29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінскім міжнародным выставачным цэнтры прадаўжае работу маштабная выстава "Мая Беларусь". Карэспандэнты БЕЛТА даведаліся, што прапануюць паглядзець турыстам у краіне.
Адзін з лейтматываў праекта - тэматыка турызму. Кожны рэгіён прэзентаваў найбольш знакавыя выдатныя мясціны, традыцыйныя рамёствы, прамысловыя экскурсіі, розныя віды адпачынку - ад экалагічнага да аздараўленчага.
На пляцоўцы Брэсцкай вобласці можна ўбачыць зменшаную копію галоўнага ўвахода ў Брэсцкую крэпасць у выглядзе зоркі з мультымедыйным экранам у цэнтры. Сярод аб'ектаў прамысловага турызму - РУВП "Граніт". Кар'ер "Мікашэвічы" - буйнейшае ў Беларусі і адно з самых вялікіх у Еўропе радовішчаў будаўнічага каменя. Але галоўная фішка - не памеры, а вадаспады, якія цурчаць па скалістых прыступках. Прадпрыемства кожны год наведваюць амаль 11 тыс. турыстаў.
"У нас распрацавана сем экскурсій. Запрашаем пазнаёміцца з незвычайным ландшафтам, тэхналагічным працэсам, наведаць наглядальную пляцоўку, выставу тэхнікі. Можна больш даведацца пра прафесіі машыніста экскаватара, пракаціцца на БЕЛАЗе. Хутка адкрыецца абноўлены музей. Таксама арганізуем фотасесіі", - расказала экскурсавод прадпрыемства Аляксандра Паўлусевіч.
Цікавую лакацыю падрыхтаваў Парк жывёл. На выставу папулярны турыстычны комплекс, які ўваходзіць у топ-3 самых наведвальных турыстычных аб'ектаў вобласці, прывёз пушыстых падапечных.
Мемарыяльны комплекс "Хаваншчына" здзіўляў гасцей вялізнай ёлкай, каля якой і дзетак, і дарослых сустракаў партызанскі Дзед Мароз з барадой з пакулля. Як расказалі супрацоўнікі Івацэвіцкага гісторыка-культурнага музея, "Хаваншчына" - гэта партызанская зямля, дзе ўсё захавана так, каб адчуць, як жыла і змагалася падпольная Беларусь. За мінулы год комплекс наведалі больш за 41 тыс. чалавек, у асноўным госці з Расіі. Прыязджалі і турысты з Літвы, Польшчы, Казахстана, іншых краін.
Віцебская вобласць акцэнт зрабіла на атрыбутыцы "Славянскага базару", спадчыне Марка Шагала, праваслаўных святынях. Наведвальнікі могуць убачыць рэплікі мясцовых арт-аб'ектаў у натуральную велічыню: гатовы да поціску рукі "Ветлівы ліхтар", лаўку-мазаіку, міні-макет страдаўняга горада. Таксама прадстаўлена сучаснае мастацтва, брэнд рэгіёна - дываны.
"Расказваем, што ў вобласці можна паглядзець, падказваем варыянты адпачынку. Таксама прадстаўляем нашы фестывалі, прыродныя лакацыі. Напрыклад, на тэрыторыі Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў размешчаны рэспубліканскі заказнік "Ельня", куды з задавальненнем прыязджаюць турысты. Працуюць аграсядзібы", - адзначыла прадстаўнік турсферы рэгіёна Аксана Філіпёнак.





Гродзеншчына прадставіла на стэндзе Лідскі, Навагрудскі, Гродзенскі і Мірскі замкі, Аўгустоўскі канал, выдатныя мясціны Ваўкавыскага раёна, абноўлены мост у Мастах, Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр і іншыя святыні. Можна ўбачыць прадметы археалагічных раскопак, выставу мастацкіх вырабаў са шкла ад шклозавода "Нёман".
Прастора Мінскай вобласці падзелена на дзве зоны. Адна з іх прысвечана архітэктуры і культурнай спадчыне, другая - інавацыям. На святлодыёдным экране, які працуе ў інтэрактыўным рэжыме, дэманструюцца відэа аб духоўных святынях і турыстычных жамчужынах вобласці. Прадстаўлена галерэя макетаў "Міншчына шматканфесійная", фрагмент слуцкага пояса, беларуская дуда, івянецкая кераміка. Кожны экспанат суправаджаецца QR-кодам.
Дзякуючы VR-станцыям можна зрабіць віртуальнае падарожжа ў сярэдневяковы Валожын і старадаўняе Заслаўе. Таксама можна ўбачыць вітрыну з мадэллю шматтонніка БЕЛАЗа, пратэсціраваць трэнажорны комплекс вагона "Беларуськалія". З новымі паслугамі і экскурсіямі знаёміць гасцей музей-запаведнік "Нясвіж".
Сталіца прадставіла сябе праз адукацыю, гарадскую культуру, творчасць і ініцыятывы моладзі. Госці могуць паўдзельнічаць у майстар-класах, убачыць касцюмы, рэквізіт і элементы дэкарацый з беларускіх фільмаў "Класная" і "Пераломны момант". Аблічча сталіцы раскрылі праз макеты знакавых аб'ектаў і мастацкія праекты. У экспазіцыю ўвайшлі макеты Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, плошчы Перамогі і мемарыяльнага комплексу "Трасцянец".
Гомельская і Магілёўская вобласці прадэманстравалі багацце народных традыцый, паказалі знакавыя выдатныя мясціны, прадставілі абрады і святы, уключаючы "Купалле" ў Александрыі. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі занялі макеты Гомельскага дзяржаўнага цырка, Палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах. Таксама прэзентаваны музей Славы Магілёўшчыны, які нядаўна адкрыўся.
Экспазіцыя пабудавана як вялікае падарожжа па краіне. Усе стэнды аб'яднаны агульным візуальным стылем-беларускай выцінанкай, традыцыйным мастацтвам выразання з паперы, уключаным у 2024 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Прадстаўлены інтэрактыўныя стэнды, прысвечаныя прыродным прыгажосцям. Экалагічныя інсталяцыі даюць магчымасць адчуць атмасферу беларускай прыроды, паслухаць спевы птушак.