Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Ліп 2017

Беларус у паўфінале конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2017" выступіць 14-м

13 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Удзельнікі XXVI Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2017" прыехалі ў сталіцу "Славянскага базару" і правялі ўжо жараб'ёўку паўфіналу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Некалькі дзён прадстаўнікі 21 краіны, многія з якіх прайшлі папярэдні нацыянальны адбор, рэпеціравалі ў Мінску свае выступленні сумесна з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Сёння яны прыехалі ў Віцебск і пачалі рыхтавацца да паўфіналу, які адбудзецца вечарам 14 ліпеня ў канцэртнай зале "Віцебск". Парадак выступленняў вызначыў выпадак - на Плошчы зорак канкурсанты цягнулі жэрабя ў выглядзе сувенірных грамат з сімволікай фестывалю.

У выніку першым на сцэну паўфіналу выйдзе прадстаўнік Узбекістана Рышат Камаль, закрываць праграму будзе італьянец Вальтэр Рычы. 19-гадовы беларус Ягор Шаранкоў выступіць пад 14-м нумарам. Хлопец зрабіў стаўку на песню "Чырвоная ружа" Уладзіміра Мулявіна. Вопыт конкурсных выступленняў у Ягора вялікі. Два гады таму ён заняў першае месца на Х музычным форуме "Моладзь - за Саюзную дзяржаву" ў Растове-на-Доне - і гэта далёка не адзінае дасягненне ў яго творчай скарбонцы.

Адразу пасля паўфінальных выступленняў журы пад старшынствам заслужанай артысткі Балгарыі, спявачкі і прадзюсара Ёрданкі Хрыставай вызначыць 15 фіналістаў. Змагацца за Гран-пры яны будуць на працягу двух дзён - 15 і 16 ліпеня. Пад акампанемент аркестра канкурсанты выканаюць "Славянскі хіт" і "Фестывальны хіт". Узнагароджанне пераможцы адбудзецца на ўрачыстым закрыцці фестывалю 17 ліпеня ў Летнім амфітэатры.

Мерапрыемствы XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць па 19 ліпеня.-

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі