Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Крс 2015

Больш за 30 твораў брытанскіх майстроў XVIII-XIX стагоддзяў будуць прадстаўлены ў Мінску

28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 30 твораў брытанскіх майстроў XVIII-XIX стагоддзяў будуць экспанавацца на выстаўцы "Сустрэча з Брытаніяй. Англійскае мастацтва XVIII-XIX стагоддзяў", якая пройдзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з 15 мая па 13 ліпеня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў музеі.

Экспазіцыю складуць работы брытанскіх майстроў перыяду фарміравання і найвышэйшага росквіту нацыянальнай англійскай мастацкай школы. Яе заснавальнікам і найбуйнейшай фігурай брытанскага мастацтва першай палавіны і сярэдзіны XVIII стагоддзя з'яўляецца Уільям Хогарт (1697-1764), чый смелы рэалізм аказаў уплыў на многія стылістычныя з'явы наступнага часу. У англійскім мастацтве XVIII стагоддзя бясспрэчнае першынство належыць жанру партрэта. У XIX стагоддзі Англія становіцца радзімай новага еўрапейскага пейзажа - адэкватнага чалавечаму бачанню адлюстравання прыроды, над стварэннем якога працуюць у першай чвэрці стагоддзя мастакі і іншых еўрапейскіх мастацкіх школ. Тады ж расквітае такі феномен заходнееўрапейскага ландшафтнага мастацтва, як англійскі нерэгулярны парк.

З росквітам нацыянальнай школы жывапісу ў XVIII стагоддзі значных поспехаў дасягае і рэпрадукцыйная гравюра. Майстры гравюры Брытаніі ўнеслі бясцэнны ўклад у развіццё новых, што з'явіліся ў XVIII стагоддзі, гравіравальных тэхнік, такіх як мецца-тынта, карандашная манера, пункцір, акватынта. З імем Уільяма Блэйка звязана вынаходства арыгінальнага спосабу друку - выпуклага афорту, а Томаса Б'юіка (1753-1828) - тэхнічныя і мастацкія ўдасканаленні гравюры на дрэве (ксілаграфіі).

Высокага росквіту дасягае і брытанскае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, у прыватнасці, фарфор і кераміка. У экспазіцыі выстаўкі будуць прадстаўлены ўзоры англійскай керамікі XIX стагоддзя, выкананыя пераважна на прадпрыемствах графства Стафардшыр - найстарэйшага керамічнага цэнтра Англіі.

Выстаўка прадаўжае традыцыю азнаямлення беларускага гледача з класічным і сучасным мастацтвам астраўной дзяржавы: у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбыліся выстаўкі "Фатаграфіі прэрафаэлітаў" (1996), "Пітэр Блэйк. Алфавіт" (1997), арганізаваныя Брытанскім саветам, і адзін з грандыёзных праектаў дзесяцігоддзя - "Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600-1800" з калекцыі Музея Вікторыі і Альберта (2012).

Выстаўка "Сустрэча з Брытаніяй. Англійскае мастацтва XVIII-XIX стагоддзяў" арганізавана Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі і пасольствам Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Дзяржаўнай мастацкай калекцыяй Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі