Горад-брэнд, горад мастацтваў, радзіма сусветна вядомых Шагала і Цадкіна, сталіца ўнікальнага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар" – Віцебск у мінулыя выхадныя адсвяткаваў сваё 1044-годдзе. Тут разгарнулася сапраўдная святочная феерыя: на працягу двух дзён шматлікія канцэрты, выстаўкі, кінапаказы і разнастайныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы радавалі віцябчан і гасцей.
"Мой горад – мая любоў!" – так гучаў дэвіз новага рубяжа ў гісторыі старажытнага Віцебска. Музыка даносілася практычна з усіх канцэртных пляцовак, галоўнай з якіх стала сцэна Летняга амфітэатра. Дарэчы, у гэтым годзе ён святкуе круглую дату: галоўным музычным падмосткам "Славянскага базару" спаўняецца 30 гадоў. Акрамя шматлікіх канцэртаў, арганізатары свята падрыхтавалі для гасцей мноства іншых сюрпрызаў: стрыт-арт фестываль, гістарычная рэканструкцыя, выступленні тэатраў, конкурс паветраных змеяў, выстаўка аўтамабіляў, турнір па інтэлектуальных гульнях і літаратурныя чытанні не давалі віцябчанам і гасцям горада сумаваць.
Адной з цэнтральных падзей свята стала адкрыццё помніка беларускаму велікану. Правобразам героя манументальнай кампазіцыі стаў ураджэнец Віцебшчыны Фёдар Махноў – гэтага чалавека, чый рост быў 285 см, лічаць самым высокім у свеце. Аўтар кампазіцыі Іван Казак расказаў, што ідэя з'явілася каля дзесяці гадоў таму. Першапачаткова планавалася паказаць Махнова разам з жонкай: паводле задумы, велікан нібыта прапаноўваў ёй прысесці на крэсла. Але канчатковы варыянт змяніўся. "Цяпер знакаміты зямляк стаіць адзін, а прысесці на крэсла ён запрашае ўжо гледача. Прапорцыі скульптуры адпавядаюць росту рэальнага правобраза", – падкрэсліў скульптар.
У нядзелю гулянні прадоўжылі спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы: касцюміраваны велапрабег, танцавальныя конкурсы, масавая зарадка і праграма ад чэмпіёна па сілавым экстрыме Аляксандра Булаўкі. Зрабіў разнастайнай праграму другога дня і урбан-арт форум "Прастора". Асноўнай яго падзеяй стаў хакатон на тэму Smart City, дзе сустрэліся ІТ-спецыялісты, дызайнеры, урбаністы і эколагі, каб паразважаць на тэму разумнага горада і паспрабаваць распрацаваць яго канцэпцыю.
Самыя цікавыя кадры 1044-годдзя Віцебска – у рэпартажы са свята горада!