Нягледзячы на капрызы позняй восені, лістапад у Мінску – час асаблівы. Мабыць, сапраўды не дарэмна знакаміты фестываль "Лiстапад", які стаў візіткай Беларусі і адным з буйнейшых кінафорумаў Усходняй Еўропы, праходзіць менавіта ў гэту пару года, калі так утульна збірацца ў кіназалах і практычна суткі напралёт глядзець лепшае сусветнае кіно. Фестывальны тыдзень 22-га па ліку "Лiстапада" не стаў выключэннем: поўныя аншлагі, цікавыя госці і сапраўдная "Асалода для вачэй", абяцаная новым слоганам ММКФ-2015. У гэтым годзе афіша апраўдала чаканні аматараў самых розных напрамкаў ад класікі і мэйнстрыма да арт-хауса і канцэптуальнага аўтарскага кіно…
Праграма фестывалю, прысвечанага 120-годдзю сусветнага кінематографа, аб'яднала 184 карціны з 60 краін: гучныя прэм'еры года, фільмы-прызёры вядомых кінафестываляў, рэтраспектывы выдатных рэжысёраў сусветнага кіно і, безумоўна, дэбютныя работы маладых аўтараў. Да апошняга фестывальнага вечара галоўная інтрыга захоўвалася за асноўным конкурсам ігравога кіно, у якім прынялі ўдзел 12 карцін рэжысёраў з Расіі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Харватыі, Кыргызстана, Аргенціны, Кубы, В'етнама…
Акрамя насычанай конкурснай праграмы, паклоннікі ўбачылі лепшыя фільмы заснаванай 100 гадоў таму легендарнай кінастудыі імя М.Горкага, наведалі выстаўкі, сустрэчы і майстар-класы са знакамітымі акцёрамі і рэжысёрамі. Адной з самых запамінальных падзей стала прэзентацыя фільма "Дакучлівыя рытмы" – другога ў рэжысёрскай кар'еры французскай кінадзівы Фані Ардан.
Па традыцыі, у рамках фестывалю адбыўся конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лiстападзiк". Гледачы ўбачылі лепшыя сямейныя стужкі, створаныя рэжысёрамі з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Францыі, Германіі, Італіі, Швейцарыі, Нідэрландаў, Фінляндыі, ЗША, Канады, М'янмы.
Яркім завяршэннем кінафоруму-2015 стала ўрачыстая цырымонія закрыцця, на якой міжнароднае журы на чале з рэжысёрам Вадзімам Абдрашытавым аб'явіла пераможцаў, а таксама ўладальнікаў спецыяльных узнагарод фестывалю…
Такім чынам, у 2015 годзе Гран-пры "Золата Лістапада" заваяваў грэчаска-балгарскі фільм "Урок" (рэжысёры – Крысціна Грозева і Петэр Вылчанаў). Прыз "Серабро Лiстапада" ў намінацыі "Фільм як з'ява мастацтва" атрымала карціна "Праект стагоддзя" (рэжысёр – Карлас М. Кінтэла). А "Бронзу Лістапада" – узнагароду, якая ўручаецца па выніках галасавання гледачоў – павёз з Мінска фільм "Бараны" (рэжысёр – Грымюр Хаўконарсан).
Лепшыя фестывальныя кадры "Лiстапада"-2015 – у фотарэпартажы…