Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Sep 2015

Больш як 30 работ прадставіць арт-праект аб Мінску мастака Віктара Альшэўскага

2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 30 жывапісных работ прадставіць арт-праект аб Мінску вядомага беларускага мастака Віктара Альшэўскага. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, дзе 11 верасня адбудзецца адкрыццё выстаўкі "Мой Мінск. Сімвалы прасторы і часу".

Арт-праект "Мой Мінск. Сімвалы прасторы і часу" вядомага беларускага мастака, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара Віктара Альшэўскага прысвечаны прыгожаму і непаўторнаму гораду ў цэнтры Еўропы - Мінску. У галерэі гэта першая персанальная выстаўка вучня народнага мастака Міхаіла Савіцкага (выпуск мастакоў творчых майстэрань Акадэміі мастацтваў СССР, 1980-1984 гады).

На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя творы, створаныя аўтарам за апошнія пяць гадоў. Гэта работы з калекцый "Мой Мінск" і "Музеі свету". Арт-праект "Мой Мінск. Сімвалы прасторы і часу" дакладна перадае глыбіню філасофскіх разваг мастака і раскрывае вобраз эпохі праз вядомыя архітэктурныя сімвалы Мінска, дапаўняючы іх насычанымі рытмамі сюжэтаў з жыцця сучаснікаў.

У сваіх работах Віктар Альшэўскі падкрэслівае спалучэнне ў архітэктуры Мінска арнаментальнага рэльефу з геаметрычнымі формамі і расліннай геральдыкай. На думку мастака, гэта спалучэнне стварае ўражанне непаўторнасці сімвалаў нацыянальнай культуры.

Велічная архітэктура праспекта Незалежнасці, стары гарадскі парк, спартыўныя аб'екты выступаюць галоўнымі героямі на палотнах Віктара Альшэўскага. Кожны будынак паўстае перад гледачом не толькі як асаблівы аб'ект у гісторыі горада Мінска, але і як значны архітэктурны сімвал у прасторы сусветнай культуры. Стадыён "Дынама" выклікае асацыяцыі з рымскім Калізеем, Палац культуры прафсаюзаў - з афінскім Акропалем, будынак ГУМа - з класічнай італьянскай палацавай архітэктурай.

Асаблівую творчую ўвагу мастак акцэнтуе на збудаваннях архітэктара Іосіфа Лангбарда. У карцінах Віктара Альшэўскага гэтыя архітэктурныя шэдэўры, і без таго красамоўныя і выразныя, якія нібы гавораць аб сваім прызначэнні, дапоўнены сюжэтамі іх унутранага жыцця.

Сутнасць прадстаўленага творчага і нават у некаторым сэнсе інавацыйнага праекта можна было б выказаць і так: гэта мастацтва і рэчаіснасць у кантэксце фарміравання сучаснай міфалогіі. У кожнага твора мастацкага праекта - свой сюжэт, які дае магчымасць гледачу актыўна ўдзельнічаць у філасофскім асэнсаванні і ўспрыманні ўбачанага.

У калекцыі твораў "Мой Мінск. Сімвалы прасторы і часу" сталіца Беларусі выступае часткай адкрытага свету, дзе ўсім вядомыя, знакавыя для горада збудаванні паўстаюць у новым вобразе. Мінскія вуліцы, праспекты і плошчы захоўваюць у сабе адбіткі дасягненняў сусветнай цывілізацыі, проста трэба ўбачыць іх вачамі мастака.

"Мы захапляемся Пецярбургам і Масквой, Парыжам і Лонданам, Рымам і Барселонай... Але, вяртаючыся з падарожжаў, я не перастаю дзівіцца непаўторнаму хараству нашага Мінска. Ствараючы калекцыю работ, прысвечаных роднаму гораду - роўнаму сярод выдатных сталіц свету, хачу, каб кожны шчыра захапляўся, любіў і праслаўляў наш Мінск", - расказаў майстар.

Яго работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Траццякоўскай галерэі (Масква), выставачным аб'яднанні "Цэнтральны дом мастака" (Масква); мастацкіх галерэях Германіі, Нарвегіі, Польшчы, Італіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Турцыі і іншых краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі