Гарбуз вагой амаль паўтоны, беларускія кавуны, гіганцкі сланечнік, перац-волат, 160 сартоў вінаграду, ягады палескіх зямель, духмянае збожжа будучых караваяў – такім яркім, вітамінным і смачным стала лета-2018. Нават нягледзячы на нярэдкія капрызы надвор'я.
У вішнёвай (Глыбокае), агурочнай (Шклоў) і таматнай (Іўе) сталіцах краіны ў гонар летняга ўраджаю прайшлі традыцыйныя фестывалі. Форум ягадных ласункаў у рэзідэнцыі Вішнёвай Каралевы, Агурочны парад і "Памідорны бум" сталі візітнымі карткамі гастранамічнай Беларусі.
Жыхары краіны гэтым летам не раз здзівілі "агароднымі" рэкордамі: хтосьці заняўся вырошчваннем кавуноў, якія па смаку і памерах не ўступаюць прывазным, хтосьці вырасціў гарбуз акружнасцю 375 см, хтосьці дзяліўся ведамі ў разнастайнасці (больш за 160!) сартоў вінаграду на спецыяльных майстар-класах.
А галоўны ўраджайны паказчык – збожжа – было ўбрана ў гэтым годзе да 27 жніўня. Больш за ўсё пшаніцы сабралі ў Мінскай (1,3 млн т) і Брэсцкай (926 тыс. т) абласцях, а ўсяго ў Беларусі намалочана 5,19 млн т "хлебнага" ўраджаю.
Яркія фатаграфіі смачных пладоў і ўраджайныя пейзажы – у летняй галерэі-2018.