала, Ігната Дамейкі, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча.

Калі: з 23 ліпеня
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, вул. Карла Маркса, 12, Мінск

Выстава "Рэнэ Магрыт. Вераломства вобразаў" у Мінску

Калі: 24 чэрвеня – 4 кастрычніка
Дзе: галерэя Libra, пр. Незалежнасці, 37, Мінск

 

 

 

Выстава лялек "Анёлы душы маёй" у Мінску

Вінілавыя лялькі ручной работы з калекцыі Ларысы Мяжэвіч "Zawieruszynski Dolls" упершыню ўбачаць мінчане і госці горада на выставе "Анёлы душы маёй". На працягу больш як 25 гадоў жонка і муж Соф'я і Генры Заверушынскі ствараюць лялькі з шоўку, бавоўны або шэрсці, вобразы якіх прадуманы да дробязей – стыльныя прычоскі, сукенкі з натуральных тканін, упрыгожаныя вышыўкай, аксесуары з паўкаштоўных камянёў і металаў. Пры гэтым у кожнай з іх не толькі свой ідэнтыфікацыйны нумар і сертыфікат сапраўднасці, але і ўнікальны лёс. Так, у 2018 годзе лялькі Габрысія, Папялушка і Ліберці Грэйс атрымалі ўзнагароду Dolls Awards of Excellence – "Выбар індустрыі" на International Dolls and Teddy Show у Арланда.

Калі: 21 жніўня – 6 снежня
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, пр. Незалежнасці, 47, Мінск

"Цырк вялікіх зорак" у Гомелі

Новую праграму ў Гомельскім цырку прадставяць зоркі з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Узбекістана, Асеціі. У шоу выступяць акрабаты на турніках пад кіраўніцтвам Уладзіміра Яроменкі (Украіна), артыст цырка Нікуліна на Цвятным бульвары жанглёр Аляксандр Кулакоў (Расія), ілюзіяніст Інгвар (Расія), паветраны дуэт – Вераніка Рыбчонак і Максім Вінаградаў (Беларусь) і "Джыгіты Асеціі" пад кіраўніцтвам Сяргея Муратава. Адзін з самых моцных людзей свету рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Фахрыдзін Ахназараў (Узбекістан) прадэманструе, як падняць 500 кг адным мезенцам! Гледачы ўбачаць вярблюдаў у "Караване з Усходу" Сяргея Югая (Узбекістан) і аркестр малпаў Андрэя Цяплыгіна (Беларусь). Цудоўны настрой створыць дуэт з Лас-Вегаса "CLUB HOUSE" – Бэла і Алекс Шэр.

Калі: 19 верасня – 18 кастрычніка
Дзе: Гомельскі дзяржаўны цырк, вул. Савецкая, 27, Гомель

Міжнародная выстава сучаснага мастацтва "Музыка і святло" ў НЦСМ

Любоў да музыкі аб'яднала сучасных мастакоў з Аўстрыі і Беларусі. Усяго ж удзельнікамі міжнароднага праекта сталі 13 беларускіх майстроў і 14 аўстрыйскіх, у тым ліку ўжо вядомы мінскай публіцы Альберт Хофман. Экспазіцыя "Музыка і святло" прадстаўляе мастацтва бачнай музыкі: гукавыя і візуальныя вобразы з палотнаў жывапісцаў аб'ядноўваюцца і "гучаць" у розных стылях, напрыклад, абстрактнага экспрэсіянізму, сімвалізму, фантастычнага рэалізму, таксама тут ёсць графіка, арт-аб'екты і відэа-арт. Унікальны праект – мара аб "вылячэнні" планеты, напамін пра тое вечнае, што аб'ядноўвае ўсіх людзей. 

Калі: 4 верасня – 1 лістапада
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, вул. Някрасава, 3, Мінск

Выстава Міма дэ Фелічэ "Альберабела" ў Мінску

Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва запрашае зрабіць падарожжа ва ўтульны італьянскі гарадок Альберабела, вядомы сваімі незвычайнымі дамамі – труламі – і ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Менавіта тут нарадзіўся і пражыў усё жыццё, рэдка пакідаючы межы сваёй малой радзімы, знакаміты мастак Міма дэ Фелічэ. Галоўнымі героямі яго палотнаў з'яўляюцца казачны Альберабела і яго жыхары – якія ідуць да калонкі за вадой, нясуць галлё або адпачываюць... І, вядома, турысты, якія абступілі маленькія дамы, крохкія і вечныя. Часта карціны Міма дэ Фелічэ параўноўваюць з рэпартажам і называюць жывапісам моманту, бо майстар паказвае тое, што бачыць вакол сябе.

Калі: 11 верасня  – 10 кастрычніка
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, вул. Някрасава, 3, Мінск

Міжнародны дзень музыкі ў Белдзяржфілармоніі

У першы дзень кастрычніка адразу дзве падзеі аб'яднаюць аматараў прыгожага – Міжнародны дзень музыкі і адкрыцце 83-га філарманічнага сезона. На вечар у вялікай зале Мінскай філармоніі збяруцца вядучыя аркестры краіны – сімфанічны і камерны пад кіраўніцтвам зорных маэстра – Аляксандра Анісімава і Яўгена Бушкова. Таксама загучаць і галасы заслужаных калектываў краіны – Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы і Дзяржаўнага камернага хору Беларусі. Салістамі гала-канцэрта стануць народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў (арган) і заслужаная артыстка Беларусі Юлія Стафановіч (скрыпка). У праграму ўвайшлі знакамітыя творы Гендэля, Манюшкі, Чайкоўскага, Рахманінава, Паганіні, Ізаі, Стравінскага, Кодай, Абеліёвіча, Мдзівані, Палмеры.

Калі: 1 кастрычніка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Міжнародны фестываль "ТЭАРТ"-2020

Нягледзячы на ўсе складанасці 2020 года, юбілейны 10-ы тэатральны форум "ТЭАРТ" зноў падорыць свята аматарам Мельпамены. У праграме прадстаўлены спектаклі з Беларусі, Германіі, Францыі, Літвы і Грузіі. Жанравая палітра – ад прывычных оперы, харэаграфічнага і дакументальнага спектакляў да такіх крэатыўных, як "не камедыя", танец-спектакль, акт у адной дзеі, падарожжа, прэзентацыя і аўдыявізуальная інсталяцыя. Адкрые эстафету пастаноўка магілёўскага рэжысёра Ігара Казакова "Кандзід, або аптымізм" на сцэне Маладзёжнага тэатра ў Мінску. Асаблівай увагі дастойны "Адысея" гамбургскага Тэатра Талія, французскі "Піксель" у выкананні Нацыянальнага харэаграфічнага цэнтра Крэтэя і Валь-дэ-Марн, "Плошча герояў" Літоўскага нацыянальнага драматычнага тэатра і "Сталінград" Тэатра Рэзо Габрыядзэ.

Калі: 2 – 24 кастрычніка
Дзе: Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, ДК "МАЗ", пляцоўка ОК16, Мінск

AVIADRIVE ў Шчучыне

Авіяцыйнае свята ў Шчучыне з кожным годам набірае абароты: госці сёмага фестывалю Aviadrive ўбачаць палёты розных машын і апаратаў, у тым ліку паветраных шароў, паказальныя выступленні байцоў падраздзяленняў ССА. Госці змогуць адчуць яркія эмоцыі ад крутых віражоў у небе, прагуляцца па кірмашы, прыняць удзел у розыгрышы ад кампаній-партнёраў, падсілкавацца ля фуд-корта. Прыемным дапаўненнем стане вячэрняя праграма – вялікі канцэрт ад лепшых артыстаў айчыннай і замежнай эстрады, дыджэяў, лазернае шоу і феерверк. Хэдлайнерамі фэсту-2020 стануць кавер-бэнд "Мінскае мора", J MOPC, Barbara & Eduardo (CUBA), DJ – Dflex, MC Youjeen, Kazanowski music, DJ Roma Rai.

Калі: 3 кастрычніка
Дзе: гарадскі аэрадром, вул. Савецкая, 4, Шчучын

"Цыркавы калейдаскоп" у Мінску

"Цыркавы калейдаскоп" адкрывае сезон у Белдзяржцырку: з 10 кастрычніка пасля вялікага перапынку на старэйшай арэне краіны зноў чакаюць гасцей. Шоу пазнаёміць гледачоў з дзіўным светам старажытных паданняў, легенд і міфаў Беларусі. Сваім майстэрствам і захапляльнымі трукамі будуць здзіўляць наезнікі на конях, бясстрашныя паветраныя акрабаты і гімнасты, атлеты-асілкі і вясёлыя клоўны. Не абыдзецца і без чатырохногіх "напарнікаў": у паказе задзейнічаны мядзведзі на гіраскутары, адзіная ў свеце малпачка-жанглёр на осліку, лахматыя сабакі-акрабаты, беласнежныя тыгры.

Калі: з 10 кастрычніка
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Канцэрт Прэзідэнцкага аркестра Беларусі "З любоўю...", прысвечаны Дню маці

14 кастрычніка Беларусь адзначае Дзень маці, а для праваслаўных вернікаў гэта яшчэ і сімвалічны дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Па ўсёй краіне дарослыя і дзеці віншуюць сваіх самых любімых жанчын, якія падарылі жыццё. І, вядома, у свята і напярэдадні праходзіць шмат мерапрыемстваў, прысвечаных маці. Падарункам ад Прэзідэнцкага аркестра Беларусі стане канцэрт "З любоўю..." у Палацы Рэспублікі. Са сцэны прагучаць сусветныя інструментальныя творы, вядомыя кампазіцыі з кінафільмаў і незабыўныя легендарныя хіты аб прыгожай палавіне чалавецтва.

Калі: 13 кастрычніка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Трыб'ют-шоу сусветных хітоў Mama mia

На сцэне Палаца Рэспублікі ў Дзень маці Тэатр эстрады прадставіць новы праект – трыб'ют-шоу сусветных хітоў. Гледачоў запрашаюць у яркае падарожжа пад гукі любімых твораў аб прыгожай палавіне чалавецтва. Зразумела, будуць легендарныя хіты АВВА, якія дапоўняць кавер-версіі кампазіцый Даліды, Шэр, Элвіса Прэслі, Queen, Гару, Крысціны Агілеры, "Машыны часу", "Чайф", Алы Пугачовай, Філіпа Кіркорава, Валерыя Сюткіна, ансамбля "Верасы".

Калі: 14 кастрычніка
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

VII MINSK CRAFT BEER FEST

 Фестываль Minsk craft beer fest на гэты раз стане своеасаблівым "Актобэрфэстам" беларускай сталіцы. Традыцыйна ён праходзіць у Мінску двойчы на год – вясной і восенню – і збірае больш за 3 тысячы гасцей. Але ў красавіку-2020 фестываль не адбыўся і быў перанесены. Менавіта тут можна прадэгуставаць прадукцыю больш як 100 піваварань з розных краін, якія старанна рыхтуюцца да мерапрыемства, каб прадставіць гурманам як папулярныя маркі, так і навінкі крафтавага піва. Жывая музыка, забавы і сюрпрызы ўпрыгожаць праграму фестывалю.

Калі: 17 кастрычніка, 14.00
Дзе: Культурны хаб ОК16, вул. Кастрычніцкая, 16, Мінск

"Мелодыі яўрэйскай душы": "М-Клезмер бэнд" у Мінску

"Мелодыі яўрэйскай душы" прагучаць у выкананні таленавітага музыканта і дырыжора, стваральніка камернага аркестра "Мінск-Класік" Максіма Расохі і салістаў "М-Клезмер бэнда", сярод якіх Віктар Пузыня (кларнет), Ангеліна Белановіч (сапрана) і Алег Яцына (скрыпка). Зусім невялікі ансамбль інструментаў – скрыпка, кларнет, акардэон, гітара, кантрабас і ўдарныя – перададуць усю разнастайнасць народнай клезмерскай музыкі ад "плачу скрыпкі" да гарачага "фрэйлехса". Вечар упрыгожаць папулярныя мелодыі "Хава Нагіла", "Чырыбім", "Сем сорак"…

Калі: 26 кастрычніка
Дзе: КЗ "Верхні горад", пл. Свабоды, 23а, Мінск

Прэм'ера ў Тэатры лялек: спектакль "Мікалаша"

Новы сезон мінскі Тэатр лялек адкрые прэм'ерай: на галоўнай дзіцячай сцэне краіны прадставяць спектакль для дарослых "Мікалаша" паводле матываў камедыі "Іваноў" А.П. Чэхава. Рэжысёр новай пастаноўкі – заслужаны дзеяч Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі, лаўрэат расійскай прэміі "Залатая маска" Аляксей Ляляўскі, мастак – Людміла Скітовіч. Падрабязнасці навінкі трымаюць у тайне, а вось гісторыя п'есы інтрыгуе: напісана спецыяльна для маскоўскага Тэатра Корша ўсяго за 10 дзён, галоўны герой, паводле задумы аўтара, "самы звычайны чалавек, зусім не герой". Сам жа Чэхаў прызнаваўся, што "не вывеў ні аднаго злодзея, ні аднаго анёла... нікога не абвінаваціў, нікога не апраўдаў…"

Калі: 28 кастрычніка
Дзе: Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, вул. Энгельса, 20, Мінск

"Кінямо. Нямое кіно + жывая музыка": Фаўст

Адзіны ў Беларусі фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі "Кінямо" прадстаўляе паказ рэстаўрыраванага шэдэўра Фрыдрыха Вільгельма Мурнау "Фаўст" (1926) з жывым музычным суправаджэннем Five-storey ensemble. У рабоце над карцінай, знятай у стылі нямецкага экспрэсіянізму, прымаў удзел лаўрэат Нобелеўскай прэміі пісьменнік Герхарт Гаўптман, а ролю Мефістофеля выканаў знакаміты Эміль Янінгс. Пры гэтым "Фаўста" Мурнау называюць самым маляўнічым фільмам у гісторыі сусветнага кінематографа: майстэрскае валоданне прыёмам гульні святла і ценю без прывычных сёння спецэфектаў упершыню дазволіла рэжысёру так пераканаўча паказаць звышнатуральныя з'явы ў павільённых дэкарацыях.

Калі: 29 кастрычніка
Дзе: Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў, пр. Незалежнасці, 25, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі